Адноўлены Індустрыяльны

Алла СТРАШИНСКАЯ
22.08.2020
482

Прыпыняю сваю машыну каля аб’явы з указаннем пашпарта аб’екта з рэквізітамі ўсіх адказных асоб. Адказных за рэканструкцыю, тэхнічны і аўтарскі нагляд. Побач з прозвішчамі тэлефоны, пазваніўшы на якія можна пачуць аргументаваны адказ на пытанне: “Дык калі ж, нарэшце адкрыецца двухбаковы рух на праспекце Індустрыяльным?”

Менавіта з такім пытаннем звяртаюцца ў рэдакцыю падпісчыкі. Чаму ў рэдакцыю? Мусіць таму, што вадзіцелі не прыпыняюцца каля шчыта з аб’явамі, а пешаходаў не вельмі хвалюе гэта пытанне. Вядома ж, я магла працаваць на “ўдалёнцы” -  пазваніць па ўказаных тэлефонах. Але захацелася бліжэй пазнаёміцца з тымі, хто тут працуе. Таму накіравалася бліжэй да тэхнічнай базы і часовага прыпынку ашмянскіх дарожнікаў.

- Ого! Цяпер мы “засвецімся” і ў смаргонскай газеце, - прыязна ўсміхаецца начальнік участка ДЭУ-57 Ігар Сцяшонак, што я ўспрымаю як дазвол фатаграфаваць аб’ект і яго асабіста.

Доўга не вагаючыся, я пачынаю пытацца пра галоўнае:

- Калі ж мы будзем ездзіць па абедзвюх палосах на праспекце Індустрыяльны?

- Як толькі рабочыя нашага ДЭУ ўстановяць дарожныя знакі, - адказвае Ігар Міхайлавіч.

- Але ж, як я бачу, тут яшчэ работы шмат. Палатно дарожнае заасфальтавана, але на абочынах столькі недаробленага. Ці вы будзеце тут працаваць пасля адкрыцця двухбаковага руху?

- Наша ДЭУ-57, як субпадрадчык, займаецца толькі ўстаноўкай дарожных знакаў. А дарогай і добраўпарадкаваннем – ДБУ-28. Вунь і прараб Барысевіч ідзе. Вы з ім пагутарыце.

Дзмітрый Барысевіч канстатуе, што на дадзены момант на участку пад нумарам 11 у межах ад хлебазавода да “Кранаспана” працуюць 15 чалавек. Асноўны аб’ём работ па рэканструкцыі праспекта выкананы. Пабудаваны новыя, з сучасных матэрыялаў навесы на аўтобусных прыпынках. Устаноўлены светлафоры.

- Згодна з праектам Т-падобнае скрыжаванне каля “Кранаспана” павінна быць пераробленым на кальцо-развілку, - кажа галоўны інжынер ДБУ-28 Пётр Гудзебскі, які далучыўся да нашай гутаркі. - Там мы яшчэ нічога не распачыналі.

З вялікім задавальненнем я праехалася па гладкаму палатну шашы, прыпынілася каля паварота на вёску Святляны, дзе дарожнікі толькі што ўстанавілі новы ўказальнік, сфатаграфавала для гісторыі гэты момант і, развярнуўшыся каля паварота на САЗ, вярнулася назад па той жа левай паласе. Спадзяюся, што хутка буду ездзіць па правай.

IMG_1876.JPG

IMG_1887.JPG

IMG_1905.JPG

IMG_1918.JPG

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.

 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!