Самы выгадны дэпазіт

 

Самы выгадны дэпазіт

Общество
03.08.2020
1042

У часы трывожныя, нестабільныя кожны з нас шукае магчымасці засцерагчыся на так званы чорны дзень. Адны лішкі фінансаў пераводзяць у валюту, другія – у золата, трэція – набываюць акцыі. І толькі той, хто здольны прадбачыць жыццё на дзесяцігоддзі наперад, робіць стаўку па вышэйшаму рахунку: укладае сродкі ў выхаванне і адукацыю сваіх дзяцей.

IMG_9638.jpg

Напэўна, гэта было каханне з першага погляду. Праўда, сёння ні Саша, ні Вольга так не думаюць. Але ж цяпер яны глядзяць на сябе ранейшых з улікам набытага вопыту. Хаця момант, калі на педсавет прыйшла новая настаўніца англійскай мовы Вольга Сяргееўна, трывала ўрэзаўся ў памяць матэматыка Сольскай школы Аляксандра Мар’янавіча Дуксы. Вясёлы нораў, знешняя прывабнасць і незвычайны пазітыў дзяўчыны зачаравалі яго. Знайшоўшы повад, ён напрасіўся ў праважатыя. Так і падводзіў кожны раз на працягу года - спачатку да цягніка, пазней да кватэры, дзе Оля здымала пакойчык. А затым прыехаў у сваты да яе бацькоў. Некаму магла б не спадабацца такая старамоднасць ухажора. А вось Вольга ацаніла гэты крок як добрае традыцыйнае хрысціянскае выхаванне. Інтуіцыя падказала, што з Сашам ёй будзе надзейна. І справа не толькі ў розніцы ў гадах ды ў валізках жыццёвага вопыту. Ёй спадабалася тое, з якой павагай ставіцца ён да яе, да бацькоў, наогул да людзей. Яны не проста распісаліся, а павянчаліся ў касцёле, хаця нявеста належала да іншай канфесіі.

Нішто так не злучае сям’ю, як агульны клопат пра сваіх нашчадкаў. Калі нарадзілася першая дачушка, Саша стаў насамрэч ідэальным татам. Ён вельмі хацеў мець сваіх дзяцей, і Каця стала найвялікшым шчасцем для яго. Маладая мама якраз заканчвала Лінгвістычны ўніверсітэт, і сям’я часова пераехала на здымную кватэру ў Мінск. Зразумела ж, хатнія абавязкі і клопат пра немаўля лёг на плечы таты. А ён не спрачаўся, а здаецца, наогул, атрымліваў найвялікшую асалоду ад гэтай новай адказнай місіі.

Ці не таму, што яны педагогі, прычым з грунтоўнымі ведамі псіхалогіі ўзаемаадносінаў, у іх ніколі не ўзнікае ніякіх спрэчак, тым больш канфліктаў. Калі сям’я папоўнілася яшчэ двума сынамі, анічога не змянілася ў стасунках. І пачуцці павагі, кахання, удзячнасці сталі толькі мацнейшымі. Атмасфера добразычлівасці і пяшчоты адчуваецца заўжды, калі бачыш гэту сям’ю. Верыцца, што ў такім акаленні душэўнай цеплыні вырастуць добрымі і прыстойнымі іх дзеці. Ды і тата, не проста вясковы інтэлігент, а сапраўдны мужчына з рукамі, якія растуць адтуль, адкуль трэба. Дзякуючы гэтым рукам з’явілася побач з двухпавярховым домам, дзе жыве сям’я, дзіцячая гульнёвая пляцоўка: арэлі, канатная драбінка, хатка на дрэве, пясочніца. За свае сродкі набылі і ўсталявалі альтанку з полікарбанату. Пакуль іншыя з утрымальніцкай псіхалогіяй чакаюць, што нехта нешта збудуе для іх дзяцей, гэта сям’я робіць сама прычым і для іншых дзяцей.

Мнагадзетная сям’я Дуксаў, якая жыве ў Солах, аформіўшы дэпазіт на сямейны капітал, не кінуліся яго выкарыстоўваць датэрмінова. Сёння яны маюць стабільны заробак, дзяржаўную дапамогу на траіх дзетак, а галоўнае - сваю, хоць і невялічкую кватэру, што дасталася ім, дзякуючы бацькам Сашы. Калі раней Вольга, нават знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку, падпрацоўвала, то цяпер няма патрэбы ў гэтым, бо дзяржаўная дапамога на дзяцей амаль роўная зарплаце. Акрамя таго, у дачкі ёсць магчымасць бясплатна вучыцца ў музычнай школе, не плаціць за школьныя падручнікі. Пагадзіцеся, для бюджэту маладой сям’і, у якой гадуюцца трое дзяцей, гэта важная падтрымка. А яшчэ Вольга ўдзячная, што мае водпуск у тры гады па догляду за немаўлятам, бо, як яна сама кажа, у свеце захавалася мала краін, дзе маці маюць такую прывілею.

IMG_9584.JPG

Клопат бацькоў пра дзяцей вяртаецца хвілінамі шчасця, радасці за іх поспехі. Вось і Каця мае першыя дасягненні ў танцах, у ігры на флейце, у маляванні. Чатырохгадовы Міша добра чытае, лічыць, разам з татам-матэматыкам робіць першыя крокі ў складаны свет дакладных навук. Самы малодшы Паўлік, якому хутка 10 месяцаў, пакуль проста выпраменьвае хвалі жыццесцвярджальнага святла і пазітыўных надзей.

Ала СТРАШЫНСКАЯ

Фота аўтара.