“Заміж персідскага ўзору…”

 

“Заміж персідскага ўзору…”

Культура
19.01.2020
2439
Любімая справа павінна прыносіць не толькі душэўную радасць, але і матэрыяльнае задавальненне. Знайсці такую справу – як іголку ў стозе сена. Вышывальшчыца Зоф’я Войтка, майстар народнай творчасці Рэспублікі Беларусь, сваю іголку знайшла. Разам з ніткамі і ўсім наборам для вышывання.

IMG_6939.JPG

Ручнік – як адкрытая кніга

Крыжык за крыжыкам – і на палатне рассыпаюцца спрадвечныя сімвалы Радзімы і сувязі з продкамі, моцнай сям’і і нараджэння дзіцяці, шчаслівай долі, здароўя і дабрабыту. Для майстрыхі Зоф’і Войткі ручнік – як адкрытая кніга. Вышываннем яна займаецца больш за трыццаць гадоў. Яшчэ з часоў вучобы ў Смаргонскай школе-інтэрнаце.

Зоф’іна настаўніца па працы Марыя Ільінічна Радзішэўская была цудоўнай рукадзельніцай, кабінет працоўнага навучання ператварыла ў сапраўдны музей народнай творчасці. І дзяўчынку вышываннем “заразіла”: кожную вольную хвіліну малая Зоф’я аддавала свайму любімаму занятку. Здаралася, нават угаворвала нянечку, каб тая дазваляла ёй вышываць ноччу.

У восьмым класе Зоф’я ўпершыню трапіла ў Маскву на выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі. Там дзяўчынцы давялося трымаць нечаканы іспыт. Прыпыніўшыся ля стэнда з работамі Зоф’і, салідныя жанчыны паміж сабой абмяркоўвалі: “Ды не дзеці гэта вышывалі… Вядома, бацькі”. Дзяўчынку гэтыя словы пакрыўдзілі: “Усе інтэрнатаўскія дзеці і рады былі б атрымаць дапамогу ад сваіх матуль, але ж большасць не бачыла іх гадамі, іншыя – не ведалі ўвогуле”.

Каб паказаць, на што здатная яе вучаніца, Марыя Ільінічна пасадзіла дзяўчынку пасярод залы, дала ёй у рукі іголку з ніткай і шматок мешкавіны, прапанавала вышыць які-небудзь узор па памяці. Зоф’я згадзілася – і з галавой акунулася ў работу. “Ачуняла” ад апладысментаў гледачоў. На яе палатне літаральна “расцвіў” чырвоны мак. А настаўніца ўпершыню заўважыла, што яе выхаванка – ляўша.

З Масквы смаргонцы прывезлі важкую ўзнагароду – крыштальную вазу і некалькі дыпломаў.

ручник1.jpg

Чароўная нітка

Пасля восьмага класа Зоф’я пайшла вучыцца на цырульніка. Марыя Радзішэўская, якая бачыла ў дзяўчыне сваю пераемніцу, расцаніла гэта як здрадніцтва. Пасля вучобы Зоф’я па спецыяльнасці працаваць не змагла – падвяло здароўе: паявілася астма.

Тры гады дзяўчына не брала ў рукі пяльцы і адчула… творчы голад. Зоф’я зноў пайшла да настаўніцы. З пакаяннем. Марыя Ільінічна дала ёй каля паўсотні незакончаных дзіцячых работ, якія трэба было дарабіць. “Я ўзяла іх і стала вышываць. Часам плакала, абуралася,  але не здавалася, - успамінае мая суразмоўца.

– Нарэшце, даказала Марыі Ільінічне, што буду вартай прадаўжальніцай яе справы. Нават у апошнія хвіліны яе жыцця паабяцала, што не кіну вышываць. Мае работы – памяць і любоў да чалавека, які пастаянна верыў у мяне і падтрымліваў. Апантана з той пары вышываю... Памятаю, калі нарадзіла другую дачку, надта стала фінансава цяжка. Часам не хапала грошай нават на хлеб. Тады вышыўка “выратавала” маю сям’ю. Я пачала вышываць ручнікі на заказ. За іх мне нядрэнна плацілі: хто – грашыма, хто – прадук-тамі”.

А пасля Зоф’я зноў вярнулася ў школу-інтэрнат – у якасці кіраўніка гуртка па вышыванні і адраджальніцы музея Марыі Радзішэўскай. На працягу шасці гадоў у гурток прыходзілі хлопчыкі не з самай лепшай рэпутацыяй. Многія дзівіліся: хуліганы – а як вышываюць!

“Кожнага з іх старалася падтрымаць, вучыла верыць у свае сілы. Я іх вельмі разумела… - зазначае Зоф’я. - Хлопцы старанна засвойвалі сакрэты майстэрства. На першай жа выставе прадалі ўсе свае вырабы. Так яны вучыліся сумленна зарабляць грошы і граматна імі распараджацца”.

Кажуць, калі ў жыцці чалавека адны дзверы зачыняюцца, адчыняюцца іншыя. Калі інтэрнат ліквідавалі, у Залессі адкрылі раённы Дом рамёстваў, і Зоф’ю запрасілі туды на работу. Падчас працы яна шмат вышывала, прайшла курсы па ткацтве паясоў. У 2008 годзе стала прызёрам свята-конкурсу вышыўкі і карункапляцення “Чароўная нітка” на “Славянскім базары” ў Віцебску (намінацыя “Адраджэнне беларускага ручніка”). Старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтваў, прафесар Яўген Сахута, які ўзначальваў журы конкурсу, пра творчасць нашай вышывальшчыцы гаварыў: “Высокі ўзровень выканання работ народнай майстрыхі нельга не заўважыць.

Зоф’я выдатна ведае традыцыі вышывання Панямоння, у аснове якіх – пераважна арнамент чырвонага колеру, размешчаны нешырокай паласой па краях ручніка. А вось тое, што яна стварае свае работы левай рукой, ніхто з журы не заўважыў. Хаця гэты факт, безумоўна, заслугоўвае ўвагі, бо гэта вельмі рэдкая з’ява”.

ручник2.jpg

“Назапашваю ўнутрануюгармонію і веды”

“Я прытрымліваюся беларускага стылю, - тлумачыць рукадзельніца. – Ад украінскага і рускага ён адрозніваецца, у першую чаргу, колерамі. На ўкраінскіх ручніках – яркая палітра колераў. Расійскія ручнікі адрозніваюцца не толькі колерам, але і памерам крыжыка, у рускіх ён вельмі дробны, а ў беларускіх – сярэдні. На беларускіх ручніках пераважаюць чырвоны (колер жыцця, свята, радасці) і чорны (колер зямлі, гора, болю, смутку). Радзей з’яўляліся сінія, зялёныя, жоўтыя элементы.

Калі раней жанчына садзілася за работу, яна не брала ў рукі схему вышыўкі, а пераносіла свой настрой на палатно – стварала такі ўзор, які адпавядае яе душэўнаму стану. Узор кожнага ручніка са сваім значэннем. На адных – сімвалы хлеба, ураджайнасці. На другіх – дажджу… Перад пачаткам работы кожная майстрыха вызначала, для чаго будзе прызначаны ручнік. Недастаткова ўзору быць проста прыгожым. Важна, каб значэнне яго элементаў не супярэчыла адно аднаму.

ручник3.jpg

ручник4.jpg

Цяпер Зоф’я вышывае па канве і льне. Тканіну набывае на Аршанскім ільнокамбінаце: яе выбар залежыць ад адмысловага пляцення ніці. “Я не люблю, каб мае вырабы пыліліся ў шафе, - усміхаецца майстрыха. - Яны не страцяць сваю каштоўнасць, але я хачу, каб вышыўку бачылі людзі. Часта дару свае работы, бо ўпэўнена: не грошы маюць значэнне, а магчымасць зрабіць прыемнае людзям. Замест матэрыяльнага я назапашваю ўнутраную гармонію і веды”.

Калі вышыўка патрабуе ад Зоф’і нямала фізічных укладанняў, то вязанне шкарпэтак для майстрыхі – своеасаблівы рэлакс. Вяжыць, а пасля іх дорыць. “Абула” ў свае шкарпэткі ўсіх пастаяльцаў (26 чалавек) аддзялення сястрынскага догляду бальніцы. І гэта не адзінкавы яе жэст дабрачыннасці.

“Пасля сарака гадоў жыццё толькі пачынаецца”, - Зоф’я гэта дакладна ведае. Пасля сарака яна зноў выйшла замуж, нарадзіла чацвёртае дзіця. Здаровенькую, прыгожанькую дзяўчынку. Старэйшыя дачушкі ўжо замужам, і сын ужо дарослы. У яе прафесійным жыцці таксама адбыліся зме-ны: яна стала рамеснікам, напісала бізнес-план, атрымала ад дзяржавы субсідыю для адкрыцця сваёй справы.

IMG_8166.JPG

Зоф'я з сынам і малодшай дачкой.

Некалі Зоф’я дала абяцанне стаць лепшай мамай для сваіх дзяцей. “Яны - маё самае цудоўнае ўкладанне, працяг мяне, у тым ліку і мае пераемнікі, - зазначае жанчына. - І старэйшыя дочкі, і сын добра вышываюць. Малодшай толькі чатыры годзікі – спадзяюся, у яе ўсё наперадзе…

Асноўны матыў у маіх ручніках – сімвал маці. Думаеце, выпадкова?” “Невыпадкова”, - адказаў бы Зігмунд Фрэйд, нават калі б не ведаў жыццёвай гісторыі нашай гераіні.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.