Год якасці – наш год

 

Год якасці – наш год

Год качества
18.03.2024
272
Мяне вельмі ўзрадавала, што гэты год аб’яўлены ў нашай краіне Годам якасці. У сучасным даволі хуткасна-імклівым жыцці мы не паспяваем падчас нават задумацца, што паняцце «якасць» – глыбокае, шматграннае. Нават інавацыйнае: несумненна, гэты год яшчэ раз пераканаўча падкрэсліць, што ёсць шматлікія магчымасці ў кожнага прадпрыемства актыўна і скрупулёзна развівацца ў інавацыйнай сферы.

Усе мы пастаянна жадаем павышэння якасці нашага асабістага і грамадскага жыцця. Аднак, калі задумацца: зроблены на фабрыцы тавар, прадукт – нават вельмі якасны, не заўсёды ў сваім першапачатковым абліччы трапляе да спажыўца. Нярэдка ў краме мы купляем адсырэлае пячэнне, сасіскі з душком, заплеснявелую каўбасу, сапсаваныя яблыкі. А то і наогул купляем пратэрміраваныя прадукты. Нават у аптэцы мне нядаўна прапанавалі мазь, «жыць» якой заставалася толькі адзін месяц, зроблена яна была ў 2021 годзе.

3 другога боку, словазлучэнне «зроблена ў Беларусі» пацвярджае прыстойную якасць, натуральнасць кампанентаў. Зафіксаваны нават многія выпадкі, калі ў СНД прадаваліся іншародныя прадукты пад слоганам «зроблена ў Беларусі». А ў гарадах Расіі жыхары нават просяць прадаўцоў больш прывозіць беларускага.

Дадам, што гатаваць, вырошчваць мы навучыліся, а вось захоўваць, рэалізоўваць
яшчэ незаўсёды. Нам ні ў якім разе нельга забываць і пра прыярытэт якасных паказчыкаў над колькаснымі.

Мы самі падчас вінаватыя, бо забываем пра своечасовую дыспансерызацыю, здаровае харчаванне, сапраўды культурны вольны час. Душы многіх сёння паралізаваныя: з-за сваіх планшэтаў мы перасталі заўважаць тых, хто побач... Якасны адпачынак – гэтаму таксама трэба навучыцца!

Зразумела, што знак якасці будзе прысвойвацца найперш харчовым таварам, таварам народнага спажывання, прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння. I каб атрымаць
айчынны знак якасці, прадпрыемствы Беларусі павінны і надалей не проста выпускаць якасную, адпаведную лепшым аналагам прадукцыю, але і валодаць бяспечным, экалагічным, інавацыйным, тэхналагічным і эстэтычным патэнцыялам.

Што тычыцца прысуджэння новай узнагароды, то можна з упэўненасцю сказаць, што за яе давядзецца сур’ёзна пазмагацца. Статус для Дзяржаўнага знака якасці абяцаюць ужо сёння самы высокі. У ліку намінантаў могуць быць як буйныя прадпрыемствы з багатай гісторыяй, так і маладыя, з новай прадукцыяй.

Лічу, Год якасці можа стаць сапраўдным залогам поспеху сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Зразумела, што кожны з нас адначасова з’яўляецца не толькі спажыўцом, але і стваральнікам якасці. Ад таго, наколькі якасным будзе наша ўсеагульнае і прыватнае стаўленне да працы, да таго, што і як мы будзем ажыццяўляць на сваім працоўным месцы, залежыць канкурэнтаздольнасць айчынных тавараў, паслуг, а значыць – узровень дабрабыту краіны ў цэлым і кожнага з нас.

Мы прыйшлі да такой сітуацыі, калі трэба падымацца на прыступкі ўсё вышэй і вышэй. Нас ціснуць з усіх бакоў, лягчэй не будзе, гэта аб’ектыўна. Нам ні ў якім разе нельга спыняцца: калі спынімся, пачнецца тармажэнне, загніванне, як у нашай гісторыі ўжо было. Падкрэслю: якасць – найважнейшы прыярытэт у палітыцы нашай краіны. Дасягненне высокай якасці беларускай прадукцыі – вызначальны фактар паспяховага прасоўвання айчынных тавараў на знешні рынак, а значыць – умацаванне нацыянальнай эканомікі, нацыянальнай бяспекі. Мяне як грамадзяніна Беларусі радуе, што пастаянна расце экспарт беларускіх тавараў і паслуг, павялічваецца пазнавальнасць нашага нацыянальнага брэнда «зроблена ў Беларусі», які прадстаўлены больш чым у 160 краінах. Пастаянна расце і геаграфія нашых паставак.

Пра многае кажуць і лічбы статыстыкі. Пра якасць жыцця ў Беларусі сведчыць, напрыклад, і тая колькасць турыстаў, што наведваюць нашу Сінявокую: летась у нас пабывала звыш 1,6 млн чалавек са 173 краін.

Запатрабаваныя сярод замежнікаў не толькі славутасці нашай Бацькаўшчыны: да нас едуць лячыцца (у 2023 го­дзе 123 тыс. грамадзянам са 149 краін аказаны медыцынскія паслугі), вучыцца (25 тыс. студэнтаў з больш чым 100 краін атрымліваюць у нас адукацыю).

Дзяліцца дасягненнямі айчыннай эканомікі мы гатовы з усімі, хто бачыць у Беларусі партнёра. Кожны павінен разумець простую ісціну – добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў з’яўляецца ключавой умовай дасягнення агульнага поспеху, павышэння матывацыі працы. Неабходна стымуляваць арганізацыі, каб яны павышалі якасць і канкурэнтаздольнасць прадукцыі, работ і паслуг. Мы павінны ўсвядоміць, што дабрабыт краіны, ад якога залежыць і асабістая задаволенасць якасцю жыцця, перш за ўсё, забяспечваецца эфектыўнасцю вучобы, працы, службы кожнага з нас.

Канстанцін КАРНЯЛЮК.

Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях

 

Статьи по теме: