Да дня работнікаў культуры

Культура
07.10.2016
1825
Не кожны айчынны музей можа пахваліцца наяўнасцю такіх спецыялістаў, як Таццяна Кляшчонак. У яе асобе спалучыліся чароўным чынам дапытлівы навуковец, дбайны перакладчык, ініцыятыўны энтузіяст адраджэння старасвецкіх музычна-культурных традыцый. Таму і музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі паступова адраджаецца духоўна і вяртае былую славу “Паўночных Афінаў”.

А пачыналася ўсё ў далёкія 90-я...
tanya-klyashchonak-010Не кожны айчынны музей можа пахваліцца наяўнасцю такіх спецыялістаў, як Таццяна Кляшчонак. У яе асобе спалучыліся чароўным чынам дапытлівы навуковец, дбайны перакладчык, ініцыятыўны энтузіяст адраджэння старасвецкіх музычна-культурных традыцый. Таму і музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі паступова адраджаецца духоўна і вяртае былую славу “Паўночных Афінаў”.

А пачыналася ўсё ў далёкія 90-я мінулага стагоддзя. Замілаванне краявідамі і маляўнічымі куточкамі старасвецкай залескай сядзібы, знаёмства з апантанымі краязнаўцамі паспрыялі нараджэнню ў душы настаўніцы гісторыі неспатольнай цікавасці да падзей сівой даўніны, авеянай славай змагароў за незалежнасць Айчыны. Адлучаныя за дзесяцігоддзі і нават стагоддзі ад уласнай гістарычнай спадчыны беларусы пачыналі шукаць і адраджаць крыніцы летапіснай, літаратурнай і матэрыяльнай культуры. Паслабленне ў палітычных стасунках дзяржаў расчыніла “жалезны занавес”, а для многіх расчыніліся архіўныя сховішчы.

Падчас навучання на курсах польскай мовы ў Люблінскім універсітэце Таццяна Кляшчонак мела магчымасць наведвацца ў мясціны, звязаныя з гісторыяй роду Агінскіх, сустракацца з людзьмі неабыякавымі, якія захоўвалі і папулярызавалі музычную спадчыну славутага аўтара паланэзаў. У Гузаве, дзе захавалася радавое гняздо Міхала Клеафаса, шчыраваў ксёндз Пётр Станек. У Кракаве адшукаўся нашчадак кампазітара і грамадскага дзеяча Іеранім Высоцкі. Дзякуючы ім постаць Міхала Клеафаса для Таццяны Іванаўны набывала ўсё больш выразныя рысы, яго дзейнасць раскрывалася ўсё шырэй і глыбей. Назапашаная інфармацыя атрымала ўвасабленне ў шматлікіх публікацыях. Артыкул “М. К. Агінскі і Беларусь”, змешчаны ў “Беларускім гістарычным часопісе”, прыцягнуў увагу знаўцаў - Таццяна Кляшчонак была заахвочана журналісцкай прэміяй імя Ежы Гедройця.

З таго часу асабісты навуковы “капітал” даследчыцы няспынна абагачаўся новымі і новымі знаходкамі, адкрыццямі. Чытачы нашай газеты мелі магчымасць знаёміцца з фундаментальнымі працамі пра радавод і нашчадкаў М. К. Агінскага. А новы музей у Залессі атрымаў выдатнага навуковага супрацоўніка, чыя дзейнасць узбагачае інтэлектуальную ўласнасць установы. Таццяна Іванаўна не толькі праводзіць экскурсіі на трох мовах, яна займаецца плённай перакладчыцкай работай. Напрыклад, пераклала на беларускую мову слынную паэму “Залессе” А. Ходзькі. Яна аўтар сцэнараў большасці мерапрыемстваў, што ладзяцца ў сценах музея-сядзібы. Дзякуючы ёй падтрымліваецца перапіска з нашчадкамі колішняга гаспадара “Паўночных Афінаў”.

Цяпер даследчыца працуе над стварэннем пераліку зямельных уладанняў князёў Агінскіх на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. А яшчэ хутка з’явіцца ў музеі выстава ацалелых і неацалелых палацаў і замкаў гэтага роду. Захапіўшыся хітра-спляценнямі жыццёвага лёсу Міхала Клеафаса, Таццяна Іванаўна ўсё часцей схілялася да думкі, каб у даступнай для шырокага чытача манеры падаць назапашаны ёю матэрыял пра гэтага таленавітага музыканта і шчырага прыхільніка гуманістычных ідэй. Яе мара пачала ажыццяўляцца, і хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе нас чакае цікавая сустрэча з новым мастацкім творам.

Ала КЛЕМЯНОК.

Фота аўтара.