Некалькі ўрокаў крэўскай гаворкі

 

Некалькі ўрокаў крэўскай гаворкі

Общество
31.10.2020
2437


Урок другі: “адшчапенцы” ў крэўскай гаворцы

Чалавек “прыяжджомы”, апынуўшыся ў нашых краях і слухаючы “мяйсцовых” (асабліва – старэйшага ўзросту), можа звярнуць увагу, што тыя часам нібыта перакручваюць некаторыя словы, замяняючы ў іх адны галосныя іншымі. Больш уважлівы - прыкмеціць пэўную заканамернасць у гэтай з’яве, і ў яго складзецца ўражанне, што тут існуе цэлая група галосных, якіх па нейкіх прычынах “мяйсцовыя” не любяць і імкнуцца не ўжываць.

Можна прыкмеціць, што ў нашай гаворцы ненаціскны “е” не ў фаворы. Найчасцей замест яго чуецца “я”. Прычым агульнае для беларускай мовы правіла чаргавання галосных “е” і “я” ў залежнасці ад націску (лес – ляснік, снег – снягі…) тут не пры чым. У нас “я” замест “е” чуецца не толькі ў пераднаціскной, але і ў паслянаціскной пазіцыі: “у леся”, “на балоця”, “у Крэвя”, “сьпявая”...

Часам можна назіраць замену “е” на “э”: “васэльля” замест “вяселле”, “газэта” замест “газета”, “кансэрва” замест “кансерва”… Праўда, у дадзеным выпадку мы сутыкаемся не з уласнай заканамернасцю мясцовай гаворкі, а з уплывам на яе з боку польскай мовы, бо і сам гук “э” у нас таксама не ў пашане, і ён можа замяняцца на “а”(“аканомны”, “ашалон”, “атаж” (паверх), “шаравокі”...), на “у”(“цумэнт”, “цумантовы”...), альбо на “о”(“жорці”...) 

Цяпер некалькі заўваг пра ненаціскны “ы”. Калі ён з’яўляецца канчаткам назоўнікаў жаночага роду ў давальным і месным склонах, у нас таксама вымаўляецца інакш. Замест яго кажуць “а”: “жонца”, “у рэцца”, “у скрынца”… Варта заўважыць, што гэта адбываецца толькі ў тым выпадку, калі назоўнік у назоўным склоне заканчваецца на галосны (для параўнання возьмем словы “печка” і “печ”: “у пецца”, “у печы”).

Вельмі часта падобныя дзівосы адбываюцца і з гукам “і”. Часам замест яго таксама можна пачуць зусім іншы - “а”  (не “нагамі”, а “нагама”, не “рукамі”, а “рукама”, не “біклажка”, а “баклажка”...), альбо “я” (не “пані”, а “паня”, не “сваці”, а “свацця”, не “свінні”, а “свіня”, не “посцілка”, а “посцялка”, не “цвікі”, а “цвякі”, не “Мілэйкава”, а “Мялэйкава”, не “раскірачыць, раскірака”, а “раскярэчыць, раскярэка”...). А ў некаторых словах той жа гук “і” нават пад націскам замяняецца на “ё” (не “зусім”, а “зусём”, не “дадзім”, а “дадзём”, не “ядзім”, а “ядзём”…)  І гэта не ўсё! Шэраг магчымых варыянтаў замены гука “і” працягваюць у крэўскай гаворцы “ю” і “у”: “сюкаць”, а не “сікаць”, “праполюс”, а не “праполіс” (ці “пропаліс”), “асустэнт” [“сустэнт”], а не “асістэнт”, “троху”, “трошку”, а не “трохі”, “трошкі”…

Растлумачыць нелюбоў мясцовых жыхароў да гукаў “е”, “э”, “ы” ды “і” вельмі складана. Хтосьці ўгледзіць у гэтай з’яве ўплывы суседніх моў, хтосьці, наадварот, - пачне даказваць, што тое было ўласціва беларускай мове спрадвеку, але пазней, пад уплывам тых жа суседзяў, яна выраклася таго, што адрознівала яе іншых, а гэтая адметнасць не вывелася толькі ў некаторых аддаленых ад бурлівага жыцця мясцінах.

А можа прычына ігнаравання тых гукаў у іншым – у асаблівасцях менталітэту і характару тутэйшых жыхароў. Ну не любяць нашы суровыя людзі лішні раз усмешкападобна крывіць рот, каб вымавіць гукі “е”, “э”, “ы” ці “і”. Мала было нагод у нашых продкаў, каб усміхацца. Усмешка лічылася прыкметай легкадумнасці, пустаты чалавека.

Не выключана таксама, што прычына тут яшчэ больш банальная. Каб здабыць названыя гукі, патрэбна мацней напружваць рот, губы. Жыццё і так нялёгкае, дык навошта і пры размове лішні раз напружвацца. Вось і замяняюць у нас тыя гукі на больш зручныя для вымаўлення “я”, “ё”, “а”, “у” ці “ю”.

Урок трэці: не ў згодзе са слоўнікам

Ёсць словы ў крэўскай гаворцы, якія вельмі бянтэжаць людзей нетутэйшых. Здавалася б, - і ўжываюцца яны па ўсёй Беларусі, і формай сваёй нічым не вылучаюцца. А вось з тлумачальным слоўнікам не ў згодзе: абазначаюць не заўсёды тое, што там падаецца.

Возьмем адно з такіх слоў – “аглядацца”. Тлумачальны слоўнік дае наступнае яго значэнне: азірацца, глядзець, павярнуўшы галаву назад. У нашай жа мясцовасці акрамя гэтага тлумачэння яно мае яшчэ адно - выконваць штодзённую працу па гаспадарцы. Сам працэс выканання работ носіць арыгінальную назву “воглядка”. Напэўна, не будзе перабольшваннем, што крэўскаму слову “аглядацца” знойдзецца па ўсёй Беларусі не менш за сотню іншых дыялектных адпаведнікаў. У кожнай мясцовасці штодзённыя гаспадарчыя клопаты называюць па-свойму: абхадзіцца, упраўляцца, упорвацца, уходжвацца, шатацца…

З агульнаўжывальных слоў, якія ў нашай мясцовасці маюць яшчэ нейкае іншае тлумачэнне, прыйшлі ў галаву наступныя: “абсадзіць” – супакоіць таго, хто моцна ўзбудзіўся, разбушаваўся (“абсесьці” супакоіцца самому), “адняць” – украсці, “адсьвеньціць” – адлупцаваць, “аказацца” і яго сінонім “азнайміцца” – азвацца, адгукнуцца, “акінуць” каго-небудзь – пачаць цурацца, ігнараваць (“Загунурыўся, акінуў нас!”), “акруціцца” ( таксама як і раўназначны па сэнсе фразеалагізм “прыехаць гарачых вуглёў пазычыць”) – затрымацца ў гасцях на вельмі кароткі час, толькі паказацца на вочы, “аперазаць” – ударыць дзягай, “аправіць” – зняць з чаго-небудзь знешнюю абалонку (“аправіць бульбу, яйко”), “байструкі” – дзеці хатняй птушкі ці жывёлы, што вывеліся ўпотай; “выкруціць” – вывіхнуць, “грубая” – цяжарная, “грызьціся” – перажываць, “дабро” – зерне збожжавых культур. “

Майскую кветку пярэсну з “Чырвонай кнігі Беларусі” ў Крэве і ваколіцах называюць “масьлёнкай” (не блытаць з “масьлянкай” – лотаццю). У нас яе можна пабачыць толькі ў адным месцы – на гарадзішчы. Там жа і яшчэ ў некаторых іншых месцах расце “татарка”, кустарнік, іншая назва якога - глог (альбо “баярышнік”, калі казаць па-руску). У тутэйшых лясах можна натрапіць на дзівосны лекавы грыб з даволі непрыемным пахам. Усім ён вядомы як грыб-вясёлка, у нас жа яго завуць “панчошкай”. “Вадзянка” – гэта гатунак вялікай сакавітай слівы.

Слова “спратаць” на першы погляд можа падацца відазмененым рускім “спрятать” (схаваць), аднак у нас яно мае значэнне “недагледзець, згубіць”.

А вось слова “хаваць” у нашай гаворцы – гэта не толькі “скрываць нешта” або “аддаваць зямлі цела нябожчыка”, але і “гадаваць” (калі размова ідзе пра скаціну: “хаваць карову і сьвіней”).

“Мераць” – так называўся комплекс спецыяльных дзеянняў і замоў ад пярэпалахаў.

“Пятухі” – такую назву меў пачастунак ад тых, хто вярнуўся з вяселля, хрэсьбінаў ці якой іншай “гулянкі”, прызначаны для сяброў і блізкіх, якія там не былі. Першапачаткова, ім служылі цукеркі ў форме пеўняў, затым назва перайшла і да ўсяго іншага, чым частавалі, уключаючы гарэлку. 

“Сьвістун” – гэта неабавязкова той, хто любіць свістаць. Так могуць сказаць і ў бок пустога, здольнага схлусіць чалавека. Такую ж назву ў нашай гаворцы мае таксама і пусты арэх.

Словам “лётаць” у нас вельмі часта замяняюць дзеяслоў “бегаць”. Таму слова “паляцець” можа абазначаць не толькі “адправіцца ў палёт”, але і “пабегчы”. Акрамя гэтага, яно можа тлумачыцца наступным чынам: “зваліцца аднекуль” або проста “паваліцца”. Аднакарэнны прыметнік “лятонцы” характарызуе ў нашай гаворцы чалавека жвавага і непаседлівага. Назоўнік “летаніна” на літаратурную мову перакладаецца як “бегатня” або “клопаты, уладжванне спраў”.  Прыслоўе “лятом” – “бягом”ці “хутка”. “Павылятаць” – значыць “павыпадаць” (пра валасы, зубы). Дзеяслоў жа “бегаць” мае тут яшчэ адно значэнне, якое адрозніваецца ад асноўнага. Калі хто-небудзь з мясцовых скажа, што яго карова “ўжо пабегала”, то гэта зусім не значыць, што жывёліна захапляецца спортам або займаецца дзеля падтрымкі формы ранішнімі прабежкамі. Проста, гэта абазначае, што перыяд палавой актыўнасці ў яе паспяхова завяршыўся і праз нейкі час варта чакаць прыплоду.

Слова “паранка” ў літаратурнай мове мае значэнне “параная бульба”. У нас жа так называюць і сырую дробную бульбу, якую захоўваюць асобна ад буйной і якая прызначаецца, у асноўным, для запаркі на корм свойскай жывёле.

Слоўнікавае значэнне назоўніка “катух” - “невялікі хлеў або агароджанае месца ў хляве”. У нас жа такое месца называецца “загарадкай” ці, калі яно прызначаецца для курэй, “куросальнікам”. Катухі ж – гэта аддзелы ў склепе для размежавання розных караняплодаў ці розных відаў бульбы (па гатунках або па назначэнні (для ежы, корму жывёле ці пасадкі)).

І такіх слоў, што ўступаюць часам у канфлікт з тлумачальным слоўнікам, у нашай гаворцы нашмат больш, чым я тут прыгадаў. Так што будзьце ўважлівы, гасцюючы ў Крэве!