Успаміны дзяцінства грэюць усё жыццё

 

Успаміны дзяцінства грэюць усё жыццё

Люди Сморгонщины
16.12.2023
1169
Сапраўдны сэнс слоў “жыццё пражыць – не поле перайсці” могуць зразумець толькі тыя, хто прайшоў вялікі шлях па бязмежных прасторах лёсу, набраў паўнюткія далоні радасці і жыццёвых нечаканасцей. Часта такія людзі зусім побач, як, напрыклад, мае дзядуля з бабуляй - яны пражылі разам шэсцьдзясят гадоў у вёсцы Пастарыні-ІІ, сярод мядовага водару верасоў, бляску знічак у начным небе, паху баравікоў на лясной сцежцы…
Русак.jpg

Шэсцьдзясят гадоў таму назад, калі ўзмужнелы, статны, працавіты, прывабны хлопец Стась толькі вярнуўся з арміі, яны сустрэліся на танцах, што ладзіліся ў вясковай хаце. Прыгожая, добрая, спагадлівая Сафія адразу звярнула да сябе позірк хлопца. Так і пачалася іх гісторыя.

Хутка зладзілі вяселле, пасля нарадзіліся тры дачушкі. Новая драўляная хата, пабудаваная сваімі рукамі, напоўнілася дзіцячым смехам. Пазней дочкі юбіляраў успаміналі, што яны, хоць і дзяўчаты, а дапамагалі па гаспадарцы не горш за хлопцаў: сушылі сена, пілавалі і складвалі дровы, пасвілі кароў. А яшчэ была ў сям’і традыцыя -  усім тром дачушкам на Вялікдзень і фэст купляць новыя сукенкі. І тады яны, радасныя і ўзбуджаныя, у абноўках хадзілі “па яйко” і па пернікі.

Мая матуля, згадваючы свае дзіцячыя гады, расказвала, што ніводнага разу не было такога, каб яе тата ўзяў з талеркі апошні кавалак мяса або яшчэ якой стравы. Дзядуля заўсёды дзяліў паміж усімі пароўну, нягледзячы на тое, што ён, мужчына, працуе цяжэй. Я ніколі не бачыла, каб дзядуля сядзеў без справы. Усе драўляныя пабудовы каля хаты зроблены яго ўмелымі рукамі. Сена для кароў, дроў для лазні заўжды было назапашана з лішкам. І ўсё – на сваіх месцах. Такога гаспадара я больш не сустракала!

Станіслава і Сафію Батураў паважаюць аднавяскоўцы. Не раз звярталіся яны да дзядулі па дапамогу то ў кавальскай, то ў сталярнай справе. Бабуля ўсё жыццё адпрацавала ў краме. Памятаю, як мы, пяцёра ўнукаў, пільнавалі яе ў вакне – вядома ж, чакалі з прысмакамі. Надзеі нашы спраўджваліся – усім даставалася па цукерачцы. Кожную раніцу бабуля частавала нас блінамі са смятанай. Насыпеш цукру туды – і, здаецца, смачнейшага няма нічога ў свеце. А ці спрабавалі вы калі маладую бульбу з печы, прыгатаваную ў чыгунку? Так, як частавалі нас у дзяцінстве, больш не будзе нідзе.

Розным было іх жыццё. Канешне, складанасцей таксама было шмат. Але цяпер, дажыўшы да такога ўзросту і ўспамінаючы мінулыя гады, бабуля з дзядулем прыгадваюць толькі шчаслівыя моманты.

Пішу гэтыя радкі, а ў самой настальгія па дзіцячых гадах сціскае сэрца. Памятаю, як хораша было, калі грэліся сцюдзёнай зімой на зэдліку каля печкі, памешваючы качаргой чырвоныя вугольчыкі. Колькі ўражанняў мы, унукі, атрымлівалі ад падарожжа за чабарком, зверабоем і зёлкамі для гарбаты, што так смачна заварвала бабуля! А яшчэ вельмі любілі мы ­сядзець за адрынай і назіраць за камбайнамі падчас жніва. Думаеце, так проста мы сядзелі? Кожнаму дзядуля адразаў па лусце хлеба і кумпяка. Як жа смачна было нам частавацца на свежым паветры! Нават на танцы ў суседнюю вёску мы пачалі хадзіць летам менавіта ад бабулі. Столькі эмоцый звязана з гэтай роднай, утульнай сялянскай хатай…

Яны ўдвух падарылі жыццё такой вялікай сям’і: тром дочкам, пецярым унукам і ўжо шасці праўнукам. Самыя родныя і самыя любыя ў свеце, вучылі і вучаць сваіх нашчадкаў галоўнаму – жыць так, каб не было сорамна зірнуць у вочы суседу і свайму сумленню. Заўсёды раілі жыць у згодзе паміж сабою, без крыўды і варожасці. А 18 снежня дзядулю Станіславу Іосіфавічу споўніцца 84 гады. Самае гарачае жаданне ўсіх родных - каб здароўе яго ніколі не падводзіла, у хаце не было смутку і жалю, а з бабуляй яны жылі заўсёды дружна і шчасліва. Дзякуем Богу, што ў нас такія карані.

Наталля РУСАК.

Фота з архіву сям’і БАТУРА.


Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях  #Люди_Сморгонщины

Статьи по теме: