З юбілеем, шаноўны Анатоль Анатольевіч!

 

З юбілеем, шаноўны Анатоль Анатольевіч!

Люди Сморгонщины
07.08.2020
1558

7 жніўня сустракае свой жыццёвы юбілей паважаны ў нашым раёне чалавек, які кіраваў Смаргонскім раёнам на пасадзе старшыні райвыканкама з кастрычніка 1987 па люты 1995, Анатоль Анатольевіч ЯНЕЦ. На гэтай пасадзе ён праявіў сябе як вельмі інтэлігентны, добрасумленны, прагрэсіўны кіраўнік і неабыякавы чалавек з высокай эрудыцыяй, глыбокімі прафесійнымі ведамі.

янец.jpg

Нарадзіўся Анатоль Анатольевіч у 1950 годзе ў г. Друскенінкай Літоўскай ССР. Свой працоўны шлях ён пачынаў на рабочых пасадах розных прадпрыемстваў Друскенінкая і Вільнюса. У 1969 годзе паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, які закончыў у 1974 годзе.

Маладым спецыялістам працягваў працоўную біяграфію ў Бераставіцкім, а затым у Смаргонскім раёнах. Прайшоўшы многія прыступкі службовай лесвіцы, у 1980 годзе быў абраны старшынёй калгаса “50 год СССР”, а яшчэ праз сем гадоў Анатоля Анатольевіча абіраюць старшынёй выканкама Смаргонскага раённага Савета народных дэпутатаў. На гэтай пасадзе Анатолю Янцу давялося працаваць у складаны час вострага эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага крызісаў, выкліканых распадам СССР, парушэннем эканамічных сувязей, распадам існуючых прыярытэтаў і станаўлення новага грамадзянскага таварыства ў незалежнай рэспубліцы.

Бясспрэчна, вялікай заслугай Анатоля Анатольевіча ў той складаны час было захаванне аграпрамысловых прадпрыемстваў, якія для раёна былі базіснымі, а таксама многіх гісторыка-культурных каштоўнасцей Смаргоншчыны, якімі сённяшнія пакаленні смаргонцаў ганарацца.

Анатоль Янец працаваў кіраўніком філіяла АКБ “Приорбанк”, дырэктарам па знешне-эканамічных сувязях канцэрна “Праінтэкс”, дырэктарам ВЭС ТАА “Дарвес”.

Нават выйшаўшы на заслужаны адпачынак, Анатоль Анатольевіч працягваў працаваць на розных пасадах, уносячы сваю лепту ў эканамічнае развіццё Смаргонскага раёна. Ён заўжды быў і застаецца чалавекам актыўнай грамадзянскай пазіцыі, шчырым прыхільнікам захавання і папулярызацыі багатай культурна-гістарычнай спадчыны нашага краю і Беларусі.

Віншуем шаноўнага Анатоля Анатольевіча з яго прыгожым юбілеем і зычым надалей захоўваць маладосць душы і цела, здаровае пачуццё гумару, быць запатрабаваным і паважаным у сямейным коле і коле сяброў, несці пазітыўнае стаўленне да жыцця і служыць прыкладам прыстойнасці і чалавечнасці.

Смаргонскі раённы выканаўчы камітэт.

Раённы Савет дэпутатаў.