Любімая “ластаўка”

 

Любімая “ластаўка”

Общество
05.01.2020
1986
“Прыбалтыка”... Надзвычай жывапіснае месца на народнай карце Смаргоншчыны. Адкуль такая назва?

Яшчэ ў савецкі час людзі правялі паралель. Прыбалтыка - рэспублікі Літва, Латвія, Эстонія, якія абмываюцца Балтыйскім морам. І свая, мясцовая, “Прыбалтыка”: вёскі Хведзевічы, Міхнічы і Лявонавічы з азёрамі Тушча і Свірскае. З таго часу гэты “трохкутнік” на Смаргоншчыне і займеў такі нефармальны тапонім.

Знаходзіцца “Прыбалтыка” на мяжы з Мядзельскім раёнам. Да Смаргоні – 50 кіламетраў. Да Мядзеля – яшчэ далей. Цывілізацыяй асабліва не пахвалішся. Але гэта месца аблюбавалі мінчане, сюды яны хаваюцца ад сталічнай мітусні.

“Летам у нас даволі людна. А зімой – зусім ціха. Дзве жанчыны на ўсю вёску. Дзве казанскія сіраты. Адна – у пачатку вёскі жыве, а я - у канцы. Так і вартуем нашы Міхнічы, - жартуе 76-гадовая Ядвіга Лобач. – Сустракаемся рэдка, часцей тэлефануем адна адной”.

Ядвіга Ільінічна ўжо 35 гадоў як удава. Дзяцей не мае. Адзіная родная душа – сястра ў Казярніках. Ну і пляменнікі. Любімай “ластаўкай” да Ядвігі Ільінічны двойчы на тыдзень у вызначаны дзень і час “прылятае” сацработнік Аліна Ярмак.

IMG_7510.JPG

Сацыяльны работнік Аліна ЯРМАК і яе падапечная Ядвіга ЛОБАЧ


На доме Ядвігі Лобач вісіць шыльда “Дом сацыяльных паслуг”. Двойчы ў год з чатырох суседніх вёсак тут збіраюцца жыхары. На сустрэчу да іх прыязджае ўрач з Вішнева, супрацоўнікі “Цёплага дома” і райаддзела МНС. Для мясцовых людзей гэта сапраўды падзея.

У суседніх Хведзевічах знаёмімся з 65-гадовай Марыяй Іванаўнай Макарэвіч і 87-гадовай Леакадзіяй Баляславаўнай Лях. Абедзве ўдавы. Жывуць непадалёку адна ад адной, таму нярэдка і начуюць разам. Дзеці Марыі Іванаўны – у Смаргоні. На выхадныя часта прыязджаюць да маці. А ў будні сацработнік Аліна – яе галоўная памочніца. “Нядаўна мая суседка памерла, было ёй 90 гадоў, - кажа Марыя Макарэвіч. - Я часта бачыла, як Аліна работу сваю робіць. Бацькоў так дзеці не глядзяць. Не раз задумвалася: добра было б і мне такую памочніцу мець. Усё-такі ўзрост... Ногі слабыя, баляць. З сэрцам праблемы. Папрасіла ў сельсавеце – і мне Алінку далі”.

IMG_7543.JPG

У Леакадзіі Лях таксама дзеці далёка. “Старэйшы сын жыве ў Юрмале, - удакладняе Леакадзія Баляславаўна. – Меншыя дзеці завуць да сябе ў Смаргонь. А я са сваіх Хведзевіч нікуды ехаць не хачу. Каб не Аліна, можа і давялося. А пакуль не збіраюся. Хоць дагавор падпісала да ста гадоў дажыць” (смяецца). Лякарства ці прадукты харчавання купіць, падлогу памыць, вады прынесці, ежу прыгатаваць – дробязі, якія састарэламу чалавеку самому зрабіць цяжка.

Аліна сваю работу ведае, як двойчы два. Сацыяльным работнікам яна працуе сем гадоў. А пачынала санітаркай у Жодзішкаўскай псіхіятрычнай бальніцы. Яе “падначаленымі” былі мужчыны: алкаголікі, наркаманы, многія знаходзіліся на прымусовым лячэнні. За пяць гадоў работы шмат чаго пабачыла і перажыла.

Калі ў Аліны з’явіліся маленькія дзеці, давялося падумаць пра іншую работу: працаваць суткамі ў маладой маці не атрымлівалася. Тады ёй і прапа-навалі даглядаць за пажылымі. Яна пагадзілася. Цяпер у Аліны - дзевяць падапечных: восем жанчын і мужчына. “За час, што працую сацработнікам, пяцярых пахавала. Цяжка развітвацца з людзьмі, да якіх прывыкаеш і пачынаеш успрымаць як родных”.

43-гадовая Аліна – вельмі прыемная, сціплая, душэўная… Гэта адчуваецца з першых хвілін знаёмства. Для сваіх бабуляў і дзядуляў яна - анёл. Без перабольшвання. Маладая жанчына жыве ў Лылойцях. Да падапечных дабіраецца на сваім старэнькім “Аўдзі”.

IMG_7517.JPG

“Ад Лалойцяў да Міхніч, - 11 кіламетраў, - удакладняе Ганна Макарэвіч, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму УТЦСАН “Цёплы дом”. – Памятаю, Аліна расказвала, што дарогу затапіла (бабры плацін набудавалі) і яна ездзіла ў аб’езд, а гэта больш за дваццаць кіламетраў.

Увогуле, пра Аліну Альбінаўну мы чуем толькі добрыя водгукі. Любяць яе нашы падапечныя. А яна – іх”.

У тэму. У Смаргонскім раёне налічваецца 100 сацыяльных работнікаў. Сярод іх двое мужчын. У 21 чалавека стаж сацработніка – больш за 20 гадоў.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: