У кожным газетным радку – мора ўспамінаў

Общество
04.05.2020
1119

“Карнееў быў чалавекам сталінскай закалкі – не тое што гаварыць, глядзець умеў выключна строга. Вымову ад яго атрымаць было лягчэй лёгкага. А пасля прыйшоў Ляонаў. Ён голасу ўвогуле ніколі не павышаў. Заўсёды спакойны, ветлівы, тактоўны. Пра Лазуту і гаварыць няма чаго! Такога інтэлігентнага чалавека я і не сустракала больш! І ўвогуле, мне з усімі рэдактарамі добра працавалася”, - успамінае Леакадзія Бароўская, былая супрацоўніца нашай газеты. У “Светлы шлях” яна прыйшла працаваць у год дзесяцігадовага юбілею выдання – у 1954-м. Пры ёй змяняліся рэдактары, прыходзілі і сыходзілі журналісты, асвойваліся новыя тэхналогіі. Аб усім гэтым яна захавала ясныя ўспаміны і ахвотна распавядае.

“Я прыйшла, калі газета з дзвюхпалоснай ператварылася ў “чатырохпалоску”. Патрэбна было больш людзей, мяне ўзялі машыністкай-перакладчыцай. Журналісты пісалі матэрыялы, потым дыктавалі мне. А я перакладала і друкавала па-беларуску. Памятаю, надрукавала першы матэрыял, панесла Яўгену Ільічу (Карнееву – аўт.), а ён мне: “Дрэнна!” Так прыкра мне стала!” – дзеліцца Леакадзія Станіславаўна. Гэты выпадак стаў для дзяўчыны стымулам вучыцца і даказваць, перш за ўсё сабе, што яна можа куды больш і лепш, чым атрымалася ў першы працоўны дзень. Машыністкай працавала амаль дзесяць гадоў, потым стала карэктарам. Пры ёй спачатку тыраж складаў 600 экзэмпляраў, потым 1000. Гэта цяпер газета вярстаецца на камп’ютары, потым адпраўляецца ў тыпаграфію. Тады тыпаграфія была разам з рэдакцыяй. І каб надрукаваць нумар, кожную літарку трэба было ўзяць у рукі і паставіць на патрэбнае месца. “Ой, усю ноч, бывала, друкавалі! А браку колькі было! Палова, пэўна, - смяецца Леакадзія Бароўская. – Гэта цяпер на газету прыемна глянуць: прыгожая, чысценькая, а тады можна было атрымаць нумар, заляпаны тыпаграфскай фарбай. Потым з’явіліся лінатыпы, але машыны з-за нявопытных лінатыпістак пастаянна псаваліся. Выклікалі наладчыкаў – і зноў сядзелі ў рэдакцыі начамі”.

Памяць Леакадзіі Станіславаўны ўражвае. Яна памятае кожнага журналіста, які працаваў пры ёй і нават пасля таго, як пайшла на заслужаны адпачынак. Зрэдку называе прозвішча, але не можа ўспомніць імя – тады засмучаецца: добрага чалавека пакрыўдзіла!

Амаль усіх добрых людзей, якіх яна называла, ужо няма ў жывых. Але адкрываеш газетны архіў, учытваешся ў радкі і намагаешся ўгадаць настрой, думкі, якія яны ў гэтых радках пакінулі. І паступова кожны журналіст становіцца знаёмым, зразумелым. Асабліва калі бачыш яго фота, а фатаграфій у архіве Леакадзіі Бароўскай захавалася многа.

Калі яна толькі прыйшла працаваць, “на перадавой” шчыравалі франтавікі Аляксёнак, Балабанаў. Мікалай Балабанаў, дарэчы, пісаў цудоўныя вершы. Адказным сакратаром быў Андрэй Мускі, аддзелам пісем загадваў малады хлопец па прозвішчы Лебедзь. “А потым прыйшоў Дзідзёнак, не памятаю яго імені. Ён ужо зусім адукаваны быў – універсітэт скончыў. Мае равеснікі Генадзь Ліс, Віктар Навой толькі па 10 класаў скончылі. Але ў той час гэта была добрая адукацыя”, - успамінае Леакадзія Станіславаўна.

А пазней прыйшло іншае пакаленне журналістаў, якіх добра ведаюць нашы самыя даўнія чытачы: Валерый Грышчанка, Віталь Мурылёў, Павел Маклюк, Тарэса і Альберт Кумішчы, Уладзімір Таранда, Аркадзь Падгол. З’явіліся фотакарэспандэнты: зусім нядоўга працавалі Станіслаў Субач і Уладзімір Роўда. Затое да самай пенсіі затрымаўся Міхаіл Разумнік. Яму выдзелілі ў рэдакцыі асобны “кабінет” – цёмны пакойчык, дзе фатограф праяўляў плёнкі, друкаваў фатаграфіі.

Газетны калектыў быў сапраўднай сям’ёй: дзялілі і начныя “пасядзелкі” ля друкаванага станка, і святочныя радасці. Юбілеі, вяселлі, нараджэнне дзяцей – любая шчаслівая падзея абавязкова адзначалася і запаміналася надоўга. Ды і “горкія” даты таксама помніліся.

 Леакадзія Бароўская ўважліва чытае кожны газетны нумар, любога журналіста пазнае па першых жа радках. І не забывае пахваліць самыя ўдалыя заметкі. Зрэдку яна адкрывае альбом, дзе на фатаграфіях яе даўнія калегі яшчэ жывыя, яшчэ маладыя і шчаслівыя. Напісанае пяром тапаром не высячаш. Сапраўды, нічым не высячы іх імёны з пажаўцелых газетных старонак. І праз многа гадоў будуць яны жыць у радках, якія напісалі калісьці.

Віялета ВОЙТКА.

Фота з архіва Леакадзіі БАРОЎСКАЙ.

 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!