У бібліятэцы №3 прайшла прэзентацыя кнігі “Самародкі”

 

У бібліятэцы №3 прайшла прэзентацыя кнігі “Самародкі”

Культура
29.06.2021
3277

Каб упэўнена сябе адчуваць на роднай зямлі, трэба мець моцныя карані. Карані – гэта родная мова, гісторыя, культура, памяць, адным словам, скарб, які пакінулі продкі.

Па драбніцах збірала журналістка газеты “Светлы шлях” Галіна Антонава тое, што пачынае адыходзіць у нябыт, што аслабляе каранёвую сістэму народа.

книга.jpg

“Спачатку гэта былі матэрыялы для газеты пад рубрыкай “З крыніц народных, жыватворных, - кажа Галіна Францішкаўна, - але з цягам часу назапасіўся багаты гістарычны архіў, які выклікаў цікавасць сярод чытачоў. І мне захацелася сабраныя матэрыялы размясціць пад адну вокладку і выдаць кнігу “Самародкі”.

25 чэрвеня Смаргонская раённая бібліятэка ў літаратурна-музычнай гасцёўні “Сустрэчы” правяла прэзентацыю гэтай кнігі. Мерапрыемства працяглы час адкладвалі з-за пандэміі каранавірусу.

IMG_4767.JPG

Перад прысутнымі зноў паўстала цэлая галерэя народных вобразаў – самабытных музыкаў, мастачкі, вясельнай паварыхі, абараначніцы, майстра музычных інструментаў, вышывальшчыцы, лозапляцельшчыкаў, краўчыхі, фатографа. Усе гэтыя людзі не мелі спецыяльнай адукацыі, але ў сваёй прафесіі былі сапраўднымі “профі”.

Большасць герояў кнігі няма ў жывых. Самабытныя музыкі Пётр Драгун з Гараняў і Генрых Бярнат з Кушлянаў памерлі  не так даўно. Галіна Антонава паспела з імі сустрэцца і запісаць іх жыццёвыя гісторыі.

IMG_4760.JPG

На прэзентацыі прысутнічалі вышывальшчыца Зоф’я Войтка і самабытная музыкантка Ірэна Шэміс – найбольш маладыя героі кнігі “Самародкі”. Зоф’я цудоўна вышывае ручнікі, а Ірэна – не толькі музыка-самавучка, але і кампазітар, мае свой канал на Ютубе і 2,6 тысячы падпісчыкаў.

IMG_4737.JPG

IMG_4803.JPG

IMG_4811.JPG

IMG_4798.JPG

Да выступленняў далучылася і выхавальніца беларускамоўнай групы садка №8 Эдзіта Бранцэвіч, якая добра ведае беларускія традыцыі і абрады, захапляецца народнымі танцамі і музыкай. Прысутным Эдзіта Браніславаўна расказала, як збірае народную спадчыну і як дзеліцца ёю з маленькімі выхаванцамі.

IMG_4777.JPG

Заключным акордам імпрэзы стала выступленне смаргонскай паэткі Веры Вайцюль, якая прачытала свой верш “Прастора вобразаў”.

IMG_4807.JPG

Дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Святлана Афанасьева падзякавала Галіну Антонаву за яе творчасць, уручыла кветкавую кампазіцыю. Аўтар кнігі перадала ў бібліятэкі горада дзве кнігі “Самародкі”. Адна з іх будзе захоўвацца ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, другая – у бібліятэцы №3 (у Заходнім мікрараёне), дзе праходзіла імпрэза.

IMG_4740.JPG

Арганізатары прэзентацыі падрыхтавалі для выступоўцаў васількі – сімвал сінявокай Беларусі. І ў зале запанаваў васільковы настрой…

IMG_4813.JPG

IMG_4821.JPG

Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ.

Фота Галіны АНТОНАВАЙ і Юліі ЛЯНКЕВІЧ.