У Залессі адзначылі 255-гадовы юбілей Міхала Клеафаса Агінскага

 

У Залессі адзначылі 255-гадовы юбілей Міхала Клеафаса Агінскага

Культура
27.09.2020
1539

25 верасня ў Залессі адбылося свята “Вяртанне Паўночных Афін”, якое прымеркавалі да 255-гадовага юбілею Міхала Клеафаса Агінскага.

Яскравае тэатралізаванае адкрыццё свята, выступленне настаўнікаў Залескай і Сольскай школы мастацтваў  - з першых хвілін тут запанаваў святочны настрой, які не знік ні на хвіліну на працягу ўсёй імпрэзы.

Пасля публіка перакачавала да альтанкі  Амеліі, дзе музыка Алесь Лось і жаночае “ТрыА” прадставілі культурна-пазнавальную  праграму. У аранжарэі правялі  прэзентацыю выставы, на якой былі прадстаўлены работы Алеся Лася і Яўгеніі Ліс, а таксама фотаздымкі самабытных мясцовых музыкаў і батлейкі.

Для жадаючых – праводзілі экскурсію па музею-сядзібе, арганізавалі гульню-падарожжа па пейзажнаму парку 19 стагоддзя. Працавалі тэматычныя пляцоўкі, фотазоны, мясцовыя і смаргонскія майстры прадстаўлялі свае вырабы, можна было пакатацца  на карэце. Супрацоўнікі музея ўручылі падарункі аўтарам кветкавых кампазіцый, якія былі прадстаўлены на конкурс.

Напрыканцы свята аматарам тэатральнага мастацтва таксама зрабілі падарунак – прадставілі спектакль Уладзіміра Драздова “Паланэз на вяртанне” ў выкананні артыстаў Мінскага абласнога драматычнага тэатра.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.