Наш адказ Ів Сен Ларану

Культура
08.01.2020
Яна літаральна прыцягвае да сябе позіркі прахожых. Пяшчотная, сціплая, мілая, з прыгожымі славянскімі рысамі твару. Такі дзявочы вобраз з лёгкасцю можна знайсці ў народных казках.


IMG_6317.JPG

Дзіяна Бранцэвіч – дызайнер-мадэльер. Не хачу ўжываць слова “будучы”. Хаця можна было б. Дзіяна пакуль не дыпламаваны спецыяліст. Тым не менш яе творчая жылка працуе даволі эфектыўна. У гардэробе дзяўчыны - нямала аўтарскіх рэчаў, у якіх няцяжка разглядзець элементы этнастылю. 

“Фішкі” юнага дызайнера

Дзіяна з’явілася на свет, калі людзі адзначалі Міленіум, - 1 студзеня 2000 года. Былі ўсе спасылкі на тое, што нарадзілася незвычайнае дзіця… З малых гадоў яна любіла маляваць дзяўчынак у прыгожых сукенках. Пасля пачала лялек апранаць у  модныя рэчы, створаныя сваімі рукамі. Дзіцячае захапленне перарасло ў дарослае жаданне стаць дызайнерам-мадэльерам.

Пасля школы дзяўчына паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на факультэт “Дызайн адзення і тканіны”. І вось-вось адзначыць свой медыум ва ўніверсітэце. Дарэчы, у групе з дзесяці чалавек да трэцяга курса затрымаліся толькі шэсць. Самых улюбёных у будучую прафесію.

Нацыянальныя калекцыі сусветна вядомых куцюр’е Ів Сен Ларана, Кензо Такада, Жана-Поля Гацье сталі “фішкай” іх творчасці. Лічыцца, што адзенню з элементамі этнічнага стылю аддаюць перавагу свабодалюбівыя, арыгінальныя асобы. Яно нясе непаўторныя, рэдкія і ўзвышаныя флюіды мінулага, у якіх увасабляюцца паданні, традыцыі, рытуалы народа. 

 “Мая мама цікавіцца традыцыйнымі народнымі  танцамі, сама добра танцуе, часта бывае на этнафествалях, - зазначае Дзіяна. - І мяне да гэтай справы далучыла. Разам мы сталі вывучаць гісторыю народнага касцюма. У выніку - мінулай восенню на абрадавае свята Багач, якое ладзілася ў Вязынцы, мы паехалі ў новым убранні. Прэзентавалі поўны вілейскі строй, які стварылі самі”.

диана.jpg

Дзіяна ў вілейскім строі


Этнастыль прысутнічае і ў паўсядзённым жыцці Дзіяны. Спачатку яна пачала шыць торбы і аздабляць іх вышыўкай. Нядаўна дзяўчына даведалася пра самабытную смаргонскую мастачку Ніну Бохан, пра яе творы – і стала пераносіць сюжэты карцін на свае торбы.  У калекцыі Дзіяны пакуль тры сумкі з выявамі казачных паўлінаў і аленяў. Адна – аздоблена элементамі ткацтва, гэты від народнай творчасці  дзяўчына асвойваць пачала зусім нядаўна. 

торба.jpg

Сумка з “аленямі” мастачкі Ніны Бохан


“Для мамы я хачу зрабіць сукенку з такімі ж кветкамі, якія малявала мастачка Ніна Бохан на святочным настольніку. А сабе на зімовых канікулах буду шыць арыгінальны галаўны ўбор – своеасаблівы мікс шапкі вушанкі і каптура (народнага галаўнога ўбору) з вілейскага строю”, - дзеліцца бліжэйшымі творчымі планамі мая суразмоўца.

Практычна ўвесь гардэроб дзяўчыны складаецца з сукенак, спадніц, якія пашыла сама. Верхняе адзенне дагэтуль купляла ў магазіне, але на вясну плануе нешта эксклюзіўнае стварыць сваімі рукамі. 

Назад у мінулае?

Пакуль жа аўтар гэтых радкоў у захапленні ад сарафана, на які малады дызайнер перанесла сюжэт з аповесці Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”, і майкай з выявай герба Крыштофа Завішы.

IMG_6299.JPG

“Дзікае паляванне караля Стаха” на спадніцы


“Маё дзявочае прозвішча Завіша, - удакладняе Эдзіта Бранцэвіч, маці Дзіяны. – З дзяцінства бабуля выхоўвала мяне як шляхцянку. Да пяці гадоў са мной гаварылі толькі па-польску. Бабуля часта ўспамінала магната, рыцара Завішу Чорнага. Ён легенда Польшчы, ідэал для польскіх скаўтаў. Крыштоф Завіша жыў у 17 стагоддзі. Пісар літоўскі, стараста мінскі і браслаўскі, вялікі маршалак надворны, кашталян віленскі. Валодаў маёнткамі ў заходняй, паўночнай і цэнтральнай Беларусі. Мы не можам  дакладна сцвярджаць, што ён мае дачыненне да нашага радаводу. Але думаць пра гэта прыемна”.

IMG_6302.JPG

Герб роду Крыштофа Завішы

майки.jpg

Пакуль жа згаданая інфармацыя – падстава для далейшага глыбокага гістарычнага даследавання. Але ніхто не забараняе выкарыстоўваць геральдыку ў якасці аздаблення на майках.

Дарэчы, Дзіяна стварае не толькі адзенне і торбы, але і ўпрыгожванні ў стылі “этна”. Дзяўчына – уладальніца ўнікальных пацеркаў, якія гарманічна завяршаюць яе вобраз.

IMG_6308.JPG

IMG_6305.JPG

бусы.jpg

Хто сказаў, што лепшыя сябры дзяўчат – гэта брыльянты? Вельмі спрэчнае сцвярджэнне, на мой погляд. Каб выглядаць шыкоўна, не абавязкова насіць каштоўныя ўпрыгожванні. І Дзіяна яскрава гэта пацвярджае.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з архіва Дзіяны БРАНЦЭВІЧ. 


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений