Мастацка-літаратурны дэсант высадзіўся ў Жодзішках

Культура
24.05.2019 09:24
1405
“Нальшчанскія сустрэчы” сабралі на аграсядзібе “Вялес” мастакоў і паэтаў з Мінска, Маладзечна, Заслаўя, Вілейкі і Навагрудка. Амаль на тыдзень мастацка-літаратурны пленэр аб’яднаў майстроў слова і пэндзля.

“Нальшчанскія сустрэчы” адбыліся дзякуючы фундатарам праекта – ураджэнцу Жодзішак, прадпрымальніку Францішку Жылку і гаспадару аграсядзібы “Вялес” Алегу Мізулу пры ўдзеле Маладзечанскага дабрачыннага фонду “Спадчына М. К. Агінскага”, - удакладніла мастачка Галіна Бяганская. – Гэта другі пленэр мастакоў у Жодзішках. Першы быў трыццаць гадоў таму, і ў ім удзельнічалі студэнты акадэміі мастацтваў. А цяпер удзельнічаюць не толькі вядомыя мастакі, але і паэты. Днямі тут выступалі Антаніна Хатэнка, Людміла Паўлюкова-Хейдэрава і Марыя Шабанец, барды Алесь Камоцкі і Алег Мізула, Мікола Котаў, мастацкі кіраўнік тэатра фальклору “Матуліна хата”.

Для ўдзельнікаў пленэру арганізавалі экскурсіі па гістарычных мясцінах Жодзішак: музей-млын, езуіцкі кляштар, касцёл Святой Троіцы, пабывалі ў Дабраўлянах і Дубку, на месцах Першай сусветнай вайны… Госці дзівіліся, наколькі багаты гістарычна жодзішкаўскі край і які ён маляўнічы. Кожны мастак адкрыў для сябе свае Жодзішкі і занатаваў гэта на палатне ці паперы.

Плённа папрацаваў Анатоль Бяляўскі (дарэчы, мастак родам з Вішнева) – напісаў цыкл твораў на тэму гістарычных помнікаў жодзішкаўскага асяроддзя, а таксама адлюстраваў краявіды ўрочышча Ціхія лугі на беразе Віліі.

Прафесара акадэміі мастацтваў Віктара Нямцова называюць “галоўным млынаром краіны”, бо менавіта млыны часта можна ўбачыць на яго работах. Ён нават арганізоўваў выставы карцін з выявамі гэтых гаспадарчых пабудоў. Жодзішкаўскі млын – яшчэ адзін у калекцыю мастака.

IMG_5700.JPG

Віктар НЯМЦОЎ


У Віктара Барабанцава свой млын, больш гістарычны, такі, які быў “за панскім часам”. Сярод іншых твораў прыцягнуў увагу партрэт мужчыны. Аказалася, Віктар Барабанцаў напісаў партрэт Вацлава Гражуля, адзінага цяпер у Жодзішках ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.

Адзін з лепшых беларускіх графікаў Віктар Мікіта стварыў графічныя партрэты мясцовых жыхароў і занатаваў стары бровар.

Вялейскі мастак Эдуард Мацюшонак таксама любіць паказаць на палатне гістарычную эпоху. На гэты раз яго зацікавіла капліца Святога Францішка, што стаіць на малой радзіме Францішка Жылкі. На палотнах Кастуся Качана з Навагрудка і мінчаніна Алеся Сушы квітнеючыя сады, ставок каля млына. Галіна Бяганская натхнілася дабраўлянскімі краявідамі і перанесла іх на паперу.

IMG_5723.JPG

Ода мясцінам ад Галіны БЯГАНСКАЙ


“У мяне будзе цэлы цыкл твораў пра Дабраўляны. Гэта наша ода мясцінам, якія выходзяць, наш напамін, што не варта забываць свае карані”, - зазначыла мастачка. Усяго ў пленэры прынялі ўдзел восем мастакоў.

Дзявятая – Таццяна Ласка з Заслаўя. Стварае творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яе работа з лёну “Літва Нальшчанская” – Вілля, сетка, човен… - аздобіла адну са сцен аграсядзібы. І як лагічнае прадаўжэнне – упрыгожванне на акно, пры вырабе якога майстрыха выкарыстала старадаўнія рэчы, якія знайшлі ў Жодзішках і паблізу іх, - шалгуны, ключы, замочак 18 стагоддзя… Усё гэта гарманічна ўплецена ў работу і нават напамінае Ружанец.

У касцёле Святой Троіцы 17 мая ўрачыста адкрылі выставу работ мастакоў. Працаваць яна будзе да 28 мая. Кожны мастак стварыў у Жодзішках свой мастацкі твор, пісьменнікі - вершы, плюс фотаздымкі жодзішкаўскага краю - усё гэта плануецца сабраць пад адну вокладку і выдаць зборнік.

Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений