Масленіца па-леснапалянску

 

Масленіца па-леснапалянску

Культура
02.03.2020
915
Масленіца ў КУП ДРАЦ “Лясная паляна” вельмі шматгранная. Забавы? А як жа без іх! Пачастункі? Абавязкова! Добры настрой? Несумненна! Смаргонскі мішка? А чаму б і не! Ды і не толькі мядзведзь вітае гасцей.

Дынамічныя вядучыя віншуюць прысутных з заканчэннем зімы, радуецца надыходу сонечных дзён Масленіца.Удзельнікі свята з усмешкамі назіраюць, як спяшаецца Стралец на сваім вараным скакуне сустрэць вясну ў нашай здраўніцы, Баба Яга – на мятле, а Цыганкі прыходзяць пешшу, прычым з’яўляюцца з боку лесу і парушаюць усе магчымыя правілы культуры і этыкету – порстка пералазяць праз агароджу, хаця побач ёсць весніцы.

На Масленіцу ў “Лясной паляне” кожны знойдзе сабе занятак па душы і ўмельстве: адзін выявіць свой спрыт, грацыю ды пластыку на зімняй каруселі,  другі – пакажа майстэрства дызайну ў выкладанні з рукавічак слова вясна ды яго аздабленні. Нехта будзе лоўка рухацца на снегаступах, а іншы перагоніць усіх на самакаце! Ад вясенняга авітамінозу нашых выхаванцаў засцеражэ станцыя “Вітамінная”. Тут на варце дзіцячага здароўя стаіць Баба Яга. Яна ад усёй душы дапамагае дзецям назапасіць як мага больш вітамінаў. На справе атрымліваецца наадварот, яна больш перашкаджае, але дзетвара не здаецца, навыперадкі з “памочніцай” назапашваючы эліксір жыцця.

Ногі не стаяць на месцы і просяцца ў палёт? Таму на “Танцавальную”! Тут закружаць у вясёлым карагодзе і не дадуць сумаваць Цыганкі. Можна паспрабаваць сябе ў меткасці, Стралец з задавальненнем складзе кампанію, ці прадэманстраваць вакальныя дадзеныя ў песенным конкурсе, на “Бліннай” пачаставацца румянымі, салодкімі блінцамі з маслам, запіваючы іх духмянай гарбатай. Смаргонскі мядзведзь выступае рэферы ў перацягванні канату, пераможцаў спаборніцтва ён прымае ў сваю багатырскую лігу.

На свяце абавязкова прысутнічае чучала Масленіцы, у яе торбу дзеці кладуць запісачкі з тым нядобрым, што ў іх здарылася за гэты год. Напрыканцы свята чучала спальваецца, і разам з ім сыходзяць у нябыт дзіцячыя непрыемнасці.

спальванне чучала.jpg

Станцыя Блінная.jpg

Такім чынам, Масленіца ў “Лясной паляне” – гэта заўсёды займальна, цікава, весела і смачна! 

Святлана ІЗАФАТАВА, выхавальнік КУП ДРАЦ “Лясная паляна” Смаргонскага раёна.