Весткі з музея-сядзібы М. К. Агінскага: тут ажывае гісторыя

Культура
12.02.2016 11:51
1615
Падзеі юбілейнага года Міхала Клеафаса Агінскага паспрыялі нараджэнню ў супрацоўнікаў музея новых ініцыятыў. Нам хочацца, каб весткі пра нашы культурныя навіны даходзілі ў першую чаргу да нашых землякоў - жыхароў Смаргоншчыны. І не проста даходзілі, але і хвалявалі, нараджалі жаданне іх абмяркоўваць, наведвацца ў наш прыгожы палац на мерапрыемствы і...
Падзеі юбілейнага года Міхала Клеафаса Агінскага паспрыялі нараджэнню ў супрацоўнікаў музея новых ініцыятыў. Нам хочацца, каб весткі пра нашы культурныя навіны даходзілі ў першую чаргу да нашых землякоў - жыхароў Смаргоншчыны. І не проста даходзілі, але і хвалявалі, нараджалі жаданне іх абмяркоўваць, наведвацца ў наш прыгожы палац на мерапрыемствы і сумесна наталяць прагу гістарычных ведаў, самім папулярызаваць іх. Мясцовы дабрачынны фонд “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага” гатовы аказаць нам неабходную дапамогу.

Міхал Клеафас АГІНСКІ. Міхал Клеафас АГІНСКІ.


У снежні прайшло першае пасяджэнне гістарычнай гасцёўні ў музеі. Яно насіла даволі мудрагелістую назву: “Палац М. К. Агінскага ў чаканні Свят Божага Нараджэння, або Мясцовая шляхта часоў Агінскага”. Для лепшай даходлівасці прымянялася тэатра-лізацыя, дзе вядучай сустрэчы “стала” сучасніца М. К. Агінскага, пісьменніца-мемуарыстка з недалёкага ад Залесся маёнтка Дабраўляны, графіня Габрыеля Пузына (ролю якой выконваў навуковы супрацоўнік музея). Разам з дачкой гаспадара Амеліяй (Наталля Чудакоўская) яны абмеркавалі падрабязнасці жыцця ў палацы, расказалі пра візіты вядомых людзей у Дабраўляны і нават пра сваю перапіску з Адамам Міцкевічам. Амелія прадэкламавала некалькі вершаў Габрыелі Пузыны, арганізавала развучванне салоннай гульні ў фанты. Шляхта часоў Агінскага менавіта так праводзіла перадсвяточныя вечары - у размовах, гульнях, праслухванні музычных твораў. Гучала жывая фартэп’янная музыка пачатку ХІХ ст. Але найбольшай культурнай падзеяй вечара стала сустрэча са знаўцамі мясцовай шляхты – Васілём Юршам з Мінска, аўтарам нядаўна апублікаванай кнігі “Шляхта Ашмянскага павету”, і смаргонскім краязнаўцам Уладзімірам Прыхачам. Васіль Юрша расказаў пра паходжанне шляхецкага саслоўя, пра сваю працу ў беларускіх архівах і растлумачыў ролю герба ў жыцці шляхціча. Уладзімір Прыхач пракаментаваў сваю слайдавую прэзентацыю “Шляхта залескіх ваколіц”, дзякуючы якой стала нагляднай карціна памешчыцка-шляхецкага культурнага атачэння М. К. Агінскага ў Залессі.

Тадэвуш КАСЦЮШКА. Тадэвуш КАСЦЮШКА.


У сучаснай гістарычнай навуцы тэмы, якія датычаць жыцця вышэйшых саслоўяў мясцовага грамадства, вельмі мала распрацаваны, ім дасюль не ўдзялялі дастатковай увагі нашы вучоныя. Але ж менавіта са шляхты і арыстакратыі паходзіла тагачасная дзяржаўная эліта і дзеячы навукі і культуры. Пасля заканчэння сустрэчы абмеркаванне пытанняў гісторыі перакачавала ў палацавую кавярню. За кубачкам травяной гарбаты прыемна было не спяшаючыся высветліць канкрэтныя пытанні. Госці-краяведы абяцалі прыехаць яшчэ, таму што патрэбнасць ведаць і разумець уласнае мінулае не можа быць задаволена за адну кароткую сустрэчу, а патрабуе ўдумлівага ўсведамлення. Менавіта па гэтай прычыне нарадзілася мара аб’яднацца ў своеасаблівы гістарычна-культурны клуб пры нашым музеі-сядзібе. Клуб - справа бясплатная, але яна чакае ў свае шэрагі не пасіўных назіральнікаў, а патрыётаў сваёй Радзімы.

13 лютага гасцей музея-ся-дзібы чакае яшчэ адно пасяджэнне гасцёўні: “М. К. Агінскі ў паўстанні 1794 г.”. Яно прысвечана 270-й гадавіне з дня нараджэння праслаўленага кіраўніка паўстання Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі. Лёсы Агінскага і Касцюшкі перапляліся ў паўстанні, яны былі асабіста знаёмыя і паважалі адзін аднаго. Абодва пісалі музыку: паланэзы, маршы. Абодва пакінулі адметны след у нашай гісторыі. Тых, хто завітае на мерапрыемства, чакаюць яркае тэатралізаванае відовішча, жывая музыка і, вядома, абмеркаванне і чаяпіцце ў аранжарэі Агінскіх. Для ўсіх жадаючых будзе праведзена экскурсія па экспазіцыі музея. Пачатак у 13.00. Сачыце за інфармацыяй на сайце музея oginskizalesse.by.

Таццяна КЛЯШЧОНАК.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений