Узрост не выбіраюць, у ім жывуць!

 

Узрост не выбіраюць, у ім жывуць!

Общество
30.10.2020
2823

З надыходам восені ў душы пасяляецца смутак, хваляванні, дрэнны настрой. Але я ведаю аднаго чалавека, які ў любую пару года не губляе аптымізму, цікавасці да жыцця, невычарпальнай энергіі, заўсёды прыўзнятага настрою. Я хачу расказаць аб гэтай  прыгожай, працавітай, дабрасумленнай жанчыне, дарэчы, маёй суседцы, Галіне Іванаўне Драздовіч.

1.png

Галіна Іванаўна – чалавек нялёгкага пасляваеннага лёсу. Яна нарадзілася  і  ўсё жыццё жыве ў сваёй роднай вёсцы Ардашы. У сям’і было трое дзяцей. Усе яны рана пачалі працаваць. Мая суседка ва ўзросце дзесяці год дапамагала сваёй старэйшай сястры даіць кароў на калгаснай ферме. Шмат моладзі працавала тады ў калгасе, успамінае мая гераіня. На працягу чатырох гадоў дзяўчынка ў любое надвор’е: сцюдзёнай, снежнай зімой і золкай восенню - маленькімі дзіцячымі крокамі хадзіла ў пачатковую школу на хутар Ластая ( дарэчы, былая сядзіба знакамітых Ахматовічаў). Сямігодку Галіна Іванаўна скончыла на хутары Вішнёўка. У пасляваенныя гады школы знаходзіліся ў былых панскіх сядзібах. З дзяцінства дзяўчынка вельмі любіла шыць, ткаць, вышываць. Заўважыўшы такую схільнасць, бацькі вырашылі навучыць яе шыць. Калі Галіне Іванаўне было чатырнаццаць гадоў, яна за дзесяць кіламетраў пайшла асвойваць гэта рамяство. Цэлы тыдзень жыла ў швачкі, дапамагала ёй па гаспадарцы ( даіла кароў, карміла свіней, рэзала сечку, гатавала стравы для сям’і), а доўгімі асеннімі і зімовымі вечарамі, пасля сціплай вячэры, пры свеце лучыны яны кроілі тканіну, шылі і спявалі песні.

Мая гераіня ў маладосці была прыгожай, статнай дзяўчынай,  многім юнакам падабалася. Але яе сэрца  выбрала прыгажуна, гарманіста, хутараніна (у тыя часы многія сем’і жылі на хутарах і вялі сваю гаспадарку) Эдуарда Іванавіча Драздовіча. Пасля  вяселля сям’я жыла на хутары Ластая. Там нарадзіўся яе першы сын Сцяпан. Праз некалькі гадоў маладая сям’я пераехала ў вёску Ардашы, трэба было даглядаць старэнькую маці і хворага бацьку. Праз некаторы час ў сям’і нарадзіліся дачка Наталля і сын Аляксандр. Дзеці выраслі разумнымі, адукаванымі, клапатлівымі.

Галіна Іванаўна пражыла шчаслівае сямейнае жыццё. Выраслі дзеці, нарадзіліся ўнукі і праўнукі. Дваццаць два гады таму не стала гаспадара маёй гераіні, доўгія гады адна трымала вялікую гаспадарку: каня, карову, свіней, курэй. Дзеці спраўна дапамагалі сваёй маці. 

Цяпер мая суседка таксама працуе. У хаце заўсёды чыста і прыбрана, дагледжаны падворак, а квятнік - душа гаспадыні. На стале кожны дзень смачныя стравы.  А як яна завіхаецца ля печы! Яе натруджаныя рукі не ведаюць адпачынку. Галіна Іванаўна вельмі заняты чалавек. Нават калі я прыйшла браць у яе інтэрв’ю (каб удакладніць некаторыя падзеі з яе жыцця), жанчына была занята прыгатаваннем страў да юбілею.

2.png

Мая суседка – веруючы чалавек. Кожную нядзелю яна стараецца трапіць у царкву А. Неўскага ў вёсцы Крэва, каб папрасіць у Бога здароўя блізкім людзям. За сваё доўгае жыццё Галіна Іванаўна атрымала шмат узнагарод: грамат, каштоўных падарункаў. Але сваёй лепшай узнагародай жанчына лічыць сям’ю – траіх дзяцей, шасцярых унукаў і двух праўнукаў. І няхай жыццё не заўсёды было радасным, але юбілярша захавала душэўнае цяпло, міласэрднасць, цярпенне. З 80-годдзем Вас, дарагая Галіна Іванаўна! Моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, доўгіх гадоў жыцця. Радуйцеся, атрымлівайце асалоду ад кожнага пражытага дня і заўсёды ўсміхайцеся!

Паліна ДВАРАНСКАЯ, 

вучаніца 8 класа Крэўскай СШ.