Выстава Эдуарда Мацюшонка адкрылася ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі

 

Выстава Эдуарда Мацюшонка адкрылася ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі

Культура
13.04.2022
3202
 “Калі робіш персанальную выставу – гэта як споведзь. Я адкрываюся перад вамі”, - так вілейскі мастак Эдуард Мацюшонак пачаў сваё выступленне падчас адкрыцця выставы “Адна зямля” ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі. І тут жа прапанаваў прысутным парадніцца...

IMG_1407.JPG

IMG_1409.JPG

IMG_1459.JPG

IMG_1466.JPG

Маэстра прэзентаваў 20 работ высокапрафесійных, глыбокіх па зместу. Падрабязна расказаў пра свае перажыванні падчас іх стварэння.   

Карціны Эдуарда Мацюшонка – гэта ода бацькам,  роднай зямлі, гісторыі, культуры. Для работы “Каўчэг” Эдуард Уладзіміравіч выкарыстаў палатно, якое выткала яго маці, дошкі для падрамніка зрабіў са стальніцы, за якой сядзелі яго продкі. У раму карціны “Бацькоўскія сады” ўмацаваў дошчачку, на якой адзначалі рост дзяцей. Як патлумачыў мастак, гэта лінейка, па якой ішоў  яго род.

IMG_1508.JPG

IMG_1553.JPG

IMG_1420.JPG

IMG_1511.JPG

На экспазіцыі прадстаўлены і работы-рэканструкцыі. Па старых фотаздымках, архіўных дакументах, аповедах сведкаў мастак адраджае былую архітэктуру Беларусі, гістарычныя падзеі. На палотнах ёсць і вядомы гістарычныя асобы – Эмілія Плятэр, Іахім Літавор Храптовіч,  Міхал Клеафас Агінскі. Калі мастак расказваў пра вядомага палітычнага дзеяча і кампазітара з Залесся, пачаў гучаць паланэз “Развітанне з Радзімай” – і яго гукі дадалі яшчэ больш эмацыйнасці аповеду.

IMG_1378.JPG

IMG_1379.JPG

IMG_1382.JPG

IMG_1389.JPG

З афарызмаў мастака Эдуарда Мацюшонка

 Для мяне самае высокае мастацтва – кампазіцыя

Для Эдуарда Уладзіміравіча кампазіцыя = твор мастацтва. Пра гэта ён адзначыў падчас інтэрв’ю. На выставе аўтар прадставіў 20 кампазіцый. Але ж не можа творца ўвесь час ствараць толькі шэдэўры. І гэту думку пацвярджае сам мастак: “У маім заплечніку ёсць працы, створаныя на эмоцыях. Калі прыязджаю на Глыбоччыну, мне падабаецца, дапусцім, стан надвор’я, – я пішу. Магу напісаць эцюд за 2 – 3 дні, а можа, і за адзін сеанс. Для мяне гэта патрэбны для ачышчэння палітры і для адпрацоўкі нейкіх тэхнік. Каб быць тэхнічна падкаваным, трэба выязджаць на плэнэры, рабіць штудзіі, даводзіць сваё майстэрства да таго, што галава адчувае, сэрца кажа, а рука робіць”.

У скарбонцы нашага героя – каля сотні кампазіцый. Захоўваюцца яны ў майстэрні мастака, у музеях (у Глыбокім, Вілейцы, Паставах, Петрапаўлаўску-Камчацкім і Гутэрслоў (Германія), а найбольш – у прыватных калекцыях, у тым ліку і за мяжой. Выпадковых людзей сярод уладальнікаў работ няма.

“Каб такі твор нехта меў у хаце, трэба мець інтарэс да гэтай тэмы, перажываць тую гісторыю, адчуваць, што яна твая, - зазначае мастак. - Я ніколі не дару такую работу чалавеку, які павярхоўна да яе адносіцца. Напрыклад, калі работа інтануе пад шпалеры ў яго пакоі”.

 “Я адчуваю, што горад – гэта не маё, гэта не мая энергетыка”

Многія лічаць, што ў правінцыі людзі маюць нашмат менш магчымасцей для самарэалізацыі, чым у сталіцы. Што некаторым правінцыялам самім нечага не хапае, каб “дацягнуцца” да вялікага горада. Мой субяседнік жыве больш за трыццаць гадоў у Вілейцы. Кожная яго персанальная выстава – гэта як “наш адказ Чэмберлену”, дакладней, вельмі варты адказ сталіцы. І не толькі. Бо такія выставы ў Эдуарда Мацюшонка праходзяць рэгулярна, пачынаючы з 1986 года, у тым ліку і па-за межамі Беларусі.

Сталіца ніколі не была самамэтай мастака. “У свой час, калі я заканчваў педінстытут, мяне настойліва пакідалі ў Віцебску выкладаць у ВНУ. Але я не пагадзіўся. Для мяне нават Вілейка вялікаватая, – прызнаецца майстра. – У кожнага чалавека ёсць момант, калі ён адчувае: зямля і ён – і не павінна быць ніякай заслонкі. Калі я станаўлюся нагамі на зямлю, адчуваю яе энергію. У гэты час з’яўляюся тым чалавекам, цераз якога – космас да зямлі, а зямля да космасу.   

Найбольш люблю сваю малую радзіму – Глыбоччыну, родную вёску Мнюта. Мне там цудоўна. Я магу хадзіць басанож, купацца ў возеры ноччу – калі ты плывеш і бачыш, як зоркі адлюстроўваюцца ў вадзе, ты цалкам – у космасе. Я павінен выязджаць у вёску, каб атрымоўваць гэту энергетыку”.

IMG_1446.JPG

“Сваіх выхаванцаў вучу не маляваць, а дапамагаю адчуць сябе, адкрыць сваю душу, сваё “Я”

Мой суразмоўца ўпэўнены: калі чалавек не адчувае сябе, ён не мастак, а ў лепшым выпадку – рамеснік. Не павінен над чалавекам стаяць іншы, хто будзе гаварыць: “Ты не так малюеш”. Настаўнік – не той, хто шукае памылкі ў маляванні, а той, хто дапамагае выявіць і развіць творчы патэнцыял дзіцяці. Інакш – не вырасце мастак, мастаком будзе той, волю каго выконвае дзіця.

Эдуард Уладзіміравіч працуе настаўнікам выяўленчага мастацтва ў гімназіі №1 “Логас”. З 1984 года ў Вілейцы адкрылася  гарадская студыя выяўленчага мастацтва, якой увесь час кіруе Эдуард Мацюшонак. У 1999 – і ў гімназіі пачала працаваць студыя выяўленчага мастацтва “Вясёлка”, якая на працягу апошніх дзесяці гадоў з’яўляецца ўзорнай. Ёй кіруе Эдуард Уладзіміравіч разам з жонкай Аленай Іванаўнай.

Каля 150 вучняў майго субяседніка сталі мастакамі, дызайнерамі, архітэктарамі. “Яны прыходзяць да мяне ў студыю, прыводзяць сваіх дзетак. У нас кіпіць самавар, мы п’ем гарбату, размаўляем пра мастацтва. Часам я сам малюю, а яны ці мае вучні назіраюць за працэсам. Гэта важна – бачыць усю творчую кухню. Так павінен выхоўвацца мастак, у яго мусіць быць асяродак для развіцця”, – перакананы Эдуард Уладзіміравіч.

IMG_1531.JPG

“У кожнага творчага чалавека павінна быць свая прастора”

“Мудрасць маёй жонкі – найперш у тым, што яна ўспрымае мяне як мастака, у якога ёсць права на асабістую прастору, дзе ён жыве сам, там больш нікога не павінна быць. У гэтай прасторы ствараецца мастацтва”, - робіць важны акцэнт мой суразмоўца.

Дарэчы, сын мастака стаў архітэктарам, а дачка – дызайнерам. Такая вось творчая сямейная дынастыя.

IMG_1487.JPG

“Кожны міг, як і Душа, непаўторны. Беражы яго”

Гэтыя словы маэстра – яго крэда. І гучаць яны як настаўленне ці парада вучням, як запавет нашчадкам.

IMG_1488.JPG

Падчас выставы Людміла Кухарэвіч, якая прыехала ў Смаргонь з Варнянаў, адзначыла: “Наша душа павінна ўвесь час вучыцца духоўнасці, інакш мы не будзем людзьмі на гэтай зямлі, мы яе не захаваем. Дзякуй Вам, Эдуард Уладзіміравіч, за навуку духоўнасці.

… Калі знаёмлюся з Вашымі новымі карцінамі, я ўвесь час пераконваюся, што Вы – пэндзлік у Божых руках. Усе работы – гэта вялікі космас, у якім мы, прысутныя,  сёння пабывалі і вярнуліся на зямлю, а зямля ў нас – адна”. 

IMG_1502.JPG

IMG_1517.JPG

Выстава Эдуарда Мацюшонка ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі будзе працаваць да 4 мая.


Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.