Карзінка з аўтографам, альбо Майстра бачна па рабоце

 

Карзінка з аўтографам, альбо Майстра бачна па рабоце

Общество
02.07.2020
2402

Пруток да прутка – і рукатворны шэдэўр “нараджаецца” літаральна на вачах. Па біяэнергетычных уласцівасцях лаза - з ліку раслін, якія аддаюць энергію. І гэта пацвярджаюць мае суразмоўцы – народныя ўмельцы Аляксандр і Людміла Мускія: “Калі пляцеш, пра ўсе балячкі забываеш, настрой падымаецца, адчуваеш неймаверны прыліў сіл”.

IMG_4960.JPG

Гледзячы на Мускіх, разумееш, што іх любімы занятак мае яшчэ адну цудадзейную сілу – ён моцна змацоўвае сям’ю. Нябачным, але вельмі трывалым і надзейным лазовым пруцікам…

Цяпер аматараў лазапляцення ў Беларусі шмат, а вось тых, хто мае званне “Народны майстар Рэспублікі Беларусь”, - адзінкі. У Гродзенскай вобласці – толькі Мускія са Смаргоні.

Лазовыя фантазіі

IMG_4970.JPG

Лазапляценне адно з самых старажытных рамёстваў, якое дайшло да нашых дзён, практычна не змяніўшыся, і ператварылася ў вытанчанае мастацтва. Яно зарадзілася раней за ткацтва, бо правобразам тканін былі сплеценыя з траў цыноўкі і першыя прадметы адзення.

У Беларусі з лазы рабілі розныя пабудовы, загарадзі, кузавы саней і павозак, нават рыбалоўныя сеткі і пасткі для птушак і жывёл, а таксама мэблю, дарожныя сакваяжы, посуд, кошыкі, дзіцячыя калыскі, цацкі… Многія рэчы з лазы засталіся ў мінулым, але дзякуючы энтузіязму і таленту сучасных народных майстроў адно з самых старадаўніх рамёстваў працягвае жыць.

IMG_4973.JPG

Па-ранейшаму запатрабаваны ў садаводаў і агароднікаў беларускія кошыкі: бульбу садзіць-капаць, травы жывёле прынесці, яблыкі сабраць ці ў грыбы схадзіць. Для пікніка – гэта тара “нумар адзін”. Прадукты харчавання ў іх надзейна абаронены ад дажджу і пылу, грыбы доўга не псуюцца з-за вялікай колькасці дубільных рэчываў, што ўтрымліваюць лазовыя галінкі. Карзінкі больш далікатныя, з ачышчанай лазы – такімі гаспадыні і пафарсіць могуць. Чым не модны аксесуар?

Галоўныя вартасці плеценых вырабаў з лазы – экалагічнасць, зручнасць, лёгкасць, трываласць, практычнасць, характэрны прыемны пах і даўгавечнасць. Пры беражлівых адносінах яны не губляюць сваіх уласцівасцей доўгі час. Аляксандр Мускі паказаў кошык, які яны захоўваюць як сямейную рэліквію. Дык вось яму ўжо больш за шэсцьдзясят гадоў!

Кошык плесці – не байкі весці

IMG_4989.JPG

Лазапляценнем Мускія захапіліся ў 1994 годзе, калі вярнуліся з Латвіі і прывезлі адтуль плеценую карзіну. Сястра Аляксандра спачатку зацікавілася гэтым рамяством і “заразіла” ім сваякоў. У Смаргоні на той час не было гуртка па лазапляценні. Азы рамяства Мускія спасцігалі самастойна – па дапаможніку, шляхам спроб і памылак, пастаянных эксперыментаў.

Пляценне з лазы – занятак, падуладны людзям цярплівым і ўседлівым. Трэба патраціць нямала сіл і часу, каб падрыхтаваць пруткі да работы. На нарыхтоўку “сыравіны” Мускія ездзяць позняй восенню, калі кусты скінулі лісце і яшчэ не пачаўся рух соку ў расліне: лаза вышэйшай якасці – толькі з добра выспелай драўніны.

Потым пруткі неабходна як след выварыць, пакуль не пачне лёгка злазіць кара. Які водар стаіць у гэты час – ніякія хваробы не возьмуць пры такой ароматэрапіі! Існуе шмат відаў лазы, але Мускія аддаюць перавагу “лімоннай”, якая пасля варкі набывае жаўтаваты колер.

Вывараную і пакараваную лазу сартуюць па даўжыні і таўшчыні і добра высушваюць. Для пляцення пруткі не ўсе прыдатныя: кожны трэба праверыць на ломкасць. Калі лаза нарыхтавана правільна, яна будзе вельмі доўга захоўвацца. У Мускіх ёсць загатоўкі, якім ужо 20 гадоў, і яны прыдатныя для работы.

У дзень, калі збіраешся плясці, лазу трэба добра “прамачыць”, каб яна набыла неабходную гнуткасць. “Вось калі пруткі гатовыя і сядаеш за работу, пачынаецца самы прыемны момант – стварэнне”, - усміхаецца Людміла Анатольеўна.

музей 1.JPG

Што трэба, каб атрымаўся рукатворны шэдэўр? Зацікаўленасць, уседлівасць, акуратнасць і цярпенне, - пералічваюць майстры “складальнікі поспеху”. Калі дадаць сюды фантазію, асаблівы настрой і няспынны пошук у галіне формаў і дэкору, то творы пачынаюць набываць сваю адменасць і непаўторнасць. Творчая жылка ў Мускіх працуе бясконца: адных толькі карзінак яны плятуць дваццаць відаў. І ўсе нафантазіраваныя. Звычайна да Вялікадня прыдумляюць новую. Пакупніка трэба ўмець здзівіць. Адзіны элемент, які абавязкова прысутнічае ў вырабе, - акаймоўка касічкай. Гэта своеасаблівы аўтограф Мускіх. Не выкарыстоўваюць майстры і штучных фарбаў, не пакрываюць работы лакам. Для аздаблення могуць дадаць непакараваных пруткоў ці тых, якія больш паварыліся, – яны выглядаюць цямнейшымі.

Адметныя сувеніры з беларускім каларытам

Самабытнасцю і нацыянальным каларытам прывабліваюць рэчы, створаныя рукамі Аляксандра і Людмілы Мускіх. Пра гэта не раз выказваўся Яўген Сахута,  першы ў Беларусі доктар мастацтвазнаўства ў галіне народнага мастацтва, прафесар, старшыня Беларускага саюза народнай творчасці.

Па-майстэрску створаныя работы карыстаюцца попытам у пакупнікоў не толькі ў Смаргоні – па ўсёй Беларусі. Ізраіль, ЗША, Італія, Германія, Польша, Латвія, Літва, Расія – і гэта далёка не ўвесь пералік краін, куды “паехалі” работы смаргонскіх умельцаў.

Гартаю партфоліа майстроў Мускіх. Якія цікавыя работы! Акрамя згаданых карзінак і кошыкаў, вазы рознай велічыні, домікі для катоў, куфры, паднос, хлебніца, рамка для люстэрка, пано, веласіпед-вазоніца… Аляксандр Андрэевіч дэманструе лазовы капялюш, але тут жа зазначае, што гэта рэч больш для прэзентацый, чым для паўсядзённага выкарыстання, не вельмі зручная. Дарэчы, у гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваецца яшчэ адзін лазовы капялюш дыяметрам амаль у два метры, - памятны сувенір, які майстры Мускія падарылі гораду, калі адзначалася 500-годдзе Смаргоні.

У “рабочым графіку” народных умельцаў – пастаянныя ўдзелы ў розных фестывалях і кірмашах, конкурсах і майстар-класах. У бліжэйшых планах – кірмаш ў Смаргоні падчас святкавання Дня Незалежнасці і фестываль “Александрыя збірае сяброў”, на якім Мускія будуць не толькі прадаваць сваю прадукцыю, але і праводзіць майстар-клас.

Плятуць з лазы не толькі Аляксандр і Людміла, але і іх дзеці, зяць і нявестка, далучаюцца ўнукі. Старажытнае рамяство паступова перадаецца ў спадчыну.

Лазовыя галінкі, як і дзеці, бываюць непаслухмянымі. Тады трэба паўшчуваць, пагладзіць, глядзіш – і палагаднелі. Акрамя фізічных намаганняў у кожную рэч з лазы майстар укладае шмат добрых думак, намераў і духоўных сіл. Варта адкрыцца гэтай энергіі — і яна абавязкова падтрымае і наталіць смагу.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з архіва гісторыка-краязнаўчага музея.