Дабро – на доўгае захаванне

 

Дабро – на доўгае захаванне

Общество
20.09.2019
1473
Многія, хто ведаў Аляксандра Дзяругу, параўноўваюць яго з сонцам. Яго дабрыні, чалавечнасці, шчырасці хапала ўсім, хто меў зносіны з гэтым незвычайным чалавекам. Аднойчы прамень дзяругаўскага “свяціла” дакрануўся да Ільі Ляўкова. “Дзіўна, што можа зрабіць адзін прамень сонца з душой чалавека”, - пісаў класік рускай літаратуры Фёдар Дастаеўскі, быццам ведаў гісторыю фатаграфіі, якая больш за 70 гадоў захоўваецца ў альбоме аднаго амерыканскага яўрэя.

Фота - клад!

Нядаўна Ілья Ляўкоў літаральна на адзін дзень з Нью-Йорка прыязджаў у Смаргонь і прывёз свае дзіцячыя ўспаміны. 

IMG_8552.JPG

Тры гады таму Ілья ЛЯЎКОЎ прыязджаў у Смаргонь. На гэты раз па знаёмых сцежках горада ён прайшоўся разам са сваім стрыечным братам Якавам ЛАСКОВЫМ, які жыве ў Ізраілі і ўпершыню прыехаў у наш райцэнтр. Яго дзед жыў у адным доме з Ляўковымі


Да 1952 года яго сям’я жыла тут, на вуліцы Мінскай, 23 (цяпер Леніна), у гэтым жа доме пражывалі яшчэ дзве сям’і – сваякі Ляўковых. Ілья скончыў у Смаргоні тры класы пачатковай школы, якая знаходзілася ў завулку Глухім. Яго бацькі добра ведалі Аляксан-дра Дзяругу.

- Прозвішча яго так і вымаўлялі на беларускі манер “Дзяруга” – дзекаючы, нават па-руску. Гэта быў вельмі прыемны, мілы чалавек, - удакладняе мой суразмоўца.

– Цяпер я разумею, што Аляксандр Анісімавіч меў асаблівы педагагічны талент. Такі вывад магу зрабіць, абапіраючыся на адзін наш сямейны фотаздымак 1948 года і ўспаміны, якія з ім звязаны. Гэта фота – клад! Бляск!

Ilya, - parents 1948.jpg

Сямейны фотаздымак, які зрабіў Аляксандр ДЗЯРУГА ў двары дома ЛЯЎКОВЫХ, 1948 год


Ілья паказаў мне здымак. І я, прызнацца, не адразу зразумела, што такое неймавернае хавае ў сабе гэта фота (акрамя таго, што сямейнае, і для Ільі яно, безумоўна, мае асаблівую каштоўнасць).

- Дзяруга прыйшоў да нас дадому. Яго велічэзны фотаапарат памерам з чамадан стаяў на велізарным штатыве. Мне было каля пяці гадоў, хаця, гледзячы на фота, не скажаш, бо я быў зусім маленькага росту. Помню, што мая мама апранула сінюю сукенку, да якой дадала ўпрыгожанне з чырвоных “вішань”. У бацькі быў касцюм у зялёную елачку. Мой - з нечага шыты-перашыты, але таксама прыгожы. Зэдлік быў жоўтага колеру.

- Уяўляю, як бы ўсё гэта выглядала на каляровым фотаздымку… - спрабую каментаваць пачутае.

- Гэта было б неверагодна яскрава! Дзяруга ўвесь час прасіў нас прыгожа пазіраваць. Каб я апынуўся прыкладна на адным узроўні з бацькамі, падставіў мне зэдлік. Пасля пераставіў яго ўлева, потым - управа, пры гэтым казаў: “Хлопчык, стань тут, паглядзі сюды, паглядзі туды”. Я ўсё гэта рабіў, але без асаблівага задавальнення. Мне не падабалася, што гэты дзядзька пастаянна мною нешта камандуе. І калі ён накрыў сваю галаву “коўдрай”, вось тады я з ім і “разлічыўся” за яго каманды: скруціў фігуру з трох пальцаў.

Прыгледзеўшыся, я сапраўды заўважыла гэты “элемент” на фотаздымку.

- Дык вы жартаўнік…

- Жулік! Я неверагодна ўдзячны Дзяругу за тое, што ён не знішчыў фота, а мог бы. Ён адчуў і ацаніў правільна імгненную выхадку малога. Бо гэта ж своеасаблівая аплявуха даросламу ад дзіцяці. Іншы мог бы на яе пакрыўдзіцца, а Дзяруга – не: што ўзяць з гэтага кучаравага жуліка? Ён зразумеў, што зрабіў гістарычны здымак. У гэтым заключаецца яго ўнікальны элемент Асобы. Яго талент як фотамастака, так і педагога. І неардынарнасць. Да таго ж фатографу ўдалося схапіць мой погляд – хітры-хітры. Цудоўна!

67092554_2228367180595723_6914113837151027200_n.jpg

"Вось мая вёска, вось мой пень родны", - пажартаваў Ілля ЛЯЎКОЎ, калі ўбачыў месца, дзе, па ўспамінах героя, быў зроблены гістарычны фотаздымак


Я бачу, наколькі гэты здымак дарагі для майго субяседніка. Якія цёплыя ўспаміны ён выклікае. “Што можа даць адзін чалавек іншаму, акрамя кроплі цяпла? І што можа быць большым за гэта?” – адказ на філасофскае пытанне пісьменніка Эрыха Марыі Рэмарка, якое ён задаў у рамане “Трыумфальная арка”, у кожнага свой, але, відаць, вельмі блізкі па сэнсу. І тут жа хочацца прадоўжыць думку пісьменніка: “А калі кропля цяпла, атрыманая даўно і далёка ад таго месца, дзе знаходзіцца чалавек… І яна прадаўжае грэць яго на працягу жыцця? Якую яна мае неймаверную сілу? Колькі дадатнай энергіі яна выпрацоўвае?”

Ці не ў гэтым веліч Дзяругі? Дарыць дабро іншым на доўгае захаванне.

- Пазней я таксама сустракаўся з Аляксандрам Анісімавічам, - прадаўжае ўспамінаць Ілья. - Быў у яго дома. Аднойчы бацькі мяне паслалі да Дзяругі забраць іхнія фотаздымкі на пашпарт. Мне на той час было гадоў 8-9. Я патрапіў у фоталабараторыю, якая знаходзілася ў яго дома на другім паверсе, дакладней, на гарышчы. Мне, малому, было вельмі цікава апынуцца ў царстве, дзе “нараджаліся” фотаздымкі. Аднойчы я патрапіў у Дом культуры, які размяшчаўся побач з касцёлам. У сапраўднае царства музыкі. Мяне ўразіла вялікая колькасць інструментаў (у асноўным, гэта былі мандаліны і цымбалы), на якіх гралі выхаванцы Аляксандра Дзяругі.

Праз год-другі, без сумневу, Ілья сам бы граў у гэтым аркестры. Але яго чакаў іншы лёс.

Смаргонец, які ўдасканаліў Дэкарта

Цяпер варта крыху расказаць, як склалася далейшае жыццё нашага амерыканскага госця пасля таго, як яго сям’я пакінула Смаргонь. Спачатку Ляўковы перахалі ў Вільнюс. Напрыканцы лютага 1956 года, пасля выступлення Мікіты Хрушчова на ХХ з’ездзе, дзе кіраўнік дзяржавы выкрыў культ асобы Сталіна (яго выступленне прагучала на іўрыце па радыё “Голас Ізраіля”), бацькі Ільі падалі заяву аб выездзе ў Ізраіль. Але атрымалі адмоўны адказ. Тады яны выехалі ў Польшчу і адтуль напачатку 1957-га дабраліся да Святой зямлі. Там Ілья вучыўся ў школе-інтэрнаце з сельскагаспадарчым ухілам. Але хлопца сельская гаспадарка цікавіла нашмат менш, чым палітыка. У 1963 годзе ён паступіў у Яўрэйскі ўніверсітэт у Іерусаліме на факультэт паліталогіі. Пасля адукацыю прадоўжыў у ЗША, ва ўніверсітэце Брандэйса, у Калумбійскім універсітэце і ў Свабодным універсітэце Берліна.

Вярнуўшыся ў ЗША, працаваў палітычным саветнікам у Генконсульстве Ізраіля ў НьюЙорку і там жа дырэктарам даследчага аддзела Нацыянальнай канферэнцыі савецкага яўрэйства. Быў спецыяльным саветнікам-кансультантам па справах СССР у Пентагоне.

Ілья Ляўкоў – аўтар кніг, рэдактар і выдавец. У 1984 годзе ў Нью-Йорку заснаваў выдавецкі дом “Ліберці”, у якім выйшла больш за 750 кніг. Па сённяшні дзень з’яўляецца яго прэзідэнтам. Ён таксама аўтар публікацый у прэстыжных амерыканскіх выданнях. Валодае іўрытам, англійскай, рускай і нямецкай мовамі. На візітоўцы Ільі напісана па-лацінску “Lego ergo sum” (“Я чытаю, значыць, я існую”).

66699785_2228367073929067_2599114873812025344_n.jpg

Ілья ЛЯЎКОЎ: “Чорныя парэчкі - яшчэ адзін напамін пра дзяцінства”. Агарод каля дома па вуліцы Леніна, 23, дзе жыла сям’я Ляўковых


66687385_2228366950595746_3061751927550246912_n.jpg

Якаў ЛАСКОЎ і Ілля ЛЯЎКОЎ каля дома па вул. Леніна, 23


Мой суразмоўца настолькі ўпэўнены ў важнасці чытання, што нават, як ён сам жартуе, удасканаліў думку філосафа Рэнэ Дэкарта “Я мыслю, значыць, я існую”. А пакуль мы помнім, мы жывём. “Памяць – наша багацце”, - словы вядомага акадэміка Дзмітрыя Ліхачова робяць яшчэ больш каштоўнымі дзіцячыя ўспаміны Ільі Ляўкова.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з архіва Ільі ЛЯЎКОВА.