Аператыўны канал: інфармацыя Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта

Вечарам з-за рэўнасці мужчына падчас чарговай сваркі пабіў жанчыну, а раніцай наступнага дня, калі прадоўжылася сварка, не стрымаўся і пырнуў ёй нажом у грудзі. Адно нажавое раненне, але і яго было дастаткова для таго, каб наступіла смерць.
На працягу двух сутак дачка і зяць загінуўшай тэлефанавалі, але маці і цешча не выходзіла на сувязь. Тады зяць вечарам прыехаў на хутар і ўбачыў, што жанчына ляжыць на ложку, накрытая коўдрай, з яе носу цячэ кроў.
Пры аглядзе трупа эксперт выявіў у левай палове грудзей колата-рэзаную рану. Як потым было ўстаноўлена, раненне аказалася пранікаючым у грудную клетку, лязом нажа пашкоджана сэрца.
* * *
Двое жыхароў Смаргоні, знаходзячыся па месцы жыхарства аднаго з іх, распівалі спіртныя напіткі. Калі слабейшага мужчыну змарыў сон ад празмерна выпітага спіртнога, яго сабутэльнік выцягнуў з кішэні чужой курткі грошы, якія патраціў на набыццё спіртных напіткаў. Гэта здарылася ў аграгарадку Залессе.
* * *
Смаргонец учыніў злачынствы на тэрыторыі Маладзечанскага раёна і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Цяпер ён знаходзіцца пад вартай, з ім працуюць маладзечанскія следчыя.
Падчас следчых дзеянняў было ўстаноўлена, што затрыманы жыхар нашага горада ў 2015 годзе знаходзіўся ў гаражы знаёмага. Калі ўладальнік пабудовы адлучыўся, мужчына ўбачыў чамадан з наборам розных інструментаў і ўкраў яго. Потым інструменты прадаў, а грошы прапіў.
* * *
Крымінальная справа была ўзбуджана па факце знікнення смаргонца ў Санкт-Пецярбургу. Мужчыну знайшлі, ён прыехаў дамоў і паведаміў, што не мог па пэўных прычынах паведаміць аб сваёй затрымцы, што супраць яго ў Расіі не было ўчынена ніякіх супрацьпраўных дзеянняў. Мужчына папрасіў родных, каб яго больш не шукалі і пачаў збірацца на заробкі ў Санкт-Пецярбург.
* * *
У вёсцы Лазоўка ноччу прапала электрычнае святло. На наступны дзень таксама не было электрычнасці. Людзі падумалі, што, можа, адбыліся нейкія пашкоджанні на лініі з-за моцнага ветру, патэлефанавалі ў аварыйную службу РЭСа. Адтуль прыехалі спецыялісты і пачалі шукаць пашкоджанні. Неўзабаве яны ўбачылі, што няма паўтара кіламетра алюмініевага провада. Ноччу нехта адключыў падстанцыю і абрэзаў яго.
* * *
На мінулым тыдні са склада філіяла “Смаргоньсілікатабетон” прапаў каляровы метал. Напярэдадні кра-дзяжу на склад прывезлі бронзавыя ўтулкі. Там яшчэ захоўваўся лом каляровага металу, усяго каля 300 кг. Сума матэрыяльнага ўрону склала каля 5 тысяч рублёў.
Супрацоўнікі міліцыі ўстанаўліваюць асобы зладзеяў.
Інфармацыю раённага аддзела Следчага камітэта падрыхтаваў да друку Юрый ЯНУШКЕВІЧ.