Аператыўны канал: інфармацыя Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта

Происшествия
12.03.2018 11:35
У кафэ “Каўчэг” адпачывалі маладыя людзі, у тым ліку  работнікі  “Белагратэрмінала” і “Кранаспана”, грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Яны на гэтых прадпрыемствах манціруюць тэхналагічнае абсталяванне. А што рабіць у вольны час?
кулак.jpg

Грошай, напэўна, хапае, таму і кучкуюцца расіяне ў мясцовых піцейных установах. І вось двое з іх паканфліктавалі з-за дзяўчыны. Аднаму маладому чалавеку не спадабаліся паводзіны другога. Абмен нецэнзурнымі словамі, удар у твар, рассечаная губа. На гэтым канфлікт і закончыўся. Але ненадоўга. Неўзабаве пакрыўджаны выклікаў свайго крыўдзіцеля ў фае, і калі той выходзіў, у гэты час нечакана нанёс яму моцны ўдар. Пацярпелы не ўтрымаўся на нагах, можа, яшчэ і з-за таго, што быў нападпітку, упаў і ўдарыўся патыліцай аб невялікі парог, атрымаў пералом патылічнай косткі. Цяпер ён знаходзіцца ў рэанімацыі, без прытомнасці.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі падазронага ва ўчыненні злачынства расіяніна. Яго дзеянні кваліфікуюцца, як прычыненне цяжкіх цялесных траўм па неасцярожнасці.

З Расіі ў Смаргонь прыязджала маці пацярпелага, напісала заяву аб прыцягненні да адказнасці вінаватага ў траўміраванні яе сына.

*       *       *

Мясцовы жыхар па дагавору працаваў прадстаўніком прыватнай фірмы з Гродна, якая займаецца вырабам і мантажом пластыкавых вокнаў. Праз нейкі час было ўстаноўлена, што на працягу 2017 года, маючы права на заключэнне дагавораў, ён выязджаў да кліентаў, замяраў аконныя праёмы, браў у гаспадароў кватэр і  дамоў грошы ў якасці папярэдняй аплаты. Але яны не траплялі ў фірму, бо мужчына траціў іх на свае патрэбы. У прыватнасці, ён рабіў стаўкі на таталізатары ў букмекерскіх канторах. Такім чынам зрасходаваў усе грошы. Даволі немалая сума запазычанасці ўтварылася перад фірмай.

І калі ў бухгалтэрыі прыватнага прадпрыемства заўважылі, што працяглы час ад смаргонскага прадстаўніка не паступаюць фінансавыя сродкі, то адразу ж была праведзена праверка. Спецыялісты ўстанававілі, што смаргонец заключыў каля 100 дагавораў па вырабе і ўстаноўцы пластыкавых вокнаў -  прыняў грошы амаль ад 60 чалавек у нашым раёне,  ад чалавек 20 – у Ашмянкім і прыкладна ад такой жа колькасці людзей - у Астравецкім.

За ўчыненае злачынства законам прадугледжана даволі суровае пакаранне  – да 7 гадоў пазбаўлення волі.

*       *       *

У Смаргоні па вул. Багушэвіча ёсць на прыватнай дваровай тэрыторыі дрэваапрацоўчы цэх. Раней ён пацаваў,  але ўжо нейкі час прастойвае, бо ўладальнік гэтага цэха па стану здароўя не можа займацца дрэваапрацоўкай.

Паколькі ў цэху засталося тэхналагічнае абсталяванне, то мясцовыя асобы асацяльных паводзін перыядычна залазілі ў гэты цэх і кралі электрычную праводку і электрарухавікі, метал здавалі ў мясцовую нарыхтоўчую кантору. 

Зладзеі залазілі ў цэх час ад часу, калі ўзнікала неабходнасць выпіць і не было грошай. У чарговы раз на “аперацыю” пайшлі трое п’янтосаў. У гэты час непадалёку праходзіў сваяк уладальніка дрэваапрацоўчага цэха. Ён заўважыў няладнае і патэлефанаваў у міліцыю. Праваахоўнікі затрымалі зладзеяў з доказамі злачынства – электрычнай праводкай.  

*       *       *

Узбуджаны дзве крымінальныя справы супраць двух жыхароў раёна за парушэнне прэвентыўнага нагляду. Гэтыя асобы на працягу паўгода дапусцілі больш за два правапарушэнні, за якія заканадаўствам прадугледжана крымінальная адказнасць. Раней судзімыя мужчыны парушалі грамадскі парадак, хаця за імі супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі перыядычны кантроль з мэтай недапушчэння  цяжкіх злачынстваў.

Інфармацыю раённага аддзела Следчага камітэта падрыхтаваў да друку Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений