Сельскі сход па пытаннях папярэджання надзвычайных сітуацый і гібелі людзей прайшоў ў вёсцы Валэйкавічы Смаргонскага раёна

Служба 101
02.02.2018 08:59
2111
Напрыканцы мінулага тыдня на тэрыторыі Сольскага сельсавета быў праведзены шырокамаштабны сельскі сход па пытаннях папярэджання надзвычайных сітуацый і гібелі людзей на іх. Месцам правядзення сходу быў абраны сельскі Дом культуры ў вёсцы Валэйкавічы.

Волейковичи_МЧС_МВД.jpg

Вяскоўцы на сходзе.


 

З уступным словам выступіў старшыня Сольскага сельвыканкама Міхаіл Мірскі. Ён адзначыў, што з мэтай папярэджання пажараў працуе аглядавая камісія, у якую ўваходзяць усе суб’екты прафілактыкі. Адпрацоўка населеных пунктаў праводзіцца згодна з графікам. Сёлета ў студзені быў правераны супрацьпажарны стан пабудоў у вёсках Жэлігова, Крапіўна, Шчопаны, Рачкяны. Спецыялісты гаргаза, энерганагляду, іншых службаў выявілі парушэнні ў прыватным жылым сектары, гаспадарам быў дадзены тэрмін на іх ухіленне.

Значную работу аглядавая камісія правяла летась. Найбольш было рэкамендацый па ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Іх набылі і прымацавалі ў жылых памяшканнях гаспадары 97 домоў, у 60 вясковых хатах гэта работа пакуль не выканана. Звяртаючыся да вяскоўцаў, якія сабраліся ў зале, Міхаіл Фёдаравіч яшчэ раз нагадаў аб тым, што трэба ўстанаўліваць у сваіх дамах аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які спрацоўвае пры з’яўленні ў памяшканні дыму. Сігнал разбудзіць нават соннага чалавека. Летась гэты прыбор прадухіліў гібель 120 беларусаў падчас пажараў. А з моманту яго выкарыстання ў нашай краіне змаглі выратавацца ад агню 2 тысячы чалавек.

Участковы інспектар міліцыі па Сольскім сельсавеце Ула-дзімір Залескі таксама гаварыў аб бяспецы. Ён прасіў вяскоўцаў быць пільнымі, звяртаць увагу на незнаёмых людзей, якія з’яўляюцца ў вёсках, бо апошнім часам развялося нямала розных ашуканцаў.

Нямала злачынстваў учыняюць п’яныя людзі. З імі праводзіцца пэўная прафілактычная работа, а яшчэ прымаюцца самыя жорсткія меры па выкараненні самагонаварэння. Летась на тэрыторыі Сольскага сельсавета толькі ўчастковы інспектар міліцыі Уладзімір Залескі выявіў 1 тону 600 літраў брагі, самагонны апарат і 160 літраў самагону, 40 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці. І сёлета, за дзень да сельскага сходу, участковаму ўдалося выйсці на след самагоншчыка ў Старой Рудні, у якога захоўваліся 950 літраў брагі і самагонны апарат. Прычым гэты чалавек паўгода таму быў пакараны за самагонаварэнне.

Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Дзяніс Рогач адзначыў, што Уладзімір Залескі даволі вопытны супрацоўнік міліцыі, хаця ўчастковым у Сольскім сельсавеце служыць крыху больш за год. Ён не адзін тут, яшчэ ёсць участковы інспектар міліцыі Юрый Саладкевіч. Камандная работа дае значны эфект. Летась колькасць злачынстваў напалову зменшылася ў параўнанні з 2016 годам. Дапамаглі ў гэтым і іншыя суб’екты прафілактыкі, якія былі задзейнічаны для стабілізацыі крымінагеннай абстаноўкі ў Сольскім сельсавеце.

Волейковичи_МЧС_МВД2.jpg

Уладзімір ЗАЛЕСКІ (злева) і Міхаіл МІРСКІ расказваюць пра бяспечную жыццядзейнасць.


 

Балон не вытрымаў падагрэву

За мінулы год у раёне адбыліся 4 пажары, адзін чалавек траўміраваны. Як адзначыў намеснік начальніка РАНС Мікалай Шыш, у адным выпадку прычынай пажару стала кароткае замыканне электраправодкі. Па трох выпадках праводзіцца праверка, устанаўліваюцца прычыны загаранняў. Увогуле, найбольш частыя з іх - парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, неасцярожнае абыходжанне з агнём, няправільная эксплуатацыя электрапрыбораў, карыстанне няспраўнымі печамі. Асноўная прычына гібелі людзей на пажарах – неасцярожнасць пры курэнні. Прычым, па статыстыцы, каля 70 працэнтаў загінуўшых былі нецвярозымі.

Мікалай Шыш звярнуў увагу на тое, што непажадана ставіць нанач на зарадку мабільныя тэлефоны, планшэты і г. д., а таксама пакідаць у разетцы зараднае прыстасаванне пасля заканчэння зарадкі гаджатаў. Пакінутыя ў рэжыме чакання тэлевізары таксама з’яўляюцца ўключанымі, і былі выпадкі, калі яны загараліся. Таму, выходзячы з дому, неабходна адключыць усе электрычныя прыборы, пакі- нуць працаваць толькі тыя з іх, уключэнне якіх на працяглы час прадугледжана тэхнічнай дакументацыяй. Напрыклад, халадзільнік. Катэгарычна не дапускаецца перагрузка электрычнай сеткі, уключэнне ў адну разетку некалькіх спажыўцоў, асабліва вялікай магутнасці. Гэта можа прывесці да аплаўлення электраправодкі і ўзнікнення кароткага замыкання.

Аб тым, што электрычная праводка з цягам часу старэе, ізаляцыя паступова страчвае свае ўласцівасці, што можа прывесці да ўзнікнення кароткага замыкання, гаварыў у сваім выступленні спецыяліст энерганагляду Сяргей Карней. Ён перасцярог вяскоўцаў ад выкарыстання імі самаробных награвальных прыбораў, асабліва зімой, некалібраваных плаўкіх уставак, так званых “жучкоў”. Гэта можа прывесці да пажару. Сяргей Віктаравіч парэкамендаваў гаспадарам домаўладанняў з мэтай бяспекі замяніць старую электраправодку на новую. Прычым манціраваць яе павінен электрык.

Дырэктар Смаргоньгаза Валянцін Мядзвецкі прывёў нядаўні няшчасны выпадак, які здарыўся ў Ашмянскім раёне. Падчас марозу мужчына вырашыў падагрэць газавы балон, каб лепш паступаў да газавай пліты звадкаваны газ. Але адбыўся выбух, гэтаму чалавеку адарвала руку і нагу, цяпер ён знаходзіцца ў сталічнай бальніцы. Таму Валянцін Іосіфавіч парэкамендаваў вяскоўцам, каб яны не чапалі газавы балон і наглядалі за тым, што варыцца на газавай пліце. Бо калі вада залье полымя і з газавай гарэлкі будзе выходзіць газ, то гэта можа прывесці да бяды.

“Медыцынскаму абслугоўванню сельскіх жыхароў пастаянна надаецца ўвага, - сказаў галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Кудзяньчук. - Мы аператыўна вырашаем пытанні, якія ўзнікаюць. Так, Сольская амбулаторыя поўнасцю ўкамплектавана медыцынскім персаналам. Там ёсць аўтамабіль, на якім можна даехаць да любой вёскі сельсавета. У Валэйкавічы ўрачы амбулаторыі прыязджаюць адзін раз на тыдзень. Калі трэба – будуць прыязджаць два разы. Я распарадзіўся, каб прывозілі лякарствы. Навошта жыхарам Валэйкавічаў ездзіць у няблізкія Солы”.

Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко звярнуў увагу на тое, што некаторыя людзі не рупяцца самі, каб ухіліць нейкія недахопы, спадзяюцца на іншых, калі пытанні тычацца замены электраправодкі, рамонту печаў і г. д. “Таму і мэта нашага прыезду – расказаць, як павінна быць. Не хочацца вас палохаць, але здараюцца страшныя выпадкі – людзі гінуць у агні, тонуць у вадзе. А самае каштоўнае ў чалавека – жыццё”.

Генадзь Паўлавіч адзначыў, што з-за п’яніц пакутуюць іншыя людзі. Летась былі ўчынены 47 злачынстваў супраць састарэлых людзей. Распускалі рукі ў асноўным іх дзеці-выпівохі. Адзін аматар выпіць пабіў сваю састарэлую маці, і яна памерла ў бальніцы.

Аб выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч, а з заключным словам на пашыраным сельскім сходзе выступіў старшыня Сольскага сельвыканкама Міхаіл Мірскі.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара. 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений