Жанчыны са Смаргоні расказалі, як святкавалі Божае Нараджэнне 40 год таму назад

 

Жанчыны са Смаргоні расказалі, як святкавалі Божае Нараджэнне 40 год таму назад

Общество
24.12.2019
1788
Самыя цёплыя, самыя памятныя традыцыі ў сям’і захоўваюць менавіта жанчыны. Больш прагматычныя мужчыны не надаюць такой увагі знешнім атрыбутам святкавання. А жанчына з маленства ўпітвае ад бацькоў тое, што робіць членаў сям’і больш згуртаванымі, што настройвае на святочны лад нават у самыя цяжкія часы. Пасля яна выходзіць замуж, пераймае некаторыя абрады мужавай сям’і, мякка прыўносіць свае – і атрымліваецца нешта адметнае, прыгожае, тое, што дае адчуванне дома.

Мы прапанавалі жанчынам сталага веку і маладзейшым успомніць, як святкаваліся Каляды 20 - 40 гадоў таму, якія традыцыі яны прынеслі ў сваю сям’ю з бацькоўскага дома, як усё гэта з году ў год падтрымліваецца дзецьмі і ўнукамі. Успаміны аказаліся надзвычай цікавымі, кранальнымі, шчырымі. Прапануем і чытачам акунуцца ў непаўторную калядную атмасферу разам з нашымі гераінямі.

IMG_7170.JPG

Злева направа: Люцына ІСАЙЧУК, сястра Ірына БАРЦЭВІЧ, Марыя МАЕЎСКАЯ, Алена ВЫРЖЫКОЎСКАЯ, Люцыя СУЛЬЖЫЦКАЯ


Расказвае Алена Выжыкоўская:

У маіх бацькоў былі чатыры дачкі. І пасля замужжа я прыйшла ў вялікую сям’ю: акрамя мужа, было яшчэ сем сясцёр і два браты. Доўга жылі на Ашмяншчыне са свёкрамі – каля 30 гадоў, да самай іх смерці. Астатнія дзеці раз’ехаліся, а мы іх даглядалі. Я каталічка і прыйшла ў каталіцкую сям’ю, таму ніякіх непаразуменняў адносна свята не было. Абавязкова ездзілі ў касцёл. Ды не так проста гэта было, як цяпер! Касцёлы ж пазачынялі… Ехалі ў Жупраны ці Вішнева, ці Гальшаны, ці Баруны. Бывала, пільнавалі нас. Я тады хустку нацягну аж на вочы, галаву апушчу, спадзяюся, што не пазнаюць. Як добра, што дзецям цяпер хавацца не трэба!

Ёлку ўпрыгожвалі, стол засцілалі сенцам. Што не змясцілася пад абрусам – у кошычку ставілі пад стол. Дагэтуль для мяне Божае Нараджэнне – гэта пах ёлкі і сена. На стол клалі аплатак, стравы рыхтавалі адмысловыя. Памятаю, як са свякроўю лічылі, каб іх было дванаццаць, не менш. І лішнюю талерку ставілі для адзінокага падарожніка, якому ў калядны вечар нізавошта б не адмовілі ў прытулку.

А дзеткі як чакалі куццю! Штохвіліну бегалі ў двор, паглядалі, ці з’явілася першая зорачка. Як з’явілася машына, то пасля куцці ездзілі ў Гальшаны на Пастэрку (Святая Імша ў калядную ноч – аўт.). Калі не стала свёкраў і мужа, пераехала ў Смаргонь, бліжэй да дзяцей. Цяпер на Божае Нараджэнне хаджу да іх. Як самая старэйшая, кірую Вігіліяй: молімся, дзелімся аплаткам, вячэраем – і ў касцёл. І на заўтра дзень пачынаем з Імшы, потым - асноўнае свята. Унукі ўжо студэнты, але заўсёды прыязджаюць. Якія ж Каляды, калі ўся сям’я не збярэцца?”

Успаміны Люцыны Ісайчук: “Сям’я маіх бацькоў была толькі напалову каталіцкай, тата быў праваслаўны. Але ўсіх дзяцей – нас было пяцёра – хрысцілі ў касцёле і святы адзначалі па каталіцкім календары. Як былі малыя, у касцёл траплялі ўрыўкамі.

Мы жылі ў Шутавічах, даводзілася ездзіць у Солы ці ў Жодзішкі, а мама расказвала, што яна ў дзяцінстве хадзіла пехатою аж у Беніцу. Каляды заўсёды святкавалі па даўніх звычаях: лажылі сена пад абрус, запальвалі свечку, стравы ў першы дзень гатавалі толькі посныя. У савецкія часы, памятаю, забаранялі ўсё, што звязана з верай і рэлігіяй, таму бацькі заўсёды на Божае Нараджэнне занавешвалі вокны і прасілі не расказваць нікому пра ўрачыстасць.

Цяпер святкуем з дочкамі. Яны замужам за праваслаўнымі хлопцамі, то на адно Божае Нараджэнне едуць да нас, на другое – да свёкраў”.

Аповед Марыі Маеўскай: “У сваіх бацькоў я была адна. Вельмі веруючыя былі тата з мамай. Я нарадзілася ў 1958 годзе, калі любыя праяўленні рэлігійнасці забараняліся. Мяне і на лінейцы перад усёй школай выводзілі, і саромілі, але ўсё адно: на Святую Імшу мы кожную нядзелю спяшаліся ў Жодзішкі. І на Каляды абавязкова. Пакуль бацькі былі жывыя, то Божае Нараджэнне заўсёды святкавалі ў іх, ездзілі ў вёску, усе разам абавязкова прысутнічалі на Імшы. Цяпер збіраемся ў нас. Дзеці павырасталі, але на свята заўсёды з’язджаюцца. Штогод прыносім дадому цудадзейны Віфлеемскі Агонь, дзелім паміж сабой аплатак, молімся, дзякуем Богу за пражыты год”.

Дзеліцца Люцыя Сульжыцкая: “Мая сям’я таксама была каталіцкая: мама, тата, я і яшчэ дзве сястры. Ведаеце, мы такія шчаслівыя былі: да касцёла з вёскі, дзе мы жылі (Шэметава, Мядзельскі раён – аўт.) усяго пяць кіламетраў было. Па мерках савецкага часу – вельмі блізка. Божае Нараджэнне мы святкавалі не адны. Кожны год мама пыталася татавага дазволу, каб запрасіць да нас адзінокую цётку Паўліну, яна жыла непадалёку. Тата, вядома, дазваляў. І мы ўсе радаваліся, што цётка Паўліна не застанецца ў Вігілію адна. Пазней я забрала бацькоў у Смаргонь, да канца свайго жыцця яны былі са мною.

На Божае Нараджэнне дзеці звычайна прыязджаюць да мяне, і сын, і дачка жывуць у Мінску. Але сёлета я да іх паеду. Вельмі шкадавала, што сыну якраз на Каляды выпала працаваць. Толькі некалькі дзён таму ён патэле-фанаваў і сказаў, што памяняўся зменамі. Гэта такое шчасце быць у свята ўсёй сям’ёй. Зяць у мяне праваслаўны, але з вялікай павагай адносіцца да нашай веры. І яго бацькі таксама. Я часта запрашаю іх на каталіцкія святы, яны мяне - на праваслаўныя. Дружна жывём!”

Сямейныя гісторыі сястры Ірыны Барцэвіч: “Яшчэ не так даўно 25 снежня не было выхадным днём, але на свята Божага Нараджэння да бацькоў збіраліся ўсе, гэта было нейкае асаблівае перажыванне. 24 снежня мы называлі галодным днём: да вечара елі толькі чорны хлеб і пілі чай. А з кухні даносіліся найсмачнейшыя ў маім жыцці пахі: мама пякла сялёдку ў цесце, ламанцы, гэта такія посныя булкі, якія потым настойваліся з макам. Тут такіх не пякуць, замест іх выкарыстоўваюць абаранкі. Усе разам мы ўпрыгожвалі ёлку, тата прыносіў сена. Зверху стол засцілалі белым абрусам, ставілі талерку з аплаткам, толькі тады можна было прыносіць астатнія стравы.

Каб сесці за стол, чакалі першую зорку. Як дзеці павырасталі і раз’ехаліся, то садзіліся ўжо пазней, калі ўсе прыязджалі. Сям’я была вялікая: сямёра дзяцей. А калі хтосьці жаніўся і выходзіў замуж, людзей за сталом прыбаўлялася. Бывала, і па 30 чалавек збіралася. І адно месца абавязкова пакідалі вольным: а раптам хто пастукаецца. Усе разам маліліся, тата чытаў урывак з Евангелля – можна было прыступаць да вячэры.

Абавязкова трэба был о паспытаць усе стравы. Памятаю, як я не любіла аўсяны кісель. Але ўздыхала і хутка з’ядала некалькі лыжак, у іншым выпадку маіх любімых ламанцаў магла і не дачакацца. Пасля вячэры прыбіралі са стала і садзіліся спяваць калядкі. Адкрывалі кніжку – і пакуль галасы не пачнуць сіпнуць, гадзінупаўтары спявалі. У мамы такі прыгожы голас быў! Яна завадзіла, мы ўсе да яе далучаліся. Прыходзілі і суседзі павіншаваць са святам, паспяваць разам. І мы да іх таксама. Калі не ўся сям’я, то дэлегата абавязкова выпраўлялі, каб нікога не пакрыўдзіць. А потым ехалі на Імшу ў Індуру (Гродзенскі раён – аўт.). Пастэрка была ў 12 гадзін, мы прыязджалі на гадзіну раней, каб мець магчымасць увайсці ў касцёл, пазней стаялі б на вуліцы. Вельмі важна было нам, дзецям, убачыць, як святар кладзе фігуру Дзіцятка Езуса ў яслі. А пасля Імшы спяшаліся дадому, каб паглядзець трансляцыю Святой Імшы з Ватыкану. Як выраслі, то потым ужо і спаць не клаліся: усё роўна хутка ўставаць і ехаць на працу. Маглі ў 5 раніцы накрыць на стол і працягнуць святкаванне. Лепшы ўспамін з дзяцінства – зімовыя канікулы. Мама сядзела за кроснамі, мы - ля яе, нешта дапамагалі і абавязкова спявалі калядкі”.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: