Бясцэнны скарб Валянціны Залескай

 

Бясцэнны скарб Валянціны Залескай

Общество
11.07.2020
743

Той, хто назваў жанчын слабым полам, напэўна, не ведаў іх сапраўдную сутнасць і патэнцыял. Меркаванне гэта відавочна прымушанае і не звязанае з рэальнасцю.

Вось, да прыкладу, Валянціна Залеская з Сяльца. З маленства жыццё выпрабоўвала жанчыну на трываласць, цярпенне, сілу волі. І яна змагла прайсці праз гэтыя выпрабаванні.

IMG_5015.JPG

Валянціна Аляксандраўна нарадзілася ў вялікай сям’і. 12 дзяцей выхоўвалі бацькі. Тата шыў і рамантаваў абутак, а мама – адзенне. Сям’я не бедавала, але і раскошы не бачыла.

-   З ранніх гадоў мы шмат працавалі. Памятаю, як цяжка было сярпамі жаць жыта, рваць лён, - расказвае Валянціна Аляксандраўна. - Тата навучыў мяне мужчынскай працы: малаціць, касіць, упраўляцца з канём. Муж памёр – мне было пад семдзясят, а я  яшчэ чатыры гады пасля яго смерці каня не прадавала.

Як стварыліся калгасы, адразу пайшла працаваць на кароўнік даяркай. 25 кароў тройчы на дзень даводзілася ўручную даіць. Летам на работу ў пяць гадзін раніцы ўставала, а вячэрняя дойка заканчвалася а палове дванаццатай. І спаць не было калі, і водпуску не давалі. Нават калі зацяжарвала, ні ў якія дэкрэтныя не хадзіла. Працавала літаральна да радзільні, і на работу выходзіла адразу, як з бальніцы з дзіцем вярталася, - апавядае жанчына.

Муж Валянціны Залескай працаваў падвозчыкам кармоў на ферме. Жонка – на рабоце, а ён на раніцы падымаў малых, карміў “салдацкім супам” (засквараным салам і “задобраным” мукой), адпраўляў у школу. Калі старэйшыя падрасталі, станавіліся галоўнымі памочнікамі для бацькоў і па хаце, і на ферме.

Валянціна Аляксандраўна і змену для сябе выгадавала: адна з дачок прыйшла да яе падменнай на ферму, тады жанчына адчула, што такое водпуск. 

Сярод узнагарод, якія ёсць у Валянціны Залескай – нагрудныя знакі “Пераможца сацспрабоніцтваў”, “Ударнік 10 пяцігодкі” і ордэн “Мацярынская слава”. Больш за 40 гадоў адшчыравала ў калгасе і восем дзяцей нарадзіла. У адзін год пахавала мужа і сына. І знайшла сілы жыць і працаваць далей. Назваць Валянціну Аляксандраўну прадстаўніцай слабога полу ніяк не атрымліваецца…

“Мама сапраўды ў нас, як скала, - кажа дачка Соня. - Нас яна да самастойнасці з ранніх гадоў прывучала. Строгая, патрабавальная, раней мы яе баяліся, а цяпер паважаем, заўсёды да яе парадаў прыслухоўваемся”.

Валянціна Аляксандраўна жыве адна.

-   Дзяцей было шмат, хацелі вялікую хату, а пасля дзеці  выраслі, раз’ехаліся, то ўжо і зашмат стала месца ў ёй, - усміхаецца суразмоўца.

-   Дык у госці прыязджаюць?

-    Прыязджаюць. І дзеці, і ўнукі, і праўнукі.

-     А колькі іх у вас іх?

-     Пятнаццаць унукаў і дваццаць два праўнукі!

-   Ого! Бясцэнны скарб!

Нягледзячы на сталы ўзрост (у дзень нашага прыезду Валянціне Аляксандраўне споўнілася 85 гадоў), яна яшчэ даволі рухавая. Не прывыкла доўга спаць. Устае на золку. Ідзе на свой агародзік. Паціху працуе. У ежы аддае перавагу кашам, бульбе, малочнаму, зрэдку ўжывае яйкі і амаль не есць мяса – вось такі рацыён жанчыны, якая мае ўсе шанцы стаць доўгажыхаркай. Менавіта гэтага мы і пажадалі юбілярцы разам са старшынёй ветэранскай арганізацыі СВК “Сінькі” Славай Аўчыннікавай.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.