Маскоўскія кнігі Тані Скарынкінай

 

Маскоўскія кнігі Тані Скарынкінай

Культура
24.03.2020
1749
Сёлетні люты для пісьменніцы са Смаргоні Тані Скарынкінай аказаўся вельмі лагодным, паспяховым у квадраце. У Маскве выйшлі адразу дзве кнігі.  

IMG_9999.JPG

Таня СКАРЫНКІНА са сваімі новымі кнігамі


З вялікім задавальненнем прачытаў яе. Калі адным радком, то атрымалася гэткая кніга кніжнага чалавека пра кнігі. І не ведаў, што ў нас ёсць такія аўтары, якія настолькі цікава пішуць пра сваё глыбокае і ўнутрана змястоўнае жыццё ў глыбінцы, у дадзеным выпадку ў Смаргоні. Калі патрапіцца гэта рэч, не адкладайце ў бок, прачытайце, яна вартая таго”, - днямі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку такі пост пра кнігу Тані Скарынкінай “Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі” напісаў Андрэй Ільніцкі.

Андрэй Мікалаевіч - доктар медыцынскіх навук, прафесар, член савета Міжнароднай асацыяцыі геранталогіі і герыятрыі, член праўлення Еўрапейскага грамадства герыятрычнай медыцыны. Хоць і жыве ў Маскве, але добра ведае беларускую мову, бо нарадзіўся і вучыўся ў Полацку, пасля школы – ў Віцебскім медуініверсітэце. Актыўна цікавіцца кніжнымі навінкамі.  

Ён прачытаў кнігу Тані на беларускай мове. А літаральна месяц таму ў Маскве гэта кніга выйшла ў рускім перакладзе з крыху відазмененай назвай “Большой Чеслав Милош, маленький Элвис Пресли”. Навошта? Пісьменніца зазначыла: “Не хацела, каб у перакладзе яна выглядала, як калька з беларускай мовы”.

Да таго ж аўтарка прыдумала новы жанр сваім творам -  беларускія дакументальныя казкі. Не эсэ, як іх спачатку называлі. Напомню, што гэта кніга перакладзена на англійскую мову, надрукавана ў 2018 годзе ў Эдынбургу.

- “Большой Чеслав Милош, маленький Элвис Пресли” - пятая па ліку выдадзеная кніга і першая – у тоўстым пераплёце, - удакладняе Таня Скарынкіна. -  Калі я толькі пачала пісаць свае тэксты па-беларуску, то адразу змяшчала ў Фэйсбуку іх рускамоўны варыянт. У мяне шмат сяброў з Расіі, якія не валодаюць беларускай мовай. А пасля я сабрала ўсе гісторыі разам,  адрэдагавала, абнавіла. Па-мойму, яны палепшылі. У творах я выкарыстоўваю мясцовую “трасянку”, каб не сказіць арыгінальную гаворку суразмоўцаў, якая мне вельмі падабаецца. Магчыма, я раблю гэта несвядома – у гонар сваёй бабулі, якая таксама размаўляла “па-смаргонску”.

У рускамоўным варыянце “трасянку” я пакінула ў спрадвечным выглядзе. Як ні дзіўна, чытачам падабаюцца аповеды на “смаргонскай мове”, напэўна, з-за яе экзатычнасці.

“Гэта кніга - вельмі эмацыйнае, разумнае, захапляючае чытанне, поўнае жыцця і падзей. Аўтарскі яе голас незвычайна жывы і патрабавальны да паэтычнага зместу, які нараджаецца асаблівым, ні на што непадобным выбарам слоў” – гэта думка належыць яшчэ аднаму масквічу - Аляксандру Ілічэўскаму, чалавеку аўтарытэтнаму ў літаратурным свеце, лаўрэату прэстыжных прэмій "Русский Букер" і "Большая книга". На зваротным баку кнігі Тані Скарынкінай пазначаны гэтыя словы.  

Хочацца сказаць колькі слоў яшчэ пра адну Таніну кнігу, якая пабачыла свет у мінулым месяцы. У серыі кніг паэзіі пад нумарам 88 быў выдадзены зборнік вершаў “И все побросали ножи”, у які ўвайшлі 60 вершаў, напісаных  на працягу апошніх двух гадоў.

- Нумар кнігі аказаўся для мяне сімвалічным, - дадае паэтка. – Бо першыя чатыры гады свайго жыцця я правяла ў бабулі, у доме №88 на вуліцы Вілейскай (цяпер Камінскага).

Над афармленнем вокладкі для гэтай кнігі мне думаць не давялося, бо для ўпрыгожання папярэдніх выданняў выкарыстоўваліся мае ўласныя мастацкія фотаздымкі. Усе выданні паэтычнай серыі аднолькава аздоблены, толькі маюць розны колер. Я выбрала для сваёй кнігі жоўты – радасны, пазітыўны, апошнім часам вельмі яго палюбіла.

Прайшло не так шмат часу – а Таня паспела прэзентаваць свае новыя выданні на фестывалі інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” ў Бабруйску і ў Брэсце. На чарзе – родная Смаргонь.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.