Данюшаўскі маёнтак

 

Данюшаўскі маёнтак

Общество
22.08.2020
764

Ваенныя ліхалецці і нядбайнае стаўленне да сваёй культурнай спадчыны пазбавілі нас многіх каштоўных помнікаў дойлідства. Людзьмі і часам былі зруйнаваны ў нашым краі матэрыяльныя аб’екты, гісторыя існавання якіх налічвала не адно стагоддзе. Да такіх цікавых помнікаў можна аднесці комплекс разнастайных пабудоў маёнтка Данюшава, ад якога на сённяшні дзень захаваліся толькі два мураваныя слупы ад брамы.

4.jpg

Заснаванае ў глыбокай старажытнасці паселішча, мела наступны выгляд: адразу за правабярэжным невялікім прытокам да Віліі размяшчаўся данюшаўскі маёнтак, за ім знаходзіўся касцёл, а далей раскінуліся пабудовы вёскі. Дакладна такі ж план даўней мелі суседнія Жодзішкі. Першыя звесткі пра стан маёнтка адносяцца да першай паловы 16 стагоддзя, калі ён належаў гетману ВКЛ, полацкаму ваяводу Янушу Кішку.

З інвентара 1640 года можна даведацца, што данюшаўскі двор быў агароджаны частаколам і меў тры брамы. Галоўная складалася з двух паверхаў і двух камор па баках, была абкружана ганкам з балясамі. З правага боку ад уваходу стаяў вялікі дом з жылымі пакоямі, залай для прыёму гасцей. З другой залы адкрываўся від на Вілію. На сценах пакояў віселі карціны, падлога была выкладзена з цэглы, печы абкладзены каляровай кафляй, столь і сцены ўпрыгожвалі размалёўкі. Побач з домам знаходзіўся сад, які быў засеяны зёлкамі ў выглядзе герба ўладальніка.

З левага боку размяшчаўся другі жылы дом, перад якім стаяў “цынкавы компас” – сонечны гадзіннік, з намаляванымі на ім рознымі дзяленнямі і планетамі. На падворку пазначана таксама кухня з броварам, тры свірны і пякарня. Каля рэчкі прытулілася хата на мураваных слупах, а побач з ёю лазня. У гаспадарчай частцы маёнтка знаходзілася іншае жыллё, а таксама гумны, пуні, хлявы, вазоўня, абора… Варта адзначыць і такі цікавы факт, што некаторы час у сядзібным доме “над залай” існавала хатняя каплічка.

З вядомых мне фотаздымкаў пачатку мінулага стагоддзя можна зрабіць выснову, што вялікая гаспадарка маёнтка ў перабудаваным выглядзе захавалася і, магчыма, на тых самых месцах. Сярод будынкаў асабліва вылучаўся двухпавярховы свіран з галерэямі, сапраўдны помнік народнага дойлідства.

У розныя часы Данюшава належала Кішкам, Пацам, Кошцыцу, з 1728 па 1774 гады з’яўлялася ўласнасцю іезуітаў. Пасля скасавання іезуіцкай місіі, па прывілею 1776 года польскага караля Станіслава Аўгуста, гэта мясціна была належала падкормію Кліманскаму. Пасля яго смерці перайшла яго спадчыннікам. Праз унучку Станіславу (па мужу Чарноўскую) паселішча стала належаць Чарноўскім. Па звестках за 1905 год маёнтак Данюшава складаўся з 1492 дзесяцін зямлі, пражывала ў ім 9 чалавек, уваходзіў у Дубатоўскую воласць Свянцянскага павета. Памешчыца таксама валодала фальваркамі Гарыдзеняты, Дзевятні і Працуты.

Падзеі Першай сусветнай вайны не нанеслі вялікай шкоды будынкам маёнтка, бо сядзіба была прыстасавана пад штаб нямецкай 3-й  рэзервовай пяхотнай дывізіі, добра ахоўвалася. Толькі значна пацярпела гаспадарка, якую трэба было хутка ўзнаўляць у пасляваенны час. З гэтай мэтай новая ўладальніца маёнтка Марыя Керсноўская спачатку пачала развіваць жывёлагадоўлю, вытворчасць малака і масла. У Данюшаве стварылі сельскагаспадарчы гурток, кола кантролю якасці малака, арганізавалі малочны кааператыў. У 1932 годзе М. Керсноўскай належаў статак кароў (46 галоў). Але з надыходам сусветнага эканамічнага крызісу, пагаршэннем кан’юнктуры на рынку малака і масла, у наступныя гады яе статак скараціўся амаль напалову.

Каб палепшыць стан сваёй гаспадаркі, у 30-я гады мінулага стагоддзя ўладальніца данюшаўскага маёнтка летам пачала прымаць на адпачынак гараджан, зрабіла  стаўку на развіццё агратурызму. Тагачасная рэклама лецішча-пансіяната ў Данюшаве дае ўяўленне пра тыя выгоды, якія прадстаўляліся тут гасцям. Адпачываючыя маглі карыстацца лодкамі і каякамі, на якіх выпраўляліся ў вандроўкі па Віліі і Нарачанцы. Валейбольная пляцоўка, тэнісны корт і пінг-понг прымалі ўсіх, хто займаўся спортам. Культурна-забаўляльны адпачынак забяспечвалі бібліятэка, піяніна, радыё, патэфон. Для жадаючых – паляванне і рыбная лоўля.

У новым галоўным доме, дзе мелася ванна і прыбіральня з каналізацыяй, а таксама харчаванне разам з пакоем каштавалі ад 4 да 4,5 злотых за дзень. У доме побач  – ад 3,5 да 4 злотых, у залежнасці ад колькасці пражываючых у адным пакоі. Харчаванне было арганізавана 4 разы на дзень: сняданак, абед, падвячорак і вячэра. У сезон дадаваліся ў рацыён ягады і садавіна. Пансіянаты ў Данюшаве, Тупальшчыне і Залессі былі самымі папулярнымі месцамі адпачынку ў нашым рэгіёне. У міжваенны час маёнтак з’яўляўся значным па памерах паселішчам. Па статыстычных дадзеных за 1931 год у ім знаходзіліся 4 жылыя пабудовы, пражывала 62 чалавекі, а яго ўладальніца валодала 200 гектарамі зямлі.

Грамадска-палітычныя зрухі пасля 1939 года закранулі жыццё насельнікаў панскага двара, бо яго маёмасць была нацыяналізавана.  Гаспадарчыя пабудовы перад вайною выкарыстоўваліся для ўтрымання зняволеных, якія працавалі на пабудове Святлянскага аэрадрома. З затоеным жалем і болем пра гэты перыяд гісторыі мясцовыя старажылы ўспаміналі супрацоўніцы Смаргонскага краязнаўчага музея Надзеі Маркавай. Успаміны апублікавалі ў раённай кніге “Памяць”. У гады апошняй вайны маёнтак быў спалены. Частка брамы, якая захавалася, - быццам вяршыня айсберга, сёння яна нагадвае пра тую багатую і разнастайную спадчыну, якая схавана пад покрывам шматвекавой гісторыі.

Уладзімір ПРЫХАЧ.