“Такі там і музЫка, калі з яго хлеб невялікі”

 

“Такі там і музЫка, калі з яго хлеб невялікі”

Общество
19.08.2020
1322

На свой лад перайначыў вядомы выраз 83-гадовы Станіслаў Гоіч з Круняў. У 15 гадоў ён, цымбаліст-самавучка, на танцах пачаў зарабляць свае першыя грошы. Менавіта мУзыка карміла хлебам яго сям’ю.

“Мы жылі ўчатырох: мама, тата, я і сястра-інвалідка. Бацькі ў калгас хадзілі. Але што ў пачатку 50-х калгасы давалі? Лічы, нічога, - кажа Станіслаў Іванавіч. - А музыкам за танцы плацілі. Праўда, акардэаністу два рублі за вечар, а мне – рубель. Зараблю – і еду ў Смаргоні ці ў Вілейку па хлеб.

А пазней, калі ажаніўся, стаў галавой сям’і, кармільцам, хату пабудаваў за музыку”.

Рэпетыцыі на дыстанцыі

з жонкай.jpg

з жонкай 1.jpg

Родны дзядзька Стася Антон Гакуць, які жыў у Пагарэльшчыне, быў цудоўным сталяром. Рабіў розныя “цуды” з дрэва і нават цымбалы майстраваў на продаж. Адзін такі інструмент даў пакарыстацца пляменніку. Неўзабаве Стась сам асвоіў цымбалы і разам з аднавяскоўцам, акардэаністам Юзафам Буйноўскім, які быў нашмат старэйшы за хлопца, граў на танцах.

Рэпетыцыі ў дуэта былі адмысловыя. Дыстанцыйныя, сказалі б цяпер. Летнімі вечарамі прыганялі кароў з поля, калі на вуліцы было яшчэ светла, таму жывёлу кожны дапасаў каля сваёй хаты. Стасю было даручана назіраць за рагуляй. У гэты час яго напарнік выходзіў у свой двор з акардыёнам і пачынаў перабіраць ноты, наігрываць мелодыі. А Стась у сваім двары лавіў пачутае - і падстройваўся з цымбаламі. Адзін нюанс: Юзаф жыў за кіламетр ад Стася…

“На цымбалах я граў да 1957 года, потым у армію пайшоў. Калі вярнуўся, мой напарнік з’ехаў у Польшчу, - успамінае музыка. - Яшчэ трохі я на цымбалах пайграў і стаў баян ды акардыён асвойваць. Па дапаможніку вучыўся і да арганіста Мечыслава Станкевіча ў Войстамскі касцёл хадзіў”.

- Я граў толькі з самымі лепшымі мясцовымі музыкамі. Пасля арміі – з гарманістам Браніславам Вераб’ём, які жыў у суседняй вёсцы Целякі.  Гадоў з дванаццаць з ім у пары быў, пакуль не памёр Бронька.

Тады стаў граць са сваім цёзкам – скрыпачом Станіславам Іванавічам Вераб’ём, які таксама з Целякоў. Але Верабей меў яшчэ аднаго пастаяннага напарніка – Болюся Мізулу. Калі Стась не мог, тады Аркадзя Кабака з Укропенкі клікаў да сябе. Увогуле, скрыпачоў у нашым баку было шмат, але Стась і Аркадзь былі сапраўднымі “профі”, - адзначае Станіслаў Іванавіч.

вяселле.jpg

Болей як на 300 вяселлях, а яшчэ на танцах, сямейных святах і проста для душы граў самабытны музыка. Даводзілася і далёка на вяселлі ездзіць. Некалькі разоў пад Брэст, пад Мінск, у Вілейку, Свір, па Смаргоншчыне. Звычайна жаніхі былі мясцовыя, а нявесты - з розных куткоў Беларусі.

Мяхі на акардэоне расцягваць – не з бульбай цягаць?

IMG_4653.JPG

“Некаторым падаецца, што няма лягчэйшай работы, як граць на акардэоне. Ціскай сабе на клавішы – ды нагой прытопвай. Мяхі ж на акардэоне расцягваць – не  тое, што з бульбай цягаць, - разважае Станіслаў Іванавіч. - Дык вось не! Работа музыкі фізічна цяжкая. Асабліва вясельнага. Бывала, за тры-чатыры дні так найграешся - рук не чуеш, нямеюць. Вось гэты акардэон (паказвае – аўт.) важыць 21 кілаграм. Пацягай вечар – ці лёгка?

IMG_4633.JPG

А яшчэ многія лічаць, што ўсе музыкі – п’яніцы. Цяжка не спіцца, - згаджаецца мой суразмоўца. - На кожным вяселлі ў мяне была магчымасць добра “закуліць”. Заўсёды знаходзіліся тыя, хто прапаноўваў чарку. Але маё стаўленне да спіртнога было катэгарычным: які ты музыка, калі нап’ешся, каму патрэбны? Чарачку для настрою – можна. Не больш. За ўсё жыццё я ні разу не напіўся, таму мая жонка ўва мне была ўпэўнена, і іншыя жонкі сваіх мужоў-музыкаў спакойна адпускалі са мной на вяселлі”.

Цікаўлюся, што звычайна заказвалі сваты падчас “маршоў” ды танцаў. “Розныя вальсы, полькі, кракавяк, падыспань, факстрот, “нарэчанька”, папулярныя на той час песні, у тым ліку і з кінафільмаў… - пералічвае Станіслаў Іванавіч. - Полька “Петраградка” – калі яе не зграеш, то ты - не музыкант, барахло. Жартаўлівы вальс “Афіцыянтка” – таксама не кожны пра яго ведаў. А трэба ведаць, бо гэта ж твой заробак. Аплата за вяселле была розная. Калі сватоў мала, то плаціў жаніх. Калі шмат – гралі “за маршы”. Праўда, існавала традыцыя, калі музыка адорваў маладых. Пасля таго, як усе госці паднеслі свае прэзенты, музыка дарыў жаніху і нявесце пэўную суму грошай – каб сям’я была добрая”.

Пяцьдзясят рублёў – за паланэз

IMG_4637.JPG

Прыпомніў Станіслаў Іванавіч, як аднойчы за адну кампазіцыю зарабіў пяцьдзясят рублёў. На вяселлі нейкі фанабэрысты сват дастаў дзве “дваццацьпяткі” і кажа:

- Выканаеш мой заказ – забірай грошы.

- Добра падумаў? Бо калі сыграю, грошы не вярну! – парыраваў у адказ Гоіч.

Сват быў упэўнены, што вясковы музыка – “лапух”, не можа ведаць яго музыкі.  Станіслаў Іванавіч яшчэ раз перапытаў:

- Ну, што - не перадумаў з заказам і аплатай?

- Не!

- Заказвай!

- Паланэз Агінскага!

І Гоіч сыграў яму вядомы паланэз “Развітанне з Радзімай”. Усе аж раты разявілі.

- Ну, - кажа музыка, - як дамаўляліся, назад ужо грошы не возьмеш…

Далей разыгралася такая камедыя – ні ў адным тэатры не ўбачыш: жонка таго свата стала біць, ён – адбівацца. Ледзь супакоіліся. От людзі рагаталі.

“Кампазіцыя “Развітанне славянкі” стала своеасаблівым гімнам “да пабачэння” на вяселлях, - зазначае Станіслаў Іванавіч. - Нават займела некалькі значэнняў. Развітанне з бесклапотнай маладосцю, з халасцяцкім жыццём. І развітанне з гасцямі: сыграў “Славянку” – усё, едзь дахаты”.

Апошняе “Развітанне славянкі” Стась сыграў на вяселлі ў 1982 годзе. Ужо ў 70-х гадах ХХ стагоддзя з’явіліся модныя вакальна-інструментальныя ансамблі, але і пра самабытных музыкаў часам успаміналі.

Мікс баяна з акардэонам

“Столькі танцаў адыграў, а сам танцаваць і не навучыўся, - нечакана прызнаўся мой суразмоўца. – Але калі танцор не ў такт скакаў, то я збіваўся. А вось нагой паддаваць, як робяць іншыя музыкі, мне не трэба. Ніколі гэтага не рабіў”.

Дзесяць гадоў таму памерла жонка музыкі – і гранне на сямейных святах скончылася. Па-ранейшаму на дні нараджэння госці за сталом збіраюцца, але няма ні танцаў, ні спеваў. Толькі для сябе музыка акардэон дастае. Ды для тых, хто ў этнаграфічныя экспедыцыі да яго прыязджае.

“Ноты я трохі ведаю, але на слых мне лягчэй мелодыю падабраць, чым па нотах сыграць, - зазначае мужчына. - Калі мне падабаецца мелодыя, яна адразу тут (паказвае пальцам на лоб), калі не – нават у галаву не лезе. Часам гляджу тэлевізар, чую мелодыю, падабаецца – саджуся і граю”.

трактар.jpg

Больш за сорак гадоў Станіслаў Іванавіч адпрацаваў у мясцовым калгасе трактарыстам. Летам – абавязкова за штурвал “Нівы” станавіўся. На час жніва акардэон заціхаў.

IMG_4623.JPG

Інструмент свой музыка заўсёды сам рамантаваў. І цяпер робіць нейкі незвычайны мікс баяна і акардэона. Запрашаў нас зноў прыехаць.

Чатыры гады таму Станіслаў Іванавіч перажыў інсульт. “Мог даўно ляжаць у “скрыні”, - кажа мужчына, - але дзякуючы акардэону, музыцы, акрыяў”. Паступова ўзнавіў тонкія рухі ў пальцах рукі, артыкуляцыю, псіхалагічны настрой. Мужчына ўпэўнены, што музыка не толькі забаўляе, але і творыць цуды, аздараўляе. У ёй – вялікая, хоць і нябачная воку, сіла!

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.