“Ван Гог”, які нарадзіўся пад Смаргонню

 

“Ван Гог”, які нарадзіўся пад Смаргонню

Галина АНТОНОВА
09.04.2021
1285
Ісаак Іткінд – Ван Гог у скульптуры. І гэта не перабольшванне, а пэўны  гонар. Асабліва для смаргонцаў. Будучы скульптар нарадзіўся 9 красавіка 1871 года ў вёсцы Дзікарка, што знаходзілася паблізу Смаргоні, у сям’і равіна. На Смаргоншчыне Ісаак правёў дзяцінства і юнацтва. Бацька меў надзею, што і сын пойдзе яго шляхам, але лёс падрыхтаваў яму іншы накірунак. Ісаак Іткінд стаў вядомым яўрэйскім скульптарам, заслужаным дзеячам мастацтваў Казахскай ССР, членам Саюза мастакоў СССР.

иткинд 1.jpg

Ужо дарослым хлопцам ён пачаў вучыцца мастацтву ў Вільні, а потым – у  Маскве. Працаваў у друкарні пераплётчыкам. Аднойчы там убачыў кнігу пра скульптара Марка Антакольскага, захапіўся прачытаным і пачаў ляпіць сам. Вялікую дапамогу і падтрымку ў навучанні яму аказаў прафесар жывапісу Фердынанд Рушчыц.

У Маскве Ісаак Іткінд быў у ліку найбольш вядомых скульптараў. Яму прапаноўвалі з’ехаць за мяжу.У пошуках заробку і магчымасці лячэння ад сухотаў у 1924 годзе скульптар апынуўся у Крыме. У 30-х гадах Іткінд жыў у Ленінградзе. На выставе, прысвечанай 100-годдзю са дня смерці Аляксандра Пушкіна ў Эрмітажы, была прадстаўлена адна з самых вядомых работ  Іткінда “Паміраючы Пушкін”.

Многія свае работы Ісаак Якаўлевіч дарыў і прадаваў. Яны папоўнілі калекцыі брата амерыканскага прэзідэнта Рузвельта, дзяржаўнага дзеяча Францыі Лявона Блюма. Скульптура “Расія, раздзіраючая ланцугі” ў Францыі была пададзена як “Расія ў ланцугах”. Пасля гэтага скульптара прызналі шпіёнам.

У 1937 годзе Іткінд быў арыштаваны. Пасля дзевяці месяцаў допытаў, болю і страху яго саслалі ў 10-гадовую ссылку ў Казахстан. 67-гадоваму скульптару давялося пачаць жыццё з чыстага ліста.

У Казахстане з’явіліся партрэты пісьменніка Сабіта Муканава, спевака Поля Робсана, паэткі Берты фон-Зутнер, скрыпача Паганіні, серыя партрэтаў мудрых старых казахаў, лірычныя вобразы дзяўчат, дзяцей, скульптурныя кампазіцыі “Далой вайну”, “Твар фашызму”, “Асвенцым”, “Іткінд у пекле” і іншыя. За некалькі дзён да смерці майстар закончыў работу над творам “Іткінд у раі”. Ісаака Іткінда, заслужанага дзеяча мастацтваў Казахскай ССР, назвалі заснавальнікам новай тэхнікі ў драўлянай скульптуры. Незадоўга да смерці скульптар пажартаваў: “Мне 98 гадоў, хутка памру. Але і ў раі я буду працаваць: там шмат натуры і райскага дрэва”.

“Яго работы, як правіла, невялікія па памеры, выкананы ў прыгожым матэрыяле – дрэве. Гэта надае твору своеасаблівую цеплыню і таямнічасць, - лічыць заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, скульптар Уладзімір Церабун. - Асноўныя сюжэты – кампазіцыі, партрэты як вядомых, так і простых людзей, з якімі ён быў знаёмы. У партрэтах – тонкі псіхалагізм, загадкавая ўсмешка ці душэўны боль чалавека, ці трагізм некаторых гістарычных падзей.

Ісаак Іткінд ствараў не партрэты герояў з натуры, не капіраваў натуру, а абагульняў вобраз, іншы раз парушаючы форму, як гэта робяць скульптары-аматары. Ён ведаў, што гэта робіць мэтанакіравана, для большай выразнасці твора. Да таго ж, скульптар працаваў з дрэвам. Адзін няправільны рух – і ўсё. Нічога не даклеіш. Справу трэба рабіць беспамылкова, а гэта майстэрства, якое набываецца дзесяцігоддзямі працы і перажытага жыцця.

Перабіраючы фота, мяне вельмі крануў, уразіў  здымак, дзе Іткінд у майстэрні. У ім ачуваецца цяжар працы, цяжар тых няпростых часоў, вялікая працавітасць майстра і адданасць сваёй справе. Таму пацвярджэнне – вялікая  спадчына, якую пакінуў Ісаак Іткінд нашчадкам”.

У смаргонскім музеі да нядаўняга часу не было ніводнай работы скульптара, яны захоўваюцца ў музеях Расіі і Казахстана. Па просьбе смаргонскіх супрацоўнікаў музея, з Санкт-Пецярбурга і Алма-Аты ў Смаргонь даслалі лічбавыя файлы, дзе адлюстраваны работы скульптара. Два гады таму, якраз у дзень нараджэння майстра, 9 красавіка, у гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася фотавыстава “Вядомы невядомы скульптар Ісаак Іткінд” (да 50-годдзя памяці скульптара, які памёр у 1969 годзе). На выставе было прадстаўлена 29 фотаздымкаў, якія можна было доўга разглядаць і адкрываць для сябе таленавітага земляка.

иткинд 2.jpg

На экспазіцыі прываблівала ўвагу работа яшчэ аднаго нашага земляка, скульптара Уладзіміра Церабуна, які зрабіў і прадставіў на выставе партрэт Ісаака Іткінда ў рэльефе. Уладзімір Васільевіч вельмі шмат працаваў і над арганізацыяй самой выставы.

Тады на выставе прагучала прапанова, што трэба перавесці рэльефны партрэт у бронзу, дадаць тэкст і ўсталяваць на адным з гістарычных будынкаў горада (як мемарыяльную дошку). Смаргонь павінна ведаць сваіх герояў. Зрабіць гэта ў юбілейны год Іткінда было б вельмі сімвалічна.

Галіна АНТОНАВА.