Панкейкі па-амерыканску

 

Панкейкі па-амерыканску

Общество
13.11.2020
1158
З пісьменнікам Маратам Баскіным мы знаёмыя гадоў 40. Калісьці наведвалі пасяджэнні літаратурнага аб’яднання “Купалінка”, якое і сёння існуе пры “Маладзечанскай газеце”. Падчас распаду СССР Марат з сям’ёй з’ехаў у ЗША.

Баскин.jpg


Шмат гадоў пра яго нічога не было вядома. Але, дзякуючы інтэрнету, я даведалася, што мой знаёмы не перастаў займацца літаратурнай творчасцю, яго апавяданні, замалёўкі, казкі, раманы друкуюцца ў рускамоўных, беларускамоўных выданнях, некаторыя перакладзены на англійскую мову. Ён – актыўны аўтар яўрэйскага літаратурна-мастацкага часопіса “Мішпоха”. А яго “Кулінарны раман” – гэта, як піша сам аўтар, не проста кулінарныя рэцэпты, гэта – памяць сэрца, смак часу, напамін аб продках.

З Маратам мы маем віртуальныя стасункі праз “Фэйсбук”. Сёння, са згоды аўтара, я прапаноўваю нашым чытачам раздзел яго “Кулінарнага рамана”, з якога можна даведацца, як выпякаць панкейкі па-амерыканску.

Панкейкі – гэта амерыканскія аладкі. Упершыню мы пачулі пра іх ад сына. Ён прыйшоў са школы і прачытаў нам верш па-англійску, які на беларускай мове гучыць прыкладна так:

Змяшай панкейк,

замясі панкейк,

а потым на патэльню пакладзі,

калі засмажыцца панкейк,

падкінь панкейк

і злаві, калі здолееш.

Прачытаўшы верш, сын дадаў:

- Нас пачаставала настаўніца! Смаката!

У вершы нам усё было зразумела, акрамя слова “панкейк”. Я згадаў беларускае слова пан, а ведаючы, што “кейк” па-амерыканску “торт”, задумліва злучыў у галаве гэтыя словы і атрымаў штосьці неверагоднае:

- Торцік для арыстакратаў!

- Не, не! – замахаў рукамі сын, - гэта не торцік!

- А што? – спыталі мы з жонкай у адзін голас.

Сын падумаў і сказаў.

- Гэта блін. Але не такі, як робіце вы. Галоўнае яго адрозненне ад вашых, што ён робіцца на патэльні без тлушчу і скарыначка яго мяккая і цёмная.

І, паглядзеўшы на мяне, удакладніў, што “pan” па-англійску – патэльня, а не арыстакрат нейкі. – Настаўніца сказала, што ён хутка робіцца. У Амерыцы панкейкі рыхтуюць дзецям на сняданак! І дарослым таксама.

Як заўжды сын ні пра што не папрасіў – гэта яго рыса характару. Але мы зразумелі, чаго яму хочацца на сняданне. Жонка пайшла да суседкі-амерыканкі. Тая адразу патлумачыла, што ў магазіне можна купіць паўфабрыкат і, замяшаўшы яго на вадзе, зрабіць панкейк.

- А калі без паўфабрыкату? – асцярожна спытала жонка.

- Тады трэба тэлефанаваць у Аклахому, - адказала суседка.

- Куды?

- Маёй маці, - удакладніла суседка. – Яна мне з дзяцінства рыхтавала без паўфабрыкату.

Рэцэпт аказаўся зусім простым. Атрымаўшы яго, мы на наступны ранак зрабілі новую страву на сняданак сыну і сабе.

панкейк.jpg


У місцы, дзе жонка замешвае заўжды цеста, яна размяшала венчыкам два яйкі, шклянку малака, дзве сталовыя лыжкі цукру, дробку ваніліну. Потым туды дадала дзесяць сталовых лыжак мукі. Муку, як звычайна, прасеяла праз сіта, каб яна “падыхала” пасля знаходжання ў пакеце. Нарэшце, дадала чайную лыжачку разрыхляльніку (можна замест яго і соду). Перамешваць усё гэты трэба асцярожна, асабліва не напружваючыся, да таго моманту, калі перамяшаюцца ўсе кампаненты. Галоўнае – не даводзіць да клейкасці!

Затым жонка ўзяла невялічкую алюмініевую патэльню (літаральна для аднаго панкейка) з непрыгараючым пакрыццём і разагрэла яе на сярэднім агні. Пасля гэтага сталовай лыжкай паклала цеста: адзін панкейк – дзве сталовыя лыжкі цеста. Як толькі на паверхні цеста з’яўляюцца першыя бурбалкі, панкейк трэба перавярнуць і патрымаць секунд дваццаць. На нарыхтоўку адной штукі патрэбна адна хвіліна. Гатовыя панкейкі выкладваюцца на талерку адзін на адзін, а зверху гэта горка паліваецца мёдам. Можна пасыпаць арэхамі, ягадамі. Як мне казалі, канадцы паліваюць іх кляновым сіропам.

Сын быў вельмі задаволены, калі ўбачыў на стале панкейкі. Яны яму спадабаліся, бо, як ён вызначыў, былі дакладна, як у настаўніцы. А суседка, якую мы таксама пачаставалі, сказала, што яны адназначна як з паўфабрыкатаў. У яе гэта найбольшая пахвальба.

Пераклала Ала КЛЕМЯНОК.