Навукова-практычная канферэнцыя: Крэўскія чытанні. Культурная спадчына

Культура
10.06.2016 09:01
2053
Дацэнт ГрДУ імя Я. Купалы Іван ТРАЦЦЯК перадае свае кнігі дырэктару Крэўскай СШ Таццяне КАПЫШ.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Крэўскія чытанні: гісторыя, археалогія, культурная спадчына Крэва” ладзілася 2 - 3 чэрвеня па ініцыятыве інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Смаргонскага райвыканкама і мясцовага дабрачыннага фонду “Крэўскі замак”. У чытаннях бралі ўдзел гісторыкі-навукоўцы...
krevo_1 Дацэнт ГрДУ імя Я. Купалы Іван ТРАЦЦЯК перадае свае кнігі дырэктару Крэўскай СШ Таццяне КАПЫШ.


Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Крэўскія чытанні: гісторыя, археалогія, культурная спадчына Крэва” ладзілася 2 - 3 чэрвеня па ініцыятыве інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Смаргонскага райвыканкама і мясцовага дабрачыннага фонду “Крэўскі замак”. У чытаннях бралі ўдзел гісторыкі-навукоўцы і краязнаўцы нашай краіны, а таксама госці з Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны.

krevo_2 Мадэратар першай секцыі, кандыдат гістарычных навук Алег ДЗЯРНОВІЧ.


Урачыстае адкрыццё канферэнцыі і пленарнае пасяджэнне адбыліся ў Крэўскім Доме культуры. Прысутных прывітаў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко. Мадэратар пленарнага пасяджэння, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза апавядаў аб зменах заканадаўства ў сферы вывучэння і аховы археалагічнай спадчыны Беларусі. У прыватнасці, Вадзім Леанідавіч спыніўся на вялікай выратавальнай рабоце археолагаў, якая стала магчымай дзякуючы новым заканадаўчым актам, што рэгламентуюць парадак правядзення археалагічных даследаванняў, а таксама пастановам Савета міністраў, накіраваным на захаванне матэрыяльнай і духоўнай культурнай спадчыны краю.

Выступленне на пленарным пасяджэнні кандыдата гістарычных навук, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алега Дзярновіча стала своеасаблівым уступам перад вялікай размовай пра культурную спадчыну Крэўскага замка і самога мястэчка. Алег Іванавіч акцэнтаваў увагу прысутных на разыходжаннях у думках даследчыкаў адносна часу пабудовы замка, а таксама на мастацкіх і архітэктурных асаблівасцях гэтага старажытнага помніка дойлідства. Напрыканцы выступоўца канстатаваў, што сёлета на замчышчы археалагічныя даследаванні не плануюцца. Аднак паколькі мясцовыя актывісты маюць намер працягваць сваю дзейнасць па кансервацыі і аднаўленні Княжацкай вежы, то такія работы павінны праводзіцца паралельна з археалагічнымі пошукамі. Цікавая інфармацыя пра стасункі польска-літоўскай шляхты ў першай палове ХVI стагоддзя прагучала ў выступленні доктара гісторыі з Польшчы Дамініка Шульца.

Пасля наведвання выставы “Крэва праз стагоддзі”, экскурсіі ў народны музей Крэўскай сярэдняй школы і прэзентацыі праекта візуалізацыі 3D рэканструкцыі Княжацкай вежы ўдзельнікі канферэнцыі перайшлі да працы па секцыях.

У працы першай секцыі, на якой сабраліся даследчыкі найбольш старажытных часоў, разглядаліся праблемы балцка-славянскіх кантактаў напачатку нашай эры і менавіта спадчыну і артэфакты Крэўскага замка, як аднаго з першых прыкладаў мураванага абарончага дойлідства. Змястоўныя даклады прачыталі кандыдат гістарычных навук Вадзім Шадыра і першы сучасны даследчык Крэўскага замка, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства БДУ культуры і мастацтваў Алег Трусаў. У далёкім 1985 годзе разам з Міхаілам Ткачовым ён працаваў на археалаічных даследаваннях у Крэве. Тады было знойдзена шмат артэфактаў. А найбольш каштоўнай знаходкай Алег Анатольевіч лічыць звязку ключоў ад пакояў старажытнага замка. На думку выступоўцы, на тэрыторыі замчышча можна яшчэ адшукаць вялікую колькасць старажытных рэчаў, што належаць да розных гістарычных эпох і могуць шмат пра што расказаць знаўцам гісторыі.

На пасяджэнні другой секцыі выступоўцы апавядалі пра тапані-мічную, нумізматычную і фунеральную (могілкавую) спадчыну Крэва. Сярод іншых выступленняў было шмат па гісторыі мясцовасці падчас Першай сусветнай вайны. Цікавай інфармацыяй падзяліліся навукоўцы, а таксама краязнаўцы дырэктар выдавецтва “Гольфстрым” Уладзімір Багданаў, мясцовы знаўца даўніны Аляксандр Камінскі. Дацэнт кафедры турызму і культурнай спадчыны Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Іван Траццяк, які калісьці працаваў у Крэўскай СШ, зрабіў агляд беларускага друку міжваеннага часу з акцэнтам на Крэва і гміну. А яшчэ Іван Іванавіч падарыў школе свае апошнія кнігі па гісторыі краю.

Удзельнікі канферэнцыі пад-трымалі ініцыятыву мясцовых актывістаў аб афіцыйным вяртанні Крэву гістарычнага герба “Ляліва”. Напрыканцы была прынята рэзалюцыя, тэкст якой будзе надрукаваны пасля ўнясення ўсіх слушных заўваг і дапаўненняў. Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі будуць выдадзены пры падтрымцы інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Падзячныя лісты былі ўручаны начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяне Ражэвай, намесніку старшыні райвыканкама Генадзю Бычко, дырэктару Крэўскай школы Таццяне Капыш, дырэктару Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Марыне Кіроўскай.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений