Аператыўны канал: інфармацыя Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта

Происшествия
12.10.2017 16:32
У лесе паблізу ад вёскі Асінаўшчызна знойдзены касцявыя астанкі чалавека. Калі больш дакладна, фрагмент чэрапа. Ён ляжаў у парослай травой і засыпанай лісцем траншэі, якую пакінулі “чорныя капальнікі”.
rovd_miliciya_smorgon.jpg

Справа ў тым, што калісьці непадалёку была вайсковая часць, стаялі лакатары. Таму аматары каляровых металаў і разрылі там зямлю.

Якім чынам трапіў чэрап у траншэю, дзе ён знаходзіўся раней – пакуль невядома. Не ўстаноўлена, каму ён належаў.

*      *       *

Глынуць моцнага напою і сесці за руль транспартнага сродку часцей за ўсё імкнуцца мужчыны. Аднак не адышлі далёка ад іх і некаторыя прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва.

Так, нядаўна адну сімпатычную асобу супрацоўнікі ДАІ спынілі ў Смаргоні. Прычым за рулём аўтамабіля і, як высветлілася, другі раз на працягу года. Сустрэча адбылася на перакрыжаванні вуліц Леніна і Гагарына.

Аматарку ездзіць “пад градусам” чакаюць вялікія непрыемнасці.

*      *       *

Жыхар горада Мінска быў затрыманы на пустэчы паблізу аграгарадка Ракаўцы. У мужчыны былі адабраны фрагменты травяністай расліны.

Згодна з заключэннем хімічнай экспертызы, “зелле” з’яўляецца не чым іншым, як макавай саломкай - небяспечным наркатычным сродкам.

*      *       *

У аддзяленні ААБ “Беларусбанк” падчас пераліку грошай, якія былі прывезены напярэдадні інкасатарамі з Астравецкага раёна, выявілі падробленую грашовую купюру вартасцю 200 еўра.

*      *       *

Узбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу з агульнага тамбура незамкнёнага падвала ў доме, які знаходзіцца па вул. Савецкай, 87, 4 аўтамабільных шын. Іх адзін з жыльцоў дома захоўваў у падвальным памяшканні даволі працяглы час. Дзверы ў падвал то замыкаліся, то былі адчыненыя. Гэта і паспрыяла крадзяжу.

*      *       *

З лесвічнай пляцоўкі першага пад’езда дома па вул. Роўды нехта ўкраў веласіпед “Рудзідакс”. Вядома ж, ён стаяў без нагляду і чакаў, пакуль хтосьці зацікавіцца двухколавым транспартным сродкам. Як толькі з’явіўся такі чалавек, веласіпед знік з прывычнага месца.

*      *       *

Дзеці прыехалі на веласіпедах да возера, якое знаходзіцца паблізу ад вёскі Белая. Пакінуўшы свае сродкі перамяшчэння, пачалі гуляць каля вадаёма. Калі ж вярнуліся на ранейшае месца, то не ўбачылі аднаго веласіпеда. Яго нехта ўкраў. Абрадаваны злодзей з ветрыкам паімчаў далей ад возера, каб не трапіць на вочы людзям.

*      *       *

У цэнтральную раённую бальніцу быў дастаўлены работнік будаўнічага ўпраўлення, які атрымаў вытворчую траўму вока.

Мужчына рэзаў арматуру і быў траўміраваны металічным асколкам.

Цялесныя пашкоджанні вельмі сур’ёзныя, пацярпелага павезлі ў абласную бальніцу, дзе яму будзе зроблена аперацыя.

Інфармацыю раённага аддзела  Следчага камітэта падрыхтаваў да друку Юрый ЯНУШКЕВІЧ. 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений