Аб рэвалюцыі з розных пазіцый

 

Аб рэвалюцыі з розных пазіцый

Диалоговая площадка
02.11.2023
735
Складана сказаць, якая падзея 20 стагоддзя выклікае столькі спрэчак, дыскусій і супрацьлеглых меркаванняў, як Кастрычніцкая рэвалюцыя. Сёння Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі з усіх краін былога СССР святкуюць толькі ў Беларусі. Што дзень 7 лістапада значыць для людзей розных пакаленняў і прафесій, спрабавалі разабрацца на дыялогавай пляцоўцы, якая прайшла 2 лістапада ў гісторыка-краязнаўчым музеі.

Мадэратарам дыскусіі стала Ганна Джумкова, начальнік аддзела ідэалогіі і па справах моладзі райвыканкама. З самага пачатку яна абазначыла правілы дыялогавай пляцоўкі і яе мэту: “Хачу, каб кожны ўдзельнік выйшаў адсюль з пачуццём задаволенасці, што ён змог выказаць свой пункт гледжання, пачуць іншыя меркаванні і атрымаць адказы на свае пытанні”.

Дыялогавая пляцоўка не стала сляпым ухваленнем савецкага ладу жыцця і ідэй Кастрычніцкай рэвалюцыі. Адным з прадметаў дыскусіі сталі негатыўныя наступствы гэтай падзеі. Прысутныя, напрыклад, пагадзіліся, што забойства імператара Мікалая ІІ і яго сям’і было злачынным актам. Але выказваліся розныя меркаванні наконт таго, была гэта ініцыятыва правячай “вярхушкі” ці ініцыятыва на месцы.

Паразважалі ўдзельнікі дыялогавай пляцоўкі і пра рэпрэсіі. Як зазначыў супрацоўнік музея, гісторык Павел Картавік механізм рэпрэсій вядомы тым, хто цікавіцца гэтай тэмай, захавалася мноства дакументаў. А вось прычыны гэтай з’явы да канца не высветлены. Некаторыя прысутныя падзяліліся гісторыямі сваіх сем’яў, якіх закранулі арышты, расстрэлы і пераследаванні.

Абмеркавалі таксама рэлігійныя ганенні і іх прычыны. Крыху адступіўшы ад тэмы, нават задаліся адвечным пытаннем, наколькі рэлігія ўвогуле неабходна ў жыцці чалавека і пра яе сувязь з прагрэсам сацыяльна-эканамічнага развіцця розных краін свету.

Яшчэ адной тэмай дыскусіі стаў вельмі нізкі ўзровень жыцця насельніцтва пасля рэвалюцыі, як у розныя часы складвалася эканамічная палітыка бальшавікоў.

Сярод найважнейшых наступстваў Кастрычніцкай рэвалюцыі назвалі станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Адным з пунктаў гледжання было тое, што калі б захаваўся самадзяржаўны строй, Рэспублікі Беларусь сёння, хутчэй за ўсё, не было б. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Савіцкая расказала аб тых дасягненнях савецкага перыяду, якія прыжыліся ў нашай сённяшняй рэчаіснасці: сацыяльныя гарантыі для працуючых, аплачваемы водпуск, 8-гадзінны рабочы дзень, даступныя медыцына, адукацыя, аздараўленне.

Агульным вывадам для прысутных стала, што сіла нацыі не толькі ў дасягненнях, але і ў памяці аб мінулым, дзе ёсць месца не толькі героям і подзвігамале таксама няўдачам і памылкам.

Сам фармат дыялогавай пляцоўкі не новы для нашага раёна, але некаторыя ўдзельнікі ўпершыню далучыліся да такога мерапрыемства. І тут ужо дыскусіі не было: усе пагадзіліся, што дыялог дазваляе найбольш поўна і цікава раскрыць выбраную тэму. Многія прыйшлі сюды з адным пунктам гледжання, але ў ходзе дыялогавай пляцоўкі, калі не змянілі сваё меркаванне, то атрымалі матэрыял для разважанняў і больш дэтальнага вывучэння.

2Z3A9215.JPG

2Z3A9216.JPG

2Z3A9217.JPG

2Z3A9221.JPG

2Z3A9239.JPG

2Z3A9244.JPG

2Z3A9253.JPG

1.jpg

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.



Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях