Раўненне на прадзеда!

Общество
12.04.2020
Па праўдзе кажучы, я і мой малодшы брат Сеня шумныя і гарэзлівыя. Многа разоў пасля нашага чарговага “вынаходніцтва” мы чулі ад маці: “Свавольнікі! Трэба браць прыклад з геройскага прадзеда! Цудоўны быў чалавек!” Мы пераглядаліся, бо зусім не ведалі таго таямнічага дзядулю. Не ведалі, чаму ён герой і прыклад для пераймання.

І вось аднойчы маці пасадзіла нас на канапу, дастала з шуфлядкі нейкія паперы і пачала аповед.

- Калі пачалася вайна, майму дзеду, а вашаму прадзеду, Міхаілу Рыгоравічу Садоўскаму было 20 гадоў. Зусім яшчэ юнак. Нарадзіўся і жыў ён у вёсцы Куты, што непадалеку ад Смаргоні. Тры гады давялося жыць у фашысцкай акупацыі. Калі родную Беларусь вызвалілі ад страшэннай нямецкай навалы, дзед быў прызваны ў Чырвоную Армію. Гэта адбылося 3 мая 1944 г. Служыў ён стралком у 8 стралковай роце 1054 стралковага ордэна Суворава III ступені палка. Вайсковае званне - сяржант. У баях за вызваленне Польшы дзядулю паранілі. Яго адправілі на лячэнне ў шпіталь.

Пасля выздараўлення вярнуўся ў строй, удзельнічаў у баях за Берлін. Мама паказала нам фотаздымкі. На іх мы ўбачылі вясёлага хлопца ў вайсковай форме.

Тым часам маці працягвала расказваць:

- 16 красавіка 1945 года пачалася Берлінская аперацыя. У гэты дзень дзядуля разам з байцамі свайго батальёна выйшаў да чыгункі, дзе знаходзіўся апорны пункт праціўніка. Байцы Чырвонай Арміі кінуліся ў атаку. Пачаўся жорсткі бой. Каля насыпу чыгункі чырвонаармейцы пайшлі ў рукапашную. Гэта такі бой, калі не страляюць здалёку, а б`юць ворага адзін на адзін.

Тры разы з рук у рукі пераходзіў Ной-Лангзоў – гэта апорны пункт фашыстаў. Каля 10 гадзін раніцы стралковыя батальёны цалкам авалодалі пунктам і станцыяй “Вербіг”.

За праяўлены гераізм і мужнасць пры ўзяцці чыгуначнай станцыі Вербіг ваш прадзядуля быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Ім узнагароджваліся тыя чырвонаармейцы, якія ў баях праявілі асаблівую мужнасць.

Yx6dpgr9oTg.jpg

Міхаіл САДОЎСКІ (злева) з саслужыўцам


Мама разгарнула ўзнагародны ліст. Папера была жоўтая, выцвілая. Мама прачытала:

“У цяжкіх наступальных баях па прарыве абароны праціўніка з 14 па 16 красавіка 1945 года ў раёне станцыі Вербіг, на подступах да Берліна, выяўляючы выключны гераізм і мужнасць, першым уварваўся ў размяшчэнне чыгуначнай станцыі, прыкладам і агнём з аўтамата знішчыў 8 гітлераўцаў. Праціўнік вялікімі сіламі пяхоты і танкаў перайшоў у контратаку. На яго акоп рухаўся танк “Тыгр”. Прапусціўшы яго праз акоп, кінуў гранату, і танк загарэўся. Контратака была адбіта”.

Я ўявіў сябе сярод тых байцоў. Вакол - кулі, выбухі, дым… Стала вельмі страшна. А наш прадзядуля не схаваўся ў акопе, а адным з першых кінуўся на ворага. Ці змог бы так я? Як добра, што мы жывём у мірны час! А мая мама гаварыла далей…

- Сыночкі мае, а ці ведаеце вы, калі мы святкуем Дзень Перамогі? Так, 9 Мая. Яшчэ два вельмі жорсткія і крывавыя тыдні давялося ваяваць нашым салдатам. Вораг не здаваўся. З баямі трэба было праходзіць кожны кіламетр да Берліна. На жаль, Дзень Перамогі дзядуля сустрэў у шпіталі. У тым бязлітасным баі яго паранілі. З асколкам міны пражыў усё жыццё. Пасля вайны вярнуўся наш салдат у родную вёску Куты, ажаніўся з прыгожай дзяўчынай Жэняй. У іх нарадзілася восем дзяцей! Прабабулю Яўгенію ўзнагародзілі ордэнам Маці.

Дзядуля жартаваў: “Што за сям’я, і муж, і жонка - ардэнаносцы!”

Шмат гадоў Міхаіл Рыгоравіч працаваў калгасным брыгадзірам, меў пашану як старанны працаўнік. Памёр, калі нас з братам яшчэ і на свеце не было - 17 снежня 2001 года. Усе яго дзеці выраслі і сталі годнымі людзьмі. Род Садоўскіх жыве і пашыраецца.

Яшчэ пэўны час мы сядзелі ціха, разглядалі фотаздымкі, нават вырашылі, што Сеня вельмі падобны да прадзеда. Вось бы ўбачыць яго жывога, пагаварыць пра тыя ваенныя гады…

Вялікі дзякуй табе, дзядуля, за мірны час, за шчасце жыць у прыгожай Беларусі! Абяцаем выправіць свае паводзіны і стаць годнымі нашчадкамі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Рыгоравіча Садоўскага.

Яраслаў ЖАЛДЫБІН, вучань СШ №5.

Фота з сямейнага архіва.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений