Дакрануцца да нябачнага

 

Дакрануцца да нябачнага

Общество
12.09.2020
567

У мінулыя выхадныя сталіцай ХХVII Дня беларускага пісьменствам сталі Бялынічы. Штогод свята ладзіцца ў новых гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, даўніх цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання.

2.jpg

Традыцыйна гэта свята адзначаецца і ва ўстановах адукацыі. У сярэдняй школе №1 прайшлі цікавыя мерапрыемствы: кніжныя выставы, бібліятэчныя ўрокі, завочныя экскурсіі ў мясціны, звязаныя з лёсам вядомых пісьменнікаў. Тыдзень беларускага пісьменства і друку распачаў урок ведаў “Я вырас тут, і край мне гэты дарагі”. Вучні пятых класаў здзейснілі вандроўку ў далёкае мінулае: даведаліся, як узнікла пісьменства, якія помнікі пісьменства дайшлі да нашых дзён, якой была ў старажытнасці кніга. Вучні дзяліліся сваімі ўражаннямі пра творы, якія закранулі іх душу, пра любімых кніжных герояў.

Вучні 10 і 11 ”А” класаў падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Светлы ж след будзе вечна жывым”, прысвечаную класіку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу. Розныя жыццёвыя цяжкасці (маці памерла, калі Максіму было пяць гадоў, потым сам цяжка хварэў) не сталі перашкодай у станаўленні беларускага паэта, публіцыста, перакладчыка. Паэтычны дар Максім Багдановіч пераняў ад сваёй прабабулі Рузі Осьмак, а веды па літаратуры, гісторыі, этнаграфіі і фальклору беларускага народа атрымаў ад свайго бацькі, навукоўца Адама Багдановіча.

На імпрэзе вучні гаварылі аб незвычайным літаратурным таленце паэта, чыталі яго вершы, а таксама іншых беларускіх пісьменнікаў, якія прысвяцілі свае творы Максіму Багдановічу, слухалі песні “Слуцкія ткачыхі”, “Зорка Венера”. Была прадстаўлена прэзентацыя і цікавы аповед пра каханне Багдановіча да Ганны Кукуевай. На сустрэчы вучні змаглі яшчэ раз дакрануцца да культуры род- нага краю, ацаніць прыгажосць і багацце роднай мовы.

Марыя ГРЫНЧУК,

Марыя КУЗЬМІЧ,

настаўніцы беларускай мовы і літаратуры СШ №1.