17 верасня працоўны калектыў Смаргонскага доследнага лясгаса адзначыць прафесійнае свята

Благоустройство и экология
16.09.2017
1938
Для працоўнага калектыву Смаргонскага доследнага лясгаса гэты год выдаўся нядрэнным, нягледзячы на ўмовы надвор’я, але даволі напружаным. У вытворчую сферу ўкладзена вельмі многа інвестыцый, у 5 разоў больш, чым летась. Было рэканструявана нямала аб’ектаў рознага прызначэння, у тым ліку адміністрацыйных будынкаў. У новы будынак, які знаходзіцца па вул. Чыгуначнай, пераехалі работнікі лесапункта. Але самае галоўнае сёлетняе набыццё, лічыць дырэктар лясгаса Аляксандр Шостак, - гэта тэхналагічная лінія пілення, якую цяпер манціруюць спецыялісты. У фінансавым плане мясцовая лясная гаспадарка працуе стабільна, работнікі своечасова атрымліваюць зарплату.

Лесхоз_Сморгонь_1.jpg

Памочнік ляснічага Станіслаў МІНКЕВІЧ.


Паколькі ў гэтым годзе было мала спякотных дзён, то ў лясных масівах не ўзнікалі пажары. Аднак апошнім часам на лясную гаспадарку навальваюцца іншыя беды. Так, летась на вялікай плошчы быў пашкоджаны лес з-за моцных бураў. Прычым такое здарылася ўпершыню ў гісторыі лясной гаспадаркі Мінскай вобласці. Разбіраць лясныя завалы дапамагалі і работнікі Смаргонскага доследнага лясгаса.

Сёлета было выяўлена высыханне сасновых насаджэнняў па поўдні рэспублікі – у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. На гэты раз смаргонскія работнікі леса паехалі на дапамогу Гомельскаму вытворча-лесагаспадарчаму аб’яднанню. Вядома ж, адсутнасць часткі работнікаў ускладняе выкананне работ у самім Смаргонскім доследным лясгасе, павялічвае затраты, звязаныя з камандзіроўкай.

За высыханнем сасновых лясоў пільна сочаць вучоныя з Інстытута лесу. “Беллесаахова” праводзіць розныя доследы, назіранні за ачагамі паражэння лясных масіваў. Па меркаванні вучоных, асноўная прычына высыхання дрэў – змяненне клімату на поўдні Беларусі, значнае змяншэнне колькасці ападкаў, засушлівыя апошнія гады, зніжэнне ўзроўню грунтовых вод. Дрэвы становяцца слабымі і знішчаюцца караедамі, іх колькасць пастаянна павялічваецца.

Што датычыць Смаргонскага і бліжэйшых да яго раёнаў, адзначыў дырэктар лясгаса Аляксандр Шостак, то тут, зыходзячы з умоў надввор’я, няма небяспекі высыхання сасновых лясоў, вільгаці хапае, клімат значна не змяніўся, што не садзейнічае распаўсюджванню шкодніка – жука-караеда.

Лесхоз_Сморгонь_2.jpg

Дырэктар лясгаса Аляксандр Шостак.

Па кар’ернай лесвіцы

Галоўны інжынер лясгаса Сяргей Карповіч працуе ў лясной гаспадарцы 20-ы год. Нарадзіўся ў Крэве, вакол якога маляўнічая прырода. Яна і навяла юнака на думку стаць лесаводам. Працаваў майстрам у Трылесінскім лясніцтве і адначасова вучыўся завочна ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Потым Сяргею Карповічу прапанавалі пасаду ляснічага ў Крэўскім лясніцтве. За старанні ў працы маладога ляснічага не раз заахвочвала кіраўніцтва лясгаса, яго фотапартрэт быў змешчаны на раённую Дошку гонару.

Лесхоз_Сморгонь_3.jpg

Галоўны інжынер лясгаса Сяргей Карповіч.


Два гады таму Сяргею Фёдаравічу прапанавалі пасаду галоўнага інжынера. Адметна тое, што два яго родныя браты таксама працуюць у лясгасе, адзін – ляснічым, другі – майстрам, а сын вучыцца ў тэхналагічным універсітэце на лесавода, ужо на 4 курсе.

Галоўны інжынер у лясгасе адказвае за ўсю вытворчасць і тэхніку таксама, а яшчэ за рэалізацыю прадукцыі. Дзякуючы старанням працоўнага калектыву і асабіста галоўнага інжынера Сяргея Карповіча, летась лясгас заняў 1 месца ў вобласці сярод лесагаспадарак, у тым ліку па рэалізацыі і выручцы. Сёлета ў першым паўгоддзі ён таксама быў у лідарах.

Ляцела з надзеяй вярнуцца

Наталля Калбыка прыехала ў Смаргонь па ўсесаюзным размеркаванні, закончыўшы Ухцінскі індустрыяльны інстытут. Было гэта 36 гадоў таму. Жанчына і цяпер добра памятае, як села ў самалёт з думкай: “Адпрацую тры гады і вярнуся дамоў”. Але яе надзеі не суджана было збыцца: якраз на трэцім годзе працы ў Смаргонскім доследным лясгасе дзяўчына выйшла замуж за мясцовага хлопца. І ніколькі потым не пашкадавала.

Наталля Антонаўна ўвесь час працуе на адным месцы – у лясгасе. Спачатку ёй прапанавалі пасаду інжынера па рэалізацыі прадукцыі, потым была эканамістам па прамысловасці і ўжо 10 гадоў узначальвае планавы аддзел.

Па словах жанчыны, ёй прыемна, што лясгас не проста смаргонскі, а смаргонскі доследны. І працуецца тут добра, бо цудоўны калектыў, прыемныя людзі. Разам з вопытнымі работнікамі сваю справу выконваюць маладыя спецыялісты. І ўсе разумеюць адзін аднаго, нягледзячы на розны ўзрост.

У планавым аддзеле лясгаса працуюць 4 чалавекі. Самая старэйшая – начальнік Наталля Калбыка. Маладыя эканаміст па планаванні, эканаміст па зарплаце. Вядучага эканаміста па цэнах не давялося застаць на працоўным месцы – паехала на курсы павышэння кваліфікацыі.

Начальнік планавага аддзела Наталля Калбыка паведаміла, што лясгас выконвае ўсе запланаваныя паказчыкі. Вядома ж, прыярытэтным напрамкам дзейнасці з’яўляецца павышэнне зарплаты работнікаў. Грошы не ляжаць мёртвым грузам, яны пастаянна знаходзяцца ў абароце – за іх купляецца новае абсталяванне, будуецца новы паляўнічы комплекс, рэканструіруюцца гаражы, абнаўляюцца дэндрапаркі ў лясніцтвах, выконваюцца іншыя работы.

Добры памочнік ляснічаму

Станіслаў Мінкевіч – адзін са старэйшых работнікаў Трылесінскага лясніцтва. Пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума ён па накіраванні адпрацаваў 7 гадоў у Гомельскай лесаэкспедыцыі, ажаніўся на Гомельшчыне, а потым разам з жонкай пераехаў у Смаргонскі раён, паколькі адсюль родам. У мясцовым лясгасе працуе з 1990 года. 10 гадоў быў майстрам і ўжо 17 гадоў - памочнік ляснічага Трылесінскага лясніцтва.

Станіслаў Станіслававіч прыгадаў, што за час яго працы шмат чаго змянілася ў лясніцтве. Калісьці тут нарыхтоўвалі за месяц 150-180 кубаметраў драўніны. Цяпер - каля тысячы “кубоў”. Прычым вальшчыкаў у лясніцтве няма, толькі работнікі лясной аховы і тэхніка - харвэстары, фарвадары. А яшчэ наёмныя рабочыя валяць лес.

Штат Трылесінскага лясніцтва невялікі – ляснічы, памочнік ляснічага, бухгалтар, 3 майстры і 14 леснікоў. Ухіл робіцца на ахову лесу ад пажараў і засмечвання. А яшчэ на спецыялістаў лясной аховы ўскладзены догляд за маладымі пасадкамі. Леснікі саджаюць лес.

Для аператыўнага выяўлення ачагоў загарання ў лясах, на мачце, якая знаходзіцца каля канторы Трылесінскага лясніцтва, устаноўлены відэакамеры. Пры іх дапамозе праглядваецца мясцовасць у радыусе 25 кіламетраў. Але апошнія два гады не было лясных пажараў.

Раней у лясніцтве быў адзін трактар МТЗ і коні. Іх у якасці транспартных сродкаў выкарыстоўвалі леснікі, а яшчэ коней  задзейнічалі на работах – тралёўцы і вывазцы бярвенняў. Цяпер транспартны парк лясніцтва складаецца з некалькіх аўтамашын. УАЗ замацаваны за ляснічым, на грузавым ГАЗ-66 падвозяць рабочых, у памочніка ляс-нічага і кожнага майстра ёсць службовы матацыкл.

Паколькі Трылесінскае лясніцтва знаходзіцца непадалёку ад горада, то нярэдкія выпадкі забруджвання лесу смеццем. Нядаўна ў некаторых месцах былі ўстаноўлены відэакамеры. Пры іх дапамозе ўдалося выявіць не толькі тых, хто засмечвае лес, але і зладзеяў, якія крадуць складзіраваную ў лесе драўніну.

Памочнік ляснічага – вельмі адказная пасада. Станіслаў Мінкевіч вядзе ўсю тэхнічную дакументацыю, вырашае іншыя рабочыя пытанні ў выпадках, калі адсутнічае ляснічы. А яшчэ на яго ўскладзены пасадка лясных культур, падбор дзялянак, якасць выканання высечак і ахова працы. І з усім гэтым спраўляецца Станіслаў Станіслававіч, паведамілі ў лясгасе.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 

 

 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!