У НЕБЕ НАД КРЭВАМ

 

У НЕБЕ НАД КРЭВАМ

Общество
15.09.2020
1428

Не сакрэт, што навейшыя дасягненні навукі і тэхнікі выкарыстоўваюцца ў першую чаргу для ваенных патрэб. Вось і ў час Першай сусветнай вайны апошнія заваёвы чалавечай думкі ва ўсю моц эксплуатаваліся ваеншчынай як нямецкага, гэтак і расійскага бакоў. 3 усім гэтым - ад навейшай зброі і магутных ваенна-інжынерных збудаванняў да электрычнасці і атрутных газаў - пазнаёмілася за гады вайны крэўская зямля.

Было і неба сведкай даволі нязвыклай для таго часу з’явы, як паветраныя баі. Спіс тых, хто ў час Першай сусветнай вайны праславіўся ў небе над Крэвам і атрымаў за гэта высокія ўзнагароды, даволі вялікі. Сярод узнагароджаных трапляюцца таксама і ваенныя разведчыкі, якія, рызыкуючы жыццём, ажыццяўлялі з паветра здымкі варожых пазіцый, і карэкціроўшчыкі агню, дзякуючы якім дзеянні артылерыі былі больш удалымі.

Пра адзін бой у небе над Крэвам расказвае ў сваіх успамінах ваенны лётчык Аляксей Туманскі. Гэта было вясной 1917 года. Туманскі з назіральнікам Аптоўцавым на “Фармане-27” выконвалі фатаграфаванне варожых пазіцый на ўчастку Багушы-Крэва. Яны прыкмецілі нямецкі самалёт, які ішоў ім насустрач. Расійскія авіятары падпусцілі самалёт да сябе, зайшлі з тылу і збілі яго першай чаргой выстралаў. Нямецкі апарат крута спланіраваў і, уткнуўшыся носам у зямлю, перавярнуўся за крэўскімі могілкамі. Расійскія лётчыкі, быццам нічога не адбылося, прадоўжылі паветраную разведку.

1.jpg

Нямецкі аэрастат для назірання за полем бою і карэкціроўкі агню артылерыі. Пазіцыі пад Крэвам


1 чэрвеня 1917 года над вёскай Панара можна было назіраць яшчэ адзін яркі эпізод змагання ў паветры, прычым слова “яркі” тут падыходзіць як у пераносным, так і ў прамым значэнні. Ваенны лётчык Грэнадзёрскага карпуснога авіяцыйнага атрада Аляксандр Кваснікаў атрымаў у той дзень заданне знішчыць варожы аэрастат, з якога вялося назіранне за пазіцыямі рускіх. Кваснікаў падняўся ў неба на сваім знішчальніку “Ньюпар”. Нягледзячы на моцны артылерыйскі і кулямётны агонь праціўніка, ён смела атакаваў аэрастат і абстраляў яго запальнымі ракетамі. Ахоплены полымем, нямецкі апарат рухнуў на зямлю. За свой подзвіг Аляксандр Кваснікаў быў узнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4-й ступені.

Ордэн Святога Станіслава 3-й ступені з мячамі і бантам атрымаў у канцы 1916 г. Іосіф Жалязноў “за разведку і фатаграфаванне варожых пазіцый у раёне: Крэва, Гавенавічы, Мыса, Наваспаск.”

“За фатаграфаванне ў раёне Крэва 25 лістапада 1916 г.” ордэнам Св. Уладзіміра з мячамі і бантам быў узнагароджаны Грыгорый Фамагін.

Георгіеўскую зброю атрымаў Грыгорый Арлоў “за тое, што 6-га і 17-га студзеня 1917 г., кіруючы паветраплавальным апаратам, пад моцным і дзейсным стрэльбавым і артылерыйскім агнём непрыяцеля, нягледзячы на моцны вецер і мароз, ад якога змерзлі бензаправодныя трубкі задняга бака, і відавочную небяспеку для жыцця, даў магчымасць назіральніку-афіцэру ажыццявіць фатаграфаванне першай лініі непрыяцельскай пазіцыі ў раёне Смаргонь-Крэва”. Аналагічную ўзнагароду – Георгіеўскую зброю – атрымаў і сам назіральнік-афіцэр Уладзімір Брашаван.

У розныя часы Георгіеўскай зброяй за выдатна праведзеныя здымкі варожых пазіцый у раёне Крэва, а таксама за ўдалую карэкціроўку стральбы артылерыйскіх батарэй былі ўзнагароджаны палкоўнік Іван Бардоўскі, штабс-капітаны Іван Паўлаў і Іван Кежун, паручнік Мікалай Ганчароў, падпаручнік Мікалай Рахманінаў (родны брат кампазітара Сяргея Рахманінава).

Пра подзвіг экіпажа паветранага карабля “Ілля Мурамец”, здзейснены ў небе крыху на захад ад Крэва, варта расказаць асобна.

2.jpg

Магіла экіпажа “Іллі Мурамца- ХVI” 


На 25 верасня 1916 года 3-му баявому атраду паветраных караблёў “Ілля Мурамец”, які на гэты час размяшчаўся ў в. Мясата каля Маладзечна, была пастаўлена задача ажыццявіць налёт на Баруны пад Крэвам з мэтай бамбардзіроўкі размешчаных там інтэнданцкіх і артылерыйскіх складоў, аэрадрома і штаба 89 германскай рэзервовай дывізіі. На выкананне задання накіраваліся два магутныя бамбардзіроўшчыкі “Ілля Мурамец” (ІМ-Кіеўскі і ІМ-ХVI) і некалькі больш дробных самалётаў-знішчальнікаў. Экіпаж “Іллі Мурамца-Кіеўскага” ў складзе палкоўніка Іосіфа Башко (камандзір), капітана Георгія Бойе, падпалкоўніка Аляксандра Навумава і капітана Барыса Горна выдатна выканаў сваю задачу: скінутымі з паветранага карабля бомбамі была нанесена адчувальная шкода праціўніку.

Бамбардзіроўка працягвалася больш за 10 мінут, пакуль не былі выкарыстаны ўсе боепрыпасы. Паліва таксама было на зыходзе, і Башко накіраваў свой самалёт у зваротны шлях. І толькі ў гэты момант над Барунамі з’явіўся “Ілля Мурамец- ХVI”, экіпаж якога складаўся з чатырох чалавек – паручнікаў Дзмітрыя Макшэева, Алега Карпава, Фаруха Гаібава і Мітрафана Рахміна. Такое спазненне тлумачылася наступным: пасля вылету былі заўважаны няспраўнасці ў адным з рухавікоў самалёта. Камандзір карабля Макшэеў прыняў рашэнне вярнуцца на аэрадром, але Алег Карпаў узяўся выправіць сітуацыю. Рызыкуючы жыццём, ён выбраўся на крыло і на ляту ажыццявіў рамонт. Такім чынам, хоць і са спазненнем, “Ілля Мурамец- ХVI” дасягнуў мэты свайго палёту і прыступіў да завяршэння справы, распачатай экіпажам Башко.

У час выканання задання расійскі самалёт быў атакаваны чатырма варожымі знішчальнікамі. Расійскі знішчальнік, які суправаджаў “Іллю Мурамца”, быў выведзены са строю, і членам экіпажа бамбардзіроўшчыка прыйшлося самім адстрэльвацца з кулямётаў. У ходзе паветранага бою тры нямецкія самалёты былі збіты расійскімі авіятарамі. Аднак і “Ілля Мурамец” быў пашкоджаны. Ён упаў на зямлю, а лётчыкі загінулі.

Уражаныя мужнасцю расійскіх герояў, немцы пахавалі іх з пашанай. Пазней у нямецкай газеце быў надрукаваны здымак іх магілы. На ёй быў пастаўлены праваслаўны крыж з надпісам: “Тут ляжаць чатыры рускія лётчыкі, якія гераічна загінулі падчас паветранага бою 25 верасня 1916 г.” Побач з крыжам немцы змясцілі радыятар і некаторыя іншыя ўцалелыя часткі самалёта.

Вельмі ўражвае, з якой павагай аднесліся немцы да вайскоўцаў варожага боку, што загінулі, выконваючы свае баявыя задачы. Не ведаю, ці былі выпадкі, каб такім жа чынам ушаноўвалі гераічную гібель сваіх праціўнікаў рускія, аднак вядомы прыкры выпадак зусім адваротнага, калі тыя па-дзікунску абышліся з загінулымі, прычым са сваімі ж саслужыўцамі. Гэта таксама адбылося пад Крэвам і таксама з авіятарамі.

9 ліпеня 1917 г. лётчык прапаршчык Мітрафан Паўленка і назіральнік паручнік Георгій Бокій пры нізкай воблачнасці і на невялікай вышыні праводзілі разведку пярэдняй лініі акопаў праціўніка і іх бліжэйшага тылу па маршруце Адампаль-Валожын-Дайноўка-Лоск-Крэва. У раёне Лоск-Дахны іх самалёт быў абстраляны ружэйным і кулямётным агнём, пасля чаго ён стаў зніжацца, спрабуючы выбраць пляцоўку для пасадкі. Ля вёскі Кунцаўшчына яго, не разабраўшыся, пачалі абстрэльваць салдаты з рускага боку. Самалёт, зачапіўшыся за дрэвы, упаў на зямлю. Лётчыка знайшлі забітым куляй у сэрца. Назіральнік жа, выкінуты з гандолы, знаходзіўся за сто крокаў ад самалёта і падаваў слабыя прыкметы жыцця. Праўда, пашкоджанні ў яго былі вельмі цяжкімі, і ён таксама хутка памёр.

3.jpg

Члены экіпажа “Іллі Мурамца- ХVI” (сядзяць у першым шэрагу) з аднапалчанамі ля свайго самалёта. Жнівень 1916 г.


Самае страшнае ў гэтай гісторыі не тое, што рускія абстралялі свой самалёт, памылкова прыняўшы яго за варожы, а зусім іншае. Як вядома з данясенняў аб здарэнні, забітыя лётчыкі былі абрабаваны сваімі ж саслужыўцамі: у Паўленкі знік гадзіннік, грошы (каля 400 рублёў), залаты крыжык і некаторыя іншыя рэчы, у Бокія – 100 рублёў і каска. Салдаты спрабавалі нават украсці боты і курткі, але каравул, які падышоў, загадаў спыніць марадзёрства.

Аляксандр КАМІНСКІ.