Аператыўны канал: інфармацыя Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта

Происшествия
02.02.2018 14:10
У Смаргоні з пад’езда шматкватэрнага дома нехта ўкраў інвалідную каляску. Спачатку супрацоўнікі праваахоўных органаў падумалі, што гэта дзіцячае свавольства, дзеці пакаталіся на інваліднай калясцы і потым дзе-небудзь пакінулі яе. Аднак у размешчаных паблізу дамах і дварах не быў знойдзены транспартны сродак для перамяшчэння чалавека з абмежаванымі магчымасцямі.
rovd_miliciya_smorgon.jpg

Раней былі выпадкі, калі ў нашым горадзе зладзеі кралі веласіпеды, дзіцячыя каляскі з пад’ездаў. Але каб украсці ў інваліда каляску - трэба не мець нічога чалавечага ў душы.

*       *       *

Дзіця выпала з дзіцячага ложка і ўдарылася галавою аб падлогу. Урачы зафіксавалі ў яго чэрапна-мазгавую траўму. Па іх меркаванні, малому нічога не пагражае, але невядома, як паўплавае падзенне з вышыні на яго здароўе ў далейшым.

Дзіця знаходзілася пад наглядам бацькі.  Ён адхіліўся, каб узяць адзенне і пераапрануць карапуза. Некалькі хвілін хапіла для няшчаснага выпадку.

Старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узяў на кантроль усе выпадкі, якія звязаны з траўміраваннем дзяцей, асабліва малалетніх. Таму следчыя пастаянна выязджаюць на здарэнні, у якіх пацярпелі непаўналетнія, высвятляюць сітуацыю ў сям’ях, устанаўліваюць, ці знаходзіцца сям’я ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Калі так, то інфармацыя паступае ў камісію аб справах непаўналетніх, іншыя адпаведныя службы, каб яны надалі павышаную ўвагу нядобранадзейнай сям’і і ў выпадку пагаршэння сітуацыі забралі  з яе дзіця.

Трэба адзначыць, што мясцовая сям’я, дзе адбыўся няшчасны выпадак з дзіцем, аказалася добрай.

*       *       *

Каля вёскі Мікулеўшчына былі знойдзены рэшткі лася. Шкура, галава, унутраныя органы – усё паасобку.

Следчыя ўзбудзілі крымінальную справу. Ёсць некалькі падазроных асобаў. Усе яны з’яўляюцца жыхарамі Маладзечанскага раёна.

Назначаны шэраг экспертыз, у тым ліку генатыпаскапічная экспертыза, пры дапамозе якой можна вызначыць, што шкура і мяса, якое было знойдзена ў мужчыны з гэтай кампаніі, належаць адной і той жа жывёліне. 

Ужо сабраныя доказы аб тым, што падазроныя ва ўчыненні злачынства маладзечанцы знаходзіліся  каля названай вышэй вёскі на месцы гібелі лася.

*       *       *

Мужчыны з нашай мясцовасці нярэдка выязджаюць на заробкі ў іншыя краіны. І калі працяглы час ад гэтых людзей няма ніякіх звестак, то іх родныя пачынаюць хвалявацца. Такі выпадак здарыўся нядаўна з жыхаром нашага раёна. Ён паехаў у Санкт-Пецярбург і абяцаў вярнуцца дамоў. Але родныя яго не дачакаліся.

Па факце знікнення чалавека была ўзбуджана крымінальная справа. Па запыту Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта паліцэйскія Санкт-Пецярбурга ўстанавілі месцазнаходжанне беларуса, які неўзабаве выйшаў на сувязь з роднымі.

*       *       *

Супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі дачыненне двух мясцовых падлеткаў да шэрагу крадзяжоў аўтамагнітол з аўтамабіляў, якія захоўваліся без нагляду на прыдамавых стаянках. Крадзяжы былі ўчынены летась на тэрыторыі горада.

Адзін з непаўналетніх раней трапляў у поле зроку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, разглядалася нават пытанне аб прыцягненні яго да крымінальнай адказнасці. Аднак і пасля гэтага хлопец не стаў на шлях выпраўлення, угнаў аўтамабіль. Потым было ўстаноўлена, што ён мае дачынене да крадзяжу аўтамагнітол. І цяпер следчыя будуць хадайнічаць перад пракурорам аб ізаляцыі падлетка ад грамадства.

Інфармацыю раённага аддзела Следчага камітэта падрыхтаваў да друку Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений