“Крыху сумую па малой радзіме…”

 

“Крыху сумую па малой радзіме…”

Общество
03.07.2020
809

Анатоль Платонавіч Саўчук, пенсіянер, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

IMG_8980.JPG

- Нарадзіўся я ў вёсцы Макраны Капыльскага раёна. Бацькі былі простымі сялянамі. У 1937 годзе тату расстралялі па хлусліваму даносу, і мы, трое дзяцей, засталіся з мамай. Хутка пачалася вайна. У нашай мясцовасці была партызанская зона, акупанты баяліся сюды наведвацца, а мы баяліся, што аднойчы яны ўсе ж наведаюцца, таму часта на ноч сыходзілі ў лес і там начавалі ў зямлянках. Многія хлопцы з нашай вёскі пайшлі ў партызаны, мяне не бралі, бо я быў малады і вельмі худы, казалі, што і ў армію такіх не бяруць. Але, калі Чырвоная армія выгнала немцаў, мяне мабілізавалі. На трэці дзень я трапіў на фронт. Сустрэў Вялікую Перамогу ў Германіі, закончыў ваенна-тэхнічную школу і працягваў служыць у войску. Усяго каля сямі гадоў адслужыў. Грошы пасылаў маме, бо ім жылося вельмі цяжка. Пасля дэмабілізацыі, дзе толькі не працаваў, якія толькі спецыяльнасці не асвойваў. Усё маё жыццё было скрозь барацьба за выжыванне, бо ні на каго не разлічваў, толькі на свае рукі і свой розум. Выгадаваў пецярых дзяцей.

Сёння жыву ў сям’і сына Генадзя і яго жонкі Алены. Яны – мая апора і ўлада. Ды і дзяржава пра нас, ветэранаў, не забываецца. Гэта цешыць. Напэўна, гэты перыяд жыцця самы лепшы. Проста, часам крыху сумую па сваёй малой радзіме, па роднай вёсачцы. Азіраючыся назад, разумею, што нашаму пакаленню выпала на долю вялікая колькасць выпрабаванняў, і мы годна прайшлі праз усе цяжкасці, захавалі ў душы ўдзячнасць лёсу, чалавечнасць. Хацелася б, каб моладзь сённяшняга дня ўмела цаніць усё добрае, што ёсць у яе, і адрозніваць сапраўдныя каштоўнасці ад штучнага і напускнога. А яшчэ я, як чалавек, які ў рот гарэлкі не бярэ, хачу параіць і іншым не псаваць ей сваё жыццё. Каб радавацца ад душы, трэба і працаваць ад душы, быць стваральнікам свайго дома, сваёй сям’і, свайго лёсу.

Гутарыла Ала СТРАШЫНСКАЯ.