“Добрыя людзі, з вамі так лёгка” – канцэртная праграма Сінькоўскага Дома культуры

 

“Добрыя людзі, з вамі так лёгка” – канцэртная праграма Сінькоўскага Дома культуры

Культура
02.03.2021
6200
Нядаўна з канцэртнай праграмай “Добрыя людзі, з вамі так лёгка” выступілі сінькоўскія самадзейныя артысты ў раённым аглядзе-конкурсе па ўсіх відах і жанрах самадзейнай мастацкай творчасці, які праходзіць пад назвай “Распахнем акенца творчасці”.

i (1).jpg

Распачаўся канцэрт песняй аб услаўленні Прынёманскага краю. Вядучая адзначыла, што падмурак народа – продкі, бацькі і дзяды. Ад іх нам засталіся гоні і шляхі, на якіх сляды ад мінулых гадоў да сягоння.

Затым на сцэну выйшла жанчына з кошыкам і звярнулася да дзетак, каб яны дапамаглі ёй распавесці казку пра маленькага баранчыка, які не хацеў працаваць, не назапашваў корм на зіму. Затым дзеці ігралі ролі гаспадара і гаспадыні, шэрага ваўка, які ўсё ж такі з’еў баранчыка, што бадзяўся зімою ў пошуках ежы. Сцэнка наводзіць на роздум аб тым, што трэба працаваць, каб не галадаць.

У працяг гэтай тэмы была выканана песня “Вецеер вее, сонца грэе, жыта палавее. Маладая дзяўчыначка працаваць не ўмее”… А далей быў расповед пра тое, што і праца не робіца без добрых людзей. Добрыя людзі дапамагаюць і падтрымліваюць. Не дарэмна ж кажуць: “Моцны статак чарадою, а людзі – грамадою”.

i (3).jpg

Потым гаворка пайшла пра песні, якія спявалі нашы бабулі і прабабулі, пра тое, што ні край, то звычай, што ні старана, то навіна. І на гэты конт ёсць трывалы выраз: “Няма смачнейшай вадзіцы, чым з роднай крыніцы”.

І тут на сцэну выйшлі маленькія дзеткі і сваімі звонкімі галасамі выканалі песню пра бабулю і дзядулю, якія для іх, як і тата з мамай - самыя родныя людзі.

“Якое шчасце – бачыць свет, проста жыць і абуджацца на світанні. Глядзець, як свет лагодна спіць, як прачынаецца ён раннем. Як добра ў гэтым свеце жыць у стане радасці, спакою. Я ўсіх хачу благаславіць у міры жыць з самім з сабою” – гэтыя вершаваныя радкі неўзабаве запоўнілі невялікую, але ўтульную глядзельную залу.

І зноў песня ў выкананні дзетак пра добрыя праменьчыкі.

Потым спявалі жанчыны. Не ўсе яны работнікі культуры, але маюць прыемныя галасы. Гралі песні пра людзей, шчасце, што праблемы вырашальныя. Трэба толькі, каб з’ядналіся ўсе, каб у міры жыло чалавецтва.

На думку галоўнага спецыяліста аддзела культуры райвыканкама Марыі Клуйша, якая уваходзіла ў склад журы, менавіта канцэртная праграма сінькоўскіх артыстаў найбольш адпавядае тэматыцы гэтага года, які абвешчаны Годам адзінства. Увогуле, выступленне прыемна ўразіла. Асабліва - дзіцячае. “Дзеткі нават у люты мароз прыбягалі на рэпетыцыю, - адзначылі работнікі Сінькоўскага Дома культуры. - І ад нашага калектыву ім за гэта вялікі дзякуй”.

i (9).jpg

Марыя Канстанцінаўна пахваліла і дарослых спявачак, адзначыла, што сёлета ў іх выкананні фальклорныя песні гучалі мацней і ярчэй, чым летась. Можа, гэта звязана з тым, што песні са свайго рэгіёна. І гэта вельмі добра, калі аўтэнтычная песня гучыць так, як павінна гучаць.

Старшыня Сінькоўскага сельвыканкама Сяргей Пачыкоўскі, які быў на канцэрце ў якасці гледача, з гонарам сказаў: “Гэта нашы артысты і нам, гледачам, трэба іх падтрымліваць, каб яны развіваліся ў творчым плане і радавалі нас”.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота прадастаўлена РЦК.