Зямля бацькоў дае нам крылы

 

Зямля бацькоў дае нам крылы

Общество
03.07.2020
1422

Існуе меркаванне, што ўсё самае вялікае і значнае бачыцца толькі на адлегласці. Але не трэба чакаць, калі прамінуць, напрыклад, сто гадоў, каб пабачыць кардынальныя перамены да лепшага на нашай любай Смаргоншчыне, што адбыліся за дзесяць апошніх гадоў. Для гісторыі 10 год – імгненне, а для смаргонцаў значны крок на шляху да стабільнасці, дабрабыту.

IMG_0567.JPG

Можна было б доўга апавядаць пра рост сельскагаспадарчай вытворчасці, павелічэнне аб’ёмаў выпуску прамысловай прадукцыі, пра буйныя інвестпраекты, пра станоўчыя тэндэнцыі ў розных сферах эканомікі, сацыяльным і духоўным жыцці. Не без гонару можна згадваць пра перамогі нашага раёна ў рэгіянальных конкурсах за высокія паказчыкі ў развіцці прамысловасці, гандлю, у грамадскім харчаванні і паслугах. А колькі таленавітых дзетак атрымалі выдатны старт у вялікае жыццё, дзякуючы падтрымцы мясцовых улад! Але можна проста пільным вокам паглядзець навокал і аб’ектыўна ацаніць добрыя перамены.

банк.jpg

Татальнае абнаўленне адбылося ў нашым горадзе напярэдадні абласнога фестывалю “Дажынкі - 2019”. Адрамантаваны, прычым капітальна, вуліцы, тратуары, праспект Індустрыяльны, пешаходны бульвар па вул. Савецкай. Рэканструяваны і абноўлены дэндрапарк Смаргонскага вопытнага лясгасу. Адрамантаваны будынкі, напрыклад, стаматалагічнай паліклінікі, дахі палітэхнічнага ліцэя і школы мастацтваў. Цешуць вока абноўленыя фасады ФАКа і іншых аб’ектаў. Вартасна і годна выглядае раённы Цэнтр культуры, як звонку, так і знутры.

Але яшчэ задоўга да “Дажынак” намаганнямі мясцовых улад ды ініцыятыўных грамадзян рабіліся захады па аднаўленні, ушанаванні і папулярызацыі багатай гісторыка-культурнай спадчыны нашага краю. Не спыняецца турыстычная плынь да адрэстаўраванага палаца-паркавага комплексу слыннага грамадскага дзеяча і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі. Для мясцовых жыхароў гэты музей стаў прадметам гонару і жывым судатыкненнем да ідэалаў высокага мастацтва.

Усадьба.jpg

Праз стагоддзі занядбання і разбурэння паўстае з руін яшчэ адзін старажытны помнік даўніны і сведка дзяржаўнасці на нашых землях – Крэўскі замак. У перспектыве, дзякуючы слыннаму турыстычнаму аб’екту, можна спадзявацца на прыцягненне ў гэтыя мясціны як турыстаў, так і інвестараў, што паспрыяюць развіццю інфраструктуры. А для сельскіх жыхароў адкрыюцца магчымасці дадатковых заробкаў.

Патэнцыял развіцця нашага раёна невычарпальны, таму што тут жывуць працавітыя, дбайныя і адказныя гаспадары, таленавітыя творцы, самаадданыя настаўнікі і медыцынскія работнікі, якія гатовы ісці ў нагу з часам, асвойваць новыя методыкі. Кожны, хто не лянуецца працаваць, можа знайсці сваю нішу для прыватнага бізнесу, а ўлады гатовы аказаць падтрымку сацыяльна значным праектам. Колькі новых гандлёвых пунктаў з’яўляецца! Толькі ў 2019 годзе адкрыліся 8 новых гандлёвых аб’ектаў плошчай 1349,2 кв. м. 189 аб’ектаў аказваюць бытавыя паслугі. Найбольш сярод іх салонаў прыгажосці, нямала таксама аўтарамонтных майстэрняў. А запатрабаванасць такім родам паслуг – прыкмета росту дабрабыту насельніцтва. Шырока распаўсюджаны камп’ютарныя паслугі і паслугі па рамонце адзення.

Літаральна за пяцігодку, нібы грыбы пасля дажджу, выраслі шматпавярховыя мікрараёны. Непазнавальна змяніўся воблік Смаргоні пры ўездзе з боку Ашмян. У горадзе з’явіўся новы раён забудовы па вул. Камсамольскай, вядзецца будаўніцтва 50-кватэрнага жылога дома па вул. Юбілейнай. Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 259 кватэр, з іх 65 - у індывідуальных дамах, у сельскай мясцовасці - 11. Таксама ў 2020 годзе распачынаецца будаўніцтва 49-кватэрнага жылога дома ў новай забудове мікрараёна Усходняга для асоб, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў. Плануецца пачаць будаўніцтва жылых дамоў у мікрараёне Карані і ў далейшым развіваць жылую забудову менавіта ў гэтым мікрараёне.

IMG_0545.JPG

IMG_0577.JPG

IMG_0585.JPG

Не сакрэт, што эканамічнаму развіццю Смаргоншчыны паспрыялі інвестары. За апошнія 10 гадоў рэалізаваны тры інвестыцыйныя праекты ў галіне прамысловасці і энергетыкі з агульным аб’ёмам інвестыцый больш як 1 млрд долараў ЗША. Уведзены ў эксплуатацыю вытворча-лагістычны комплекс, электрастанцыя з выкарыстаннем сонечнай энергіі, завод “Кранаспан”. Цяпер у стадыі рэалізацыі яшчэ сем унікальных інвестыцыйных праектаў. А гэта азначае, што жыхары атрымаюць рабочыя месцы, а гарадскі бюджэт – фінансы.

Знакавыя дасягненні ёсць ва ўсіх сферах дзейнасці. Важна, каб і надалей эканоміка краю  развівалася паступова, стабільна, а людзі мелі надзею на заўтрашні дзень.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота Дзяніса ЯРОЎСКАГА і з архіва газеты.