З пачатку лістапада Ігар Шчасны зацверджаны начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Смаргонскага райвыканкама

Общество
10.12.2015
1506
Напачатку лістапада былы дырэктар сярэдняй школы №6 Ігар Шчасны зацверджаны начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму раённага выканаўчага камітэта. Большасць яго калег гэту навіну ўспрынялі як лагічны працяг кар’ернага росту таленавітага педагога і выдатнага кіраўніка. Сам жа Ігар Пятровіч з уласцівай яму сціпласцю і адначасова адказнасцю ставіцца да новай пасады...
Напачатку лістапада былы дырэктар сярэдняй школы №6 Ігар Шчасны зацверджаны начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму раённага выканаўчага камітэта. Большасць яго калег гэту навіну ўспрынялі як лагічны працяг кар’ернага росту таленавітага педагога і выдатнага кіраўніка. Сам жа Ігар Пятровіч з уласцівай яму сціпласцю і адначасова адказнасцю ставіцца да новай пасады як да магчымасці праявіць сябе і знайсці прымяненне сваім практычным набыткам на чарговым этапе жыцця.счасный

Ігар Шчасны належыць да таго тыпу людзей, якія зорак з неба не хапаюць, але зоркі самі іншы раз валяцца ім у рукі падзякай лёсу за добрасумленнасць і працавітасць. Да працы яго, як і яшчэ дваіх сваіх дзяцей, прывучалі бацькі. Да таго ж Ігар быў старэйшым у сям’і. Не самая лёгкая сялянская праца не толькі гартавала яго характар, але і стымулявала. Ці не таму нейкі час ён вагаўся, выбіраючы будучую прафесію паміж аграномам і настаўнікам. У вёсачцы Сялец Сінькоўскага сельсавета сям’я Шчасных карысталася павагай. Дзеці, павырастаўшы, хоць і з’ехалі ў гарады, але пастаянна наведваліся да бацькоў, каб дапамагаць ім па гаспадарцы і мець права на вясковыя прысмакі.
Закончыўшы Суцькаўскую СШ, Ігар Шчасны пад уплывам аўтарытэту свайго настаўніка і дырэктара школы Мікалая Шунько абірае прафесію педагога і паступае на гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але неўзабаве атрымлівае павестку ў ваенкамат і чарговыя два гады і два месяцы служыць у ваенна-марскім флоце. Дыплом спецыяліста ў 1993 годзе ён атрымліваў фактычна разам з жонкай, настаўніцай пачатковых класаў Святланай Іванаўнай. Разам уладкаваліся на работу ў Смаргонскую СШ №6. Гэты час Ігар Пятровіч згадвае як найлепшы, бо ў навучальную ўстанову мікрараёна Карані прыйшло два дзясятка маладых спецыялістаў, ініцыятыўных і заўзятых, энергічных і творчых.
Нездарма кажуць, што гісторыя - навука дакладная. Ігар Шчасны - прыхільнік дакладнасці ва ўсім: у лічбах, фактах, выкананні ўскладзеных абавязкаў. Таму і клуб юных інтэлектуалаў пад яго кіраўніцтвам вылучаўся значнымі поспехамі. Але найбольшую вядомасць Ігар Пятровіч атрымаў за поспехі ў падрыхтоўцы вучняў да шматлікіх прадметных алімпіяд. Ён адзін з самых паспяховых трэнераў каманды юных гісторыкаў, якія выдатна выступалі на абласных і рэспубліканскіх этапах, прыносячы сваімі перамогамі гонар Смаргоншчыне і Гродзеншчыне. За высокія дасягненні ў алімпіядным руху Ігар Шчасны быў узнагароджаны Ганаровай граматай міністэрства адукацыі, стаў стыпендыянтам Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы маладых талентаў. Пасля перамогі ў раённым конкурсе “Настаўнік года” і шматлікіх паспяховых выступленняў яго вучняў на розных этапах прадметных алімпіяд Ігар Пятровіч атрымаў запрашэнне на пасаду настаўніка гісторыі ў Смаргонскую гімназію. Гэты трохгадовы перыяд свайго жыцця ён лічыць важным этапам на шляху набыцця новых педагагічных методык, прафесійнага ўдасканалення і росту.
На пасаду дырэктара СШ №6 вяртацца было нескладана, таму што калектыў застаўся ранейшы, знаёмы. Той калектыў, у якім Ігар Шчасны карыстаўся заслужаным аўтарытэтам.
Свой стыль кіравання ён называе аўтарытарным, удакладняючы, што без парадку і дысцыпліны ніякія дэмакратычныя перамены немагчымы. Ён не любіць канфліктных сітуацый, таму лёгка ідзе на кампраміс, але жорстка патрабуе двухбаковага выканання дамоўленасцей. За гады дырэктарства навучыўся быць прынцыповым і адначасова шчодрым у падтрымцы і матэрыяльным заахвочванні тых, хто імкнецца праяўляць ініцыятыву, плённа працаваць, асвойваць новыя педагагічныя тэхналогіі дзеля павышэння якасці адукацыйнага працэсу.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота аўтара.

 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!