Знак перасцярогі – студня-журавель

 

Знак перасцярогі – студня-журавель

Общество
27.07.2020
2068

У свае 93 гады Анатоль Платонавіч Саўчук страціў слых, але не страціў памяць. А яшчэ ён вельмі мудра разважае пра падзеі мінуўшчыны і сучаснасці. Яму ёсць з чым параўнаць дзень сённяшні, бо за плячыма галоднае дзяцінства, сірочыя слёзы, уцёкі ў лес ад карнікаў і халодныя ночы ў зямлянцы, франтавыя дарогі і бясконцае змаганне за вартаснае жыццё і за дабрабыт сваёй сям’і. Цяпер ён жыве з сям’ёй сына ў Смаргоні. Радуецца, гледзячы на ўнукаў і праўнукаў. Часам сняцца шчымліва- светлыя сны пра малую радзіму, дзе ён быў шчаслівым, нягледзячы ні на якія цяжкасці і праблемы.

IMG_8980.JPG

Неяк Платон Саўчук заступіўся за старшыню калгаса, на якога напалі ўзлаваныя аднавяскоўцы. Справа была на свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, а менш, чым праз два тыдні за абаронцам прадстаўніка ўлады прыехаў “чорны варанок”. Адзін з нападнікаў напісаў данос у мясцовае НКУС. Старэйшая дачка Вера некалькі разоў ездзіла ў Слуцк, дзе трымалі ў вязніцы бацьку. Яе сціплыя перадачкі ніхто не браў. Пра лёс свайго гаспадара сям’я Саўчукоў даведалася намнога пазней, ад знаёмага, які дзівам выжыў, прайшоўшы праз пекла допытаў і здзекаў. Чалавек і паведаміў, што Платона Саўчука расстралялі як агента польскай разведкі. Пра месца пахавання можна было толькі здагадвацца. Мясцовыя жыхары сведчылі, што расстрэлы здзяйснялі нкусаўцы ў кустах па дарозе на Красную Слабаду. Кажуць, там і сёння ёсць утравелыя невядомыя могілкі. Рэабілітавалі бязвінна загінуўшага, як і многіх ахвяр рэжыму, толькі праз паўстагоддзя.

Так, дзесяцігадовы Анатоль Саўчук застаўся за адзінага мужчыну ў сям’і, дзе акрамя яго былі яшчэ дзве сястры. Неўзабаве пачалася Другая сусветная вайна. Пацягнуліся доўгія абозы адступаючых войскаў, кавалерысты спешваліся, бо стомленыя коні не маглі пераадолець пераправу, мясцовыя калгаснікі заганялі жывёл на стайні, але праз два дні ў вёску прыйшлі немцы і забралі ўсіх коней. Хутка ў навакольных лясах пачалі дзейнічаць партызанскія атрады, пераважна з трапіўшых у акружэнне чырвонаармейцаў і прадстаўнікоў мясцовай улады, якія не паспелі эвакуіравацца. Вёска Макраны, дзе жылі Саўчукі, была фактычна ў цэнтры партызанскай зоны. Партызаны спалілі адзіны мост, які злучаў вяскоўцаў з райцэнтрам. Адгарожаныя воднай артэрыяй, сяляне жылі адносна спакойна, немцы не сунуліся ў гэтыя мясціны, дзе за кожным кустом мог аказацца народны мсціўца. Тым не менш, у найбольш небяспечныя моманты, большасць людзей на начлег сыходзілі ў бліжэйшыя лясы, дзе хаваліся ў зямлянках. А тыя, хто заставаліся ў вёсцы, павінны былі папярэджваць, калі раптам стаўся напад акупантаў ці паліцыянтаў. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі студню-жураўля на ўскрайку вёскі: калі жордка з вядром узнятая, гэта было знакам перасцярогі. Як апушчана – усё спакойна. Некаторыя вяскоўцы далучыліся да партызанскага атрада Сідара Каўпака, што з рэйдам дайшоў ажно да беларускай Капыльшчыны.

Калі фашыстаў пагналі з нашых земляў, 17-гадовы Анатоль быў прызнаны годным для вайсковай службы, нягледзячы на хударлявасць і невысокі рост. Праз пару дзён навабранец апынуўся на фронце. У складзе Паўночнай групы войскаў дайшоў праз Польшчу да Германіі. Закончыў ваенна-тэхнічную школу і працягваў служыць ажно да 1951 года. Пасля расфарміравання вайсковай часці вярнуўся на радзіму, дзе давялося ўсё пачынаць спачатку: асвойваць новыя прафесіі, наладжваць асабістае жыццё, дапамагаць маці і сёстрам.

Якіх толькі спецыяльнасцей не асвоіў Анатоль Платонавіч за сваё жыццё! Ён і электрык, і цясляр, і зваршчык, і трактарыст. Спадзяваўся заўжды толькі на ўласныя рукі, на свой розум і сваю працавітасць. Нейкі час працаваў на адным з мінскіх заводаў, дзе меў выдатную рэпутацыю і калі б яшчэ наяўнасць адпаведнай адукацыі, то, як кажуць яго дзеці, далёка б пайшоў татка па службовай лесвіцы. Але вучыцца не было магчымасці. Першая жонка нарадзіла яму чацвярых дзетак і неўзабаве памерла. Пятага сына яму нарадзіла другая жонка. У чарговы раз аўдавеўшы, мужчына больш не шукаў другой сваёй паловы. А выйшаўшы на пенсію, працаваў яшчэ дзевяць гадоў у мясцовай гаспадарцы. Пры тым, што меў сваіх 60 сотак зямлі, якія спраўна даглядаў і апрацоўваў.

Людзі ўзросту за 90 жывуць пераважна ўспамінамі. Хоць радуюць дзеці, унукі, праўнукі, але шмат мітусні стамляе. Як стамляла некалі бяздзейнасць. Людзей, якія прызвычаіліся атрымліваць задавальненне ад працы, а не ад святочнага бяздзеяння, хвалююць па-ранейшаму і ўраджайнасць на палетках, і стан эканомікі. Анатоль Платонавіч у курсе ўсіх падзей у свеце і ў дзяржаве. І запавет у яго адзін: беражыце мір.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.