Сувеніры і добры настрой ад “Іскры”

 

Сувеніры і добры настрой ад “Іскры”

Общество
08.08.2020
499

Не першы год пры вучэбна-педагагічным комплексе “Жодзішкаўскі яслі-сад - сярэдняя школа” працуе вучнёўская бізнес-кампанія.

IMG_0400.JPG

Адным з накірункаў дзейнасці дзяцей была і застаецца сувенірная прадукцыя: паштоўкі, календары, магніцікі з выявамі мясцовых брэндаў. У мінулым навучальным годзе па ініцыятыве настаўніцы абслугоўваючай працы Марыны Арцюкевіч асартымент сувеніраў значна пашырыўся.

Цяпер пры вырабе сувеніраў робіцца акцэнт на экалагічна чыстыя натуральныя матэрыялы. Вучні вырабляюць арыгінальныя шкатулкі з ільняных нітак і саломы. У дбайных дзіцячых руках шклянкі з-пад касметыкі ператвараюцца ў адмысловыя куфэрачкі, упрыгожаныя льняной пражай, іншыя вырабы рукадзелля і прадметы дэкору. А яшчэ ў невялічкай краме пры школьным краязнаўчым музеі можна набыць арома-мяшэчкі, духмяныя падушачкі з пахам лекавых траў для ароматэрапіі.

Кіраўнік узорнага калектыву “Нальшчаначка” Кацярына Дудзінская са сваімі вучаніцамі не толькі выконваюць аўтэнтычныя песні і танцы, але ткуць на самадзельных ткацкіх прыстасаваннях паясы і іншыя ўпрыгожванні з народнай сімволікай. Усё гэта карыстаецца попытам у турыстаў, наведвальнікаў музея.

IMG_0394.JPG

Яшчэ адзін накірунак дзейнасці школьнай бізнес-кампаніі – забаўляльныя праграмы ад удзельніц узорнага калектыву “Нальшчаначка”. Калі хто хоча падняць настрой родным і блізкім на свята, у юбілей, у дзень народзінаў, то дапамагчы бяруцца выхаванкі Кацярыны Дудзінскай – юныя артысткі гурта “Нальшчаначка”.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.