У сузор’і пражытых гадоў

 

У сузор’і пражытых гадоў

Общество
14.08.2020
1581

“На шкадуйце пра тое, што старэеце, – многім у гэтым было адмоўлена. Жыццё даецца ўсім, а старасць – выбраным”, – “зорка” савецкага кіно і тэатра Вольга Аросьева ўмела цаніць кожнае імгненне жыцця. Дарэчы, пражыла актрыса 87 гадоў. А наш герой публікацыі, Генадзь Новік, 13 жніўня адзначыў 95-гадовы юбілей.

Нарадзіўся Генадзь Іпалітавіч у вёсцы Наваспаск. Сям’я была вялікая: бацькі выхоўвалі сямёра дзяцей. Яго бацька – Іпаліт Пятровіч – працаваў фельчарам, быў вопытным спецыялістам. Шмат людзей паставіў на ногі пасля Першай сусветнай вайны. Маці Эмілія Карлаўна была яго памочніцай ва ўсім, у тым ліку і ў лячэнні людзей. Сям’я таксама мела зямлю, вялікую гаспадарку. Дзеці разам з бацькамі шмат працавалі. Генадзь з ранніх гадоў пачаў асвойваць сялянскую працу: касіць, араць, даглядаць жывёлу…

Вялікая Айчынная вайна перакрэсліла звыклы лад жыцця многіх людзей, у тым ліку і сям’і Новік. Два браты Генадзя Іпалітавіча пайшлі на фронт. Гаспадарка легла на плечы юнака і яго сясцёр.

Як толькі вызвалілі Маладзечна, Генадзь пайшоў працаваць на чыгунку. Вайна працягвалася. Варожыя самалёты пастаянна бамбілі стратэгічна важную вузлавую станцыю Маладзечна, каб спыніць пастаўкі на фронт узбраення, тэхнікі, харчавання. Дарогу даводзілася ўвесь час узнаўляць. Гэтым займаўся і малады Генадзь Новік.

Юбіляр успамінае, як пасля бамбёжак рэльсы ўздыбліваліся  і стаялі гнутымі  сталбамі па дзесяць метраў у вышыню. Відовішча не для слабых нерваў. І адразу паступаў загад аб узнаўленні чыгуначнага палатна. Работа не спынялася ні на хвіліну. Пасля авіяналётаў работнікі чыгункі ўмудраліся захаваць паравозы і вагоны – хавалі іх у лесе. Мелі людзі страху…

IMG_3020.JPG

Скончылася вайна. Генадзь Іпалітавіч яшчэ больш за сорак гадоў шчыраваў на чыгуначнай магістралі. Спачатку на станцыі Маладзечна, а потым у Смаргоні вагаўшчыком, старшым вагаўшчыком і складальнікам цягнікоў. Яго працавітасць, адказнасць і прафесіяналізм шматразова адзначаліся ўзнагародамі ад Беларускай чыгункі.

Двое дзяцей, чацвёра ўнукаў і тры праўнукі – выдатны працяг роду Новікаў і галоўны скарб нашага юбіляра.

IMG_0490.JPG

У дзень юбілею да Генадзя Іпалітавіча завіталі госці: старшыня раённага Савета ветэранаў Уладзімір Касакоўскі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Зоя Крачкоўская і намеснік дырэктара УТЦСОН “Цёплы дом” Людміла Алехна. Падарункі і шчырыя словы віншавання падрыхтавалі яны для шаноўнага юбіляра.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.