Час роздуму і навяртання

 

Час роздуму і навяртання

Культура
02.12.2020
2280
У салезіянскім араторыі Святога Яна Боска на працягу года праводзяцца катэхезы для студэнтаў і працуючай моладзі. Наведванне такіх заняткаў рэлігіі - гэта магчымасць паглыблення ведаў пра касцёл, умацавання духоўнай сілы, узрастання ў веры і надзеі.

JM7qBXjKriw.jpg

Напярэдадні адвэнта, які каталіцкія вернікі распачалі ў мінулую нядзелю, катэхеза для моладзі была асабліва пранікнёнай. У ёй прыняў удзел дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі. Менавіта тэме перажывання адвэнтовага перыяду Яго Эксцэленцыя прысвяціў сустрэчу з моладдзю ў араторыі. Біскуп нагадаў, што адвэнт - гэта час радаснага чакання. У гэты перыяд касцёл заклікае вернікаў прысвяціць больш часу адносінам з Богам. Адвэнт працягваецца чатыры тыдні. Гэты час неабходна перажыць з карысцю і сур'ёзна падрыхтавацца да ўрачыстасці Божага Нараджэння, а таксама да другога прыйсця Хрыста. Варта ўдзяляць больш часу чытанню Бібліі, знаходзіць час, каб засяродзіцца на Слове Божым і зразумець тое, што Усявышні прамаўляе да нас.

1gycnOaaDEM.jpg

Падчас катэхезы біскуп Аляксандр Яшэўскі ўдзяліў увагу вобразу Марыі ў Евангеліі. Ён адзначыў, што ў Святым Пісанні Маці Божая прамаўляе ўсяго шэсць разоў і цытаты Марыі вельмі кароткія. Тым не менш, кожная яе фраза мае для нас глыбокі сэнс. Сваімі словамі Хрыстова Маці вучыць уменням слухаць і чуць, давяраць Сыну свайму адзінаму і не баяцца выконваць Яго волю.

zLMq3BlaVas.jpg

Падчас сустрэчы з біскупам прысутныя мелі магчымасць задаць Яго Эксцэленцыі пытанні. Моладзі было цікава даведацца, што сімвалізуюць пастарал, мітра і пярсцёнак біскупа. Кожны разумеў, што гэта не проста атрыбуты, якія надаюць прыгажосць і велічнасць. Біскуп Аляксандр адзначыў, што пастарал - гэта сімвал пастарскай улады, мітра - сімвал святасці. Незвычайным упрыгожваннем з'яўляецца і пярсцёнак на правай руцэ. Часта ў персцені знаходзіцца частка мошчаў Святых, таму цалаванне пярсцёнка - гэта значна больш, чым знак павагі да Яго Эксцэленцыі. Гэта - своеасаблівы рытуал экзарцызму, просьба да Бога абараніць ад злых духаў.

h9eLE2ekXsc.jpg

Напрыканцы сустрэчы біскуп Аляксандр Яшэўскі пажадаў моладзі быць сапраўднымі хрысціянамі, кожную добрую справу пачынаць з малітвы, верыць у Бога і давяраць сваё жыццё Яго міласэрнасці.

REZjuTSwzXQ.jpg

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Статьи по теме: