Плённы жнівень

 

Плённы жнівень

Люди Сморгонщины
06.08.2023
869
Давайце адгорнем старонкі календара роўна на паўстагоддзя назад і зазірнём у адну з вёсак нашага раёна. Жнівень 1973 года. Свяцілавічы. У калгаснікаў гарачая пара. Каласы вось-вось пачнуць асыпацца, а надвор’е не спрыяе жніву. У калгасе “Малінаўка” ўбрана ўсяго 30% зерневых. А між іншым пара і лён церабіць, і глебу ўзворваць, на якой нядаўна скасілі канюшыну… Вяскоўцы жывуць сваімі звычайнымі клопатамі: скарацечныя дні, кароткія летнія ночы.

IMG_6696.JPG


У свяцілаўскай дзетвары – канікулы. Дзяцей у вёсцы – не адзін дзясятак. У кожнай сям’і – па трое, не менш. З’яўленню пятага ці шостага ніхто не здзіўляецца. “Яшчэ адзін памочнік,” – кажуць вяскоўцы пра нованароджанае дзіця.

“Я ў сям’і быў самым малодшым, сёмым, - кажа Валянцін Чырыца, які нарадзіўся ў Свяцілавічах у жніўні 1973 года. – Акрамя мяне ў бацькоў былі яшчэ трое сыноў і трое дачок. Калі я нарадзіўся, старэйшаму брату быў ужо 21 год і ён служыў у войску”.

Бацька Валянціна Эдуардавіча працаваў жывёлаводам, маці была даяркай. Сям’я трымала ­дзвюх кароў, каня і іншую жывёлу. Дзеці ва ўсіх справах дапамагалі бацькам. Ужо ў дзесяцігадовым узросце Валянцін разам з бацькам і старэйшымі братамі касіў на сенажаці траву. Вялікая каса “дзевяціручка” хадзіла так спрытна, што дарослыя здзіўляліся. (У даўніну лязо касы гаспадары вымяралі рукой, колькі разоў змесціцца далонь – такі і памер: шасціручка, дзевяціручка – аўт.). Работы Валянцін не баяўся з дзяцінства. Бацькі садзілі амаль паўгектара бульбы, такога ж памеру надзел буракоў бралі ў калгасе на праполку. З работай спраўляліся хутка: было шмат памагатых. Валянціна, як самага малодшага, не песцілі. Маці была сур’ёзнай, ведала, што дзяцей нельга разбэшчваць.

- Мая мама была строгай, але справядлівай. А мы, хлопцы, не заўсёды паводзілі сябе паслухмяна. Маглі і шыбу разбіць, і ўрок прагуляць. Пасля гэтага маці праводзіла такую размову, што на душы станавілася сорамна, мы не ведалі, куды вочы дзяваць, - прыгадвае Валянцін Чырыца.

Маці вельмі шмат змагла ўкласці ў сваіх дзяцей. З малых гадоў яна прывучыла іх не толькі да працы, але і да малітвы. Маленькага Валянціна ахрысцілі ў Вішнеўскім касцёле, і сюды кожную святую нядзелю сям’я прыязджала на Імшу. “Малітвы мы вывучылі нават раней, чым навучыліся чытаць. Літар яшчэ не ведалі, а “Ойча наш” і “Вітай Марыя” ўжо па памяці расказвалі”, - прыгадвае суразмоўца.

Валянцін Чырыца скончыў Малінаўскую базавую школу. Каб атрымаць агульную сярэднюю адукацыю, перайшоў вучыцца ў Вішнева. Надышоў час выбіраць прафесію. Валянцін, як сапраўдны вясковы хлопец, вырашыў паступаць у сельскагаспадарчую ўстанову. У 1990 годзе ён ужо быў студэнтам Гродзенскага інстытута. Факультэт выбраў зааінжынерны. Юнак памятаў, як у дзяцінстве наведваўся на комплекс у Вішнева, дзе працаваў тата. Ужо тады хлопчыку хацелася далучыцца да сур’ёзнай справы – вырошчвання буйной рагатай жывёлы.

У інстытуце Валянцін Чырыца паспяхова спраўляўся з вучобай, быў лідарам сярод студэнтаў. На другім годзе вучобы яго выбралі старастам курса і старшынёй студэнцкай рады інтэрната. Акрамя таго, ён уладкаваўся на паўстаўкі сталяром, а ў вольны час паспяваў разгружаць вагоны са шчэбенем. Актыўнасць і працаздольнасць прыносілі доўгі ­рубель. Даходы Валянціна былі ў тры разы большыя, чым у яго аднакурснікаў.

Пасля заканчэння інстытута Валянцін Чырыца вярнуўся на Смаргоншчыну. Працаваў некалькі гадоў ва ўпраўленні сель­скай гаспадаркі райвыканкама, пазней - намеснікам дырэктара саўгаса “Смаргонскі”.

- Мне пашанцавала ­сустрэць на жыццёвым шляху такіх прафесіяналаў жывёлагадоўлі як Васіль Сітавенка, Франц Бурынскі, Мікалай Мялешчык, Яраслаў Дварэцкі… - прадаўжае ­называць імёны Валянцін Эдуардавіч.

У 2006 годзе Валянціну Чырыцу прапанавалі ўзначаліць райплемстанцыю. З прыходам на новую пасаду ініцыятыўны кіраўнік істотна ўдасканаліў племянную работу на фермах раёна. У той час на Смаргоншчыне было 14 гаспадарак, паўсотні фермаў. У рабоце, накіраванай на  павышэнне рэпрадуктыўнасці кароў, былі вялікія прабелы. Новы кіраўнік племстанцыі прапанаваў паспрабаваць асемяненне кароў па новай сістэме. За пэўнымі фермамі замацоўвалі аднаго адказнага спецыяліста, які займаўся непасрэдна асемянатарскай справай. Спроба аказалася ўдалай. Ужо праз 9 месяцаў у гаспадарках здарыўся цялячы бум. Паказчыкі па малаку таксама пайшлі ўгору. Сістэма, прапанаваная Валянцінам Чырыцам, даказала сваю эфектыўнасць. Кіраўніцтва раёна дазволіла новаму дырэктару пашырыць штат супрацоўнікаў. Па словах Валянціна Эдуардавіча, калектыву, якім ён сёння кіруе, невядома такое паняцце як цякучка кадраў. Людзі цэняць сваю работу і добрасумленна яе выконваюць.

У 2021 годзе Валянціну Чырыцу быў уручаны медаль “За працоўныя заслугі”. У кабінеце дырэктара ўзнагарода займае пачэснае месца. Мужчына ўдзячны ўсім, хто дапамог заслужыць гэты медаль: калектыву – за працу, жыццёвым настаўнікам – за мудрасць, маці – за выхаванне, тату – за прыклад працавітасці.

Таццяна ЛЫСКОВА.

Фота аўтара.



Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях