Уладзімір Рыгоравіч Шчасны

 

Уладзімір Рыгоравіч Шчасны

Общество
16.11.2020
3106

Пайшоў з жыцця дыпламат, культурны дзеяч Уладзімір Рыгоравіч Шчасны. Краіна страціла сапраўднага грамадзяніна, а Смаргоншчына – адданага сына. Яму было 72 гады.

Счастный 1.jpg


Уладзімір Рыгоравіч быў чалавекам высокаінтэлектуальным, таленавітым, багата адораным разнастайнымі творчымі здольнасцямі. Цяжка пісаць пра яго ў мінулым часе. Але верыцца, што ўсё зробленае ім на зямлі, знойдзе водгук у душах новых пакаленняў і будзе спрыяць вечнай удзячнай памяці ў сэрцах жывых.

Нягледзячы на самыя высокія пасты і званні, каласальную занятасць, будзь гэта ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла ў Вялікабрытаніі або пасада старшыні Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Уладзімір Рыгоравіч ніколі не забываў пра сваю малую радзіму. Ён наведваўся на Смаргоншчыну, дзе закончыў СШ №2, не госцем і не шлюбным генералам, а клапатлівым, неабыякавым чалавекам. Пры яго непасрэдным удзеле ў ЮНЕСКА знайшліся ў свой час сродкі на праект рэстаўрацыі палаца М. К. Агінскага ў Залессі і распачалося аднаўленне гэтага значнага для гісторыі краю і для сэрцаў беларусаў месца. Пры яго садзейнічанні з Масквы ў Беларусь былі перададзены электронныя копіі з архіву славутага кампазітара і дыпламата. Вяртаючыся на малую радзіму з-за мяжы, Уладзімір Рыгоравіч заўжды прывозіў у якасці падарункаў смаргонскім музеям унікальныя і каштоўныя рарытэты. Па яго ініцыятыве і пры яго непасрэдным удзеле ладзіліся шматлікія выставы.

У літаратурным свеце Уладзімір Шчасны вядомы як аўтар кніг «Художники Парижской школы из Беларуси: эссе, биографии, путеводитель» (2012), «Париж», «Альбатросы», каталогу выстаўкі «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі» (21. 09. 2012 - 14. 01. 2013 у Мінску). Ён - аўтар драматычных твораў, якія пастаўлены Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Я. Коласа і Мінскім абласным драматычным тэатрам. З 1977 года Уладзімір Рыгоравіч працаваў у галіне мастацкага перакладу, ён перакладаў асобныя творы Эдгара По, Эрла Стэнлі Гарднера, з’яўляўся складальнікам зборніка “Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне” (1993 г.).

За сваю актыўную грамадскую дзейнасць і важкі ўносак у папулярызацыю нацыянальнай спадчыны беларусаў Уладзімір Шчасны неаднаразова быў ушанаваны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. У 2009 годзе быў узнагароджаны медалём “Францыска Скарыны” за асабісты ўклад у развіццё і памнажэнне духоўнага патэнцыялу і культурнай спадчыны беларускага гарода.

Нечаканая смерць гэтага актыўнага, пазітыўнага, поўнага надзей і планаў чалавека, стала сапраўдным шокам для ўсіх, хто ведаў яго. Уладзімір Шчасны застанецца ў памяці землякоў назаўжды.


Раённы выканаўчы камітэт. 

Раённы Савет дэпутатаў.