Незвычайны музей

 

Незвычайны музей

Общество
21.09.2020
848

У суботу, 19 верасня, ціхім восеньскім ранкам вучні Сыраваткінскага ясляў-сада-базавай школы адправіліся ў чарговае падарожжа.  На гэты раз мы наведалі Музей авіяцыйнай тэхнікі, які размешчаны пад адкрытым небам у в. Баравая недалёка ад Мінска.

Яшчэ здалёк дзеці заўважылі тэхніку, якую раней бачылі толькі на малюнках або як дзіцячую цацку,  – сапраўдныя самалёты! На ўваходзе на тэрыторыю музея нас сустрэў прыветлівай усмешкай лётчык-спартсмен Сяргей Юхневіч, які адразу пазнаёміў нас з правіламі паводзін, а потым правёў вельмі цікавую экскурсію па незвычайным музеі. Чаго мы толькі не пабачылі! Нават пабывалі ў касмічным павільёне, дзе на фотаздымках убачылі ўвесь шлях палёту касмічнага карабля: ад старта ракеты да вяртання касманаўтаў на зямлю. Змаглі нават дакрануцца да сапраўднай капсулы, у якой касманаўты вяртаюцца з космаса.

З вялікай цікавасцю хлопчыкі і дзяўчынкі слухалі аповед экскурсавода пра асаблівасці абсталявання і назначэння  розных самалётаў і верталётаў. Здзіўлялі памеры тэхнікі і яе моц. А колькі эмоцый, хвалявання і ўражання было і ў дзяцей, і ў дарослых, калі нам дазволілі зайсці ў кабіну самалётаў! Кожны змог пабыць у ролі камандзіра экіпажа і яго памочніка, патрымацца за сапраўдны штурвал, пераключаць рычагі, націскаць на кнопкі – адчуць сябе пілотам!

Развітаўшыся з Сяргеем Юхневічам, мы яшчэ доўга хадзілі па тэрыторыі музея, фатаграфаваліся, разглядалі не зусім звычайную для нас тэхніку. А  пасля  наведалі Мінскі заапарк і дынапарк. У дынапарку нас уразілі памеры дыназаўраў і тое, што яны “жывыя”: рухаюцца, свішчаць, крычаць і рыкаюць. А ў заапарку вучні змаглі ўбачыць не толькі экзатычных жывел (іх там больш 400 відаў!), але таксама наведаць тэрарыум, экзатарыум (павільён фаўны Паўднёвай Амерыкі) і нават пакатацца верхам на кані.

Крыху стомленыя, але ў добрым настроі на прыканцы дня мы вярнуліся дамоў.

8.jpg

7.jpg

5.jpg

1.jpg

Людміла РАМАНОЎСКАЯ,

настаўнік рускай мовы і літаратуры

Сыраваткінскіх ясляў-сада - базавай школы.