Дзе нарадзілася – там і спатрэбілася

Общество
25.10.2020
1305
Вольга Уладзіміраўна Віткоўская нарадзілася ў Смаргоні. Закончыла з залатым медалём СШ №5. Прафесію ўрача атрымала ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Практыку і інтэрнатуру праходзіла ў Смаргонскай цэнтральнай раённай бальніцы. Па размеркаванні вярнулася на сваю малую радзіму. Працавала ўрачом агульнай практыкі ў філіяле ЦРБ мікрараёна Усходні. Замужам. Мае сына Максіма.

Витковская.JPG

Вольга Віткоўская, у дзявоцтве Курчэўская, з ранняга дзяцінства марыла быць урачом. У сям’і медыцынскіх работнікаў не было, ніхто асабліва не хварэў, сама дзяўчынка расла здаровай і моцнай, таму мара быць урачом і лячыць людзей з’явілася неяк спантанна. Першым “пацыентам” быў плюшавы мядзведзь, на якім трэніравалася будучая ўрач.

З цягам часу дзіцячая мара набывала больш выразныя абрысы. Вольга разумела, што для таго, каб рэальна дапамагаць хворым, акрамя добрага сэрца і шчырага жадання, трэба валодаць адпаведнымі ведамі. У набыцці іх у старэйшых класах дапамаглі настаўнікі біялогіі Ларыса Надольская і Святлана Піліпчук, выкладчыца хіміі Яўгенія Грыц. Падчас вучобы ва ўніверсітэце ўзнікла толькі адзінае сумненне наконт выбару спецыялізацыі: рэаніматолаг або тэрапеўт. На сямейным савеце выбар быў зроблены на карысць апошняга.

Напэўна, многія жыхары Усходняга мікрараёна ведаюць Вольгу Уладзіміраўну як выдатнага спецыяліста, а таксама спагадлівага, уважлівага, тактоўнага чалавека. Яна здольна знайсці падыход да кожнага пацыента, супакоіць, растлумачыць, даць слушныя парады. Пэўны час яна паралельна з выкананнем непасрэдных абавязкаў участковага ўрача, займалася арганізацыйнымі пытаннямі, што ўваходзяць у кампетэнцыю загадчыка філіяла. Прычым, спраўлялася з абавязкамі добрасумленна. Напэўна, з гэтай прычыны яе кандыдатура і трапіла ў поле зроку кіраўніцтва ЦРБ, калі стала вакантнай пасада загадчыка раённай паліклінікі.

З 1 кастрычніка Вольга Віткоўская прыступіла да выканання новых абавязкаў. Час даволі складаны, ацяжараны пандэміяй. Таму многаму даводзіцца вучыцца новай загадчыцы. Па яе прызнанні калектыў паліклінікі вельмі прыязна сустрэў новага кіраўніка. Хаця на адаптацыю асабліва часу не было, першыя дні прайшлі ў атмасферы ўзаемаразуменння, падтрымкі. Пры ўзнікненні нейкіх пытанняў, можна заўжды звярнуцца па дапамогу да галоўнага ўрача ЦРБ Віталія Круповіча, яго намесніка Івана Кардзіса, ды і былая загадчыца Ганна Пешкур на пенсію не спяшаецца, працуе ў паліклініцы і заўжды гатова падтрымаць і даць слушную параду.

Ала СТРАШЫНСКАЯ,

фота аўтара.

 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!